Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Баруха 4 Кніга Баруха 4 разьдзел

1 Яна ёсць кніга прыказанняў Бога і закон, які трывае вечна. Усе, хто трымаецца яго, жыць будуць, а хто пакіне яго, паўміраюць.
2 Навярніся, Якубе, і трымайся яго; хадзі ў яснасці яго святла.
3 Не давай хвалы сваёй чужому, ані іншаму народу сваёй годнасці.
4 Шчасныя мы, о Ізраэлю, бо ведаем, што Богу падабаецца.
5 Май надзею, народзе мой, памятка Ізраэля:
6 прададзены вы былі паганам не на вынішчэнне, але за тое, што ўгнявілі Бога, аддадзены вы былі праціўнікам.
7 І гнявілі бо Творцу Свайго ахвярамі, складзенымі ліхім духам, а не Богу.
8 Забыліся ж вы пра Бога, Які вас пасвіць, Бога вечнага, замаркоцілі таксама Ерузалім, які вас выгадаваў.
9 Убачыў бо апаноўваючы вас гнеў Божы і сказаў: «Слухайце, суседзі Сіёна: Бог засмуціў мяне дужа.
10 Бачу бо няволю сваіх сыноў і дачок, якую ім спаслаў Спрадвечны.
11 Бо выкарміў іх з прыемнасцю, а адпусціў іх з плачам і смуткам.
12 Хай ніхто не смяецца з мяне, удаўца, пакінутага многімі; пакінуты я дзеля грахоў сыноў маіх, бо адхіліліся ад закону Божага.
13 Апраўданняў жа Яго не пазналі, і не хадзілі па дарогах прыказанняў Божых, і не выйшлі на сцежкі настаўлення ў справядлівасці Тваёй.
14 Прыйдзіце, суседзі Сіёна, і прыпомніце няволю сыноў маіх і дачок, якую на іх спаслаў Спрадвечны.
15 Навёў бо на іх народ далёкі, народ нягодны і чужой мовы, які не паважаў старога ды не пашкадаваў дзіцяці,
16 і вывелі ўмілаваных удаўца ды пазбівалі адзіную з дачок.
17 Я ж чым магу вам дапамагчы?
18 Той бо, Хто навёў на вас ліхоцці, вырве вас з рук ворагаў вашых.
19 Ідзіце, дзеці, ідзіце; я бо, пакінуты, застаўся адзін.
20 Зняў я з сябе адзенне супакою, і апрануўся ў зрэбніцу маёй малітвы, і прызываць буду Спрадвечнага ў дні мае.
21 Майце надзею, дзеці, прызывайце Бога, і выбавіць Ён вас ад панавання і з рукі ворагаў.
22 Бо я спадзяваўся на збаўленне ваша Спрадвечным; ды пацешыў мяне Святы міласэрнасцю, якая вам прыйдзе хутка ад Спрадвечнага і Збаўцы вашага.
23 Выправіў бо я вас са смуткам і плачам, а верне мне вас Бог з радасцю і пацехай навек.
24 Бо як цяпер суседзі Сіёна ўбачылі вашу няволю, так убачаць хутка ад Бога ваша збаўленне, якое прыйдзе вам з вялікаю хвалой і яснасцю Спрадвечнага.
25 Дзеткі, цярпліва пераносьце гнеў, які ад Бога на вас прыйшоў; пераследуе цябе твой непрыяцель, але хутка ўбачыш загубу, на карак яго зыходзячую.
26 Улюбёнцы мае ішлі дарогамі цяжкімі, вялі іх, як статак, схоплены непрыяцелямі.
27 Спадзявайцеся, дзеткі, і ўсклікайце да Бога; бо Той, Хто на вас гэта напусціў, будзе помніць аб вас.
28 Бо як намерам вашым было адвярнуцца ад Бога, так, навярнуўшыся, дзесяцікратна шукайце Яго;
29 бо Той, Хто навёў на вас ліхоту, навядзе на вас вечную радасць разам са збаўленнем вашым.
30 Не падай духам, Ерузалім; суцешыць бо цябе Той, Хто даў табе імя.
31 Гора тым, што скрыўдзілі цябе і цешацца з твайго няшчасця.
32 Гора тым гарадам, якім служаць твае дзеці; гора таму гораду, што прыняў тваіх дзяцей.
33 Як бо цешыўся тваім знішчэннем ды радаваўся тваім падзеннем, так будзе засмучан сваім спусташэннем.
34 І паменшу радасць мноства, і радасць яго ў смутак зменіцца.
35 Бо Спрадвечны спашле на яго агонь на многія дні, ды надта доўгі час дэманы пражываць там будуць».
36 Ерузаліме, агляніся на Усход і пабач радасць, якая мае прыйсці да цябе ад Бога.
37 Вось, прыходзяць сыны твае, якіх выслаў, прыходзяць, сабраныя ад усходу аж да захаду, на слова Святога, цешачыся славай Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Баруха, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017