Яна 8 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
Затым Езус пайшоў на Аліўную Гару.
Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І, сеўшы, Ён вучыў іх.
А на сьвітаньні вярнуўся зноў у сьвятыню, а ўвесь народ падыйшоў да Яго, а Ён сеў і навучаў іх.
Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
Дык прывялі вучоныя і фарызэі жанчыну, злоўлену на чужалостве, паставілі яе на сярэдзіне.
кажуць Яму: «Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве.
Ды сказалі яму: "Вучыцелю, гэтую жанчыну злавілі толькі што на чужаложстве.
Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?»
Майсей у Законе загадаў нам такія каменаваць. Дык Ты што скажаш?
Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
А казалі гэта зводзячы Яго, каб маглі абвінаваціць. А Езус нахіліўшыся ў ніз нешта пальцам пісаў на зямлі.
Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе».
Калі аднак не пераставалі пытацца ў Яго падняўся і сказаў ім: "Хто з вас без граха, няхай першы кіне на яе камень".
І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
І зноў нахіліўшыся пісаў на зямлі.
Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
Пачуўшы гэта адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старэйшын ды застаўся толькі адзін Езус і жанчына стоячы на сярэдзіне.
Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: «Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?»
Падняўшыся Езус сказаў ёй: "Жанчына, дзе ж твае вінавацелі? Ніхто цябе не асудзіў?"
Яна сказала: «Ніхто, Госпадзе!» Ісус жа сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы».
Адказалі яна: "Ніхто, Госпадзе". Дык Езус сказаў: "І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы".
Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: «Я — сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця».
Затым зноў навучаў іх Езус і казаў: "Я сьвятло сьвету, хто ідзе за Мной, ня ходзіць у поцемках, але будзе мець сьвятло жыцьця".
Тады фарысэі сказалі Яму: «Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё».
Дык сказалі Яму фарызэі: "Ты Сам аб Сабе сьведчыш, сьведчанне Тваё не праўдзівае".
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
У адказ Езус сказаў ім: "Хоць Я сьведчу пра Сябе, праўдзівым ёсьць сьведчаньне Маё, бо ведаю адкуль прыйшоў і куды іду: але вы ня ведаеце, скуль прыходжу, або куды іду.
Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.
А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне.
А калі асуджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які Мяне паслаў.
І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае.
Дый у Законе вашым напісана, што сьведчаньне (даказаньне) двух людзей — верагодным ёсьць.
Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне».
Я даю Сам аб Сабе сьведчаньне і дае аба Мне Айцец, Які Мяне паслаў".
Тады сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Адказаў Ісус: «Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
Дык сказалі Яму: "А дзе ж Твой Айцец?" Адказаў Езус: "Вы ані Мяне ня знаеце, ані Айца Майго. Бо калі б вы Мяне зналі, зналі б і Айца Майго".
Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.
Гэтыя словы высказаў Езус навучаючы ў сьвятыні пры скарбцу. І ніхто не ўзяў Яго, бо яшчэ не надыйшла пара Ягоная.
Зноў жа сказаў ім Ісус: «Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце».
І зноў сказаў ім Езус: "Я адыходжу, вы жа шукаці Мяне будзеце і памрыцё ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсьці ня можаце".
Юдэі ж казалі: «Ці не заб’е Ён Сябе Сам, бо кажа: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”?»
Дык казалі Юдэі: "Ці ж меўся б забіцца, бо кажа: Куды Я іду, вы ня можаце пайсьці?"
І сказаў Ён ім: «Вы — з нізу, а Я — з вышыні; вы — з гэтага сьвету, Я — ня з гэтага сьвету.
Езус сказаў ім: "Вы — з зямлі (з нізу), а Я — з неба (з верху), вы — з гэтага сьвету, а Я не з гэтага сьвету.
Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не паверыце, што гэта Я, паўміраеце ў грахах вашых».
Дзеля таго Я вам сказаў, што памрыцё ў вашых грахах".
Тады яны сказалі Яму: «Хто ж Ты?» І сказаў ім Ісус: «Адпачатны, як і кажу вам.
Дык казалі Яму: "Хто Ты?" Сказаў ім Езус: "Я пачатак, і так вам гавару".
Шмат маю казаць пра вас і судзіць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету».
Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць, а Той, Хто Мяне паслаў, годны веры. І тое, што ад Яго чуў, вяшчу ў сьвет.
Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
І яны не зразумелі, што Бога называў Сваім Айцом.
Тады сказаў ім Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
Сказаў ім тады Езус: "Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, кім Я, ды што Сам ад Сябе нічога не раблю, але тое кажу, чаго Мяне навучыў Айцец.
І Той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму».
Той, Хто Мяне паслаў, ёсьць са Мной і не пакінуў Мяне Самога (аднаго), бо Я раблю тое, што Яму падабаецца".
Калі ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго.
Калі Ён гэта казаў, многія ўверылі ў Яго.
Тады сказаў Ісус Юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы — вучні Мае.
Гаварыў затым Езус да Юдэяў, якія Яму ўверылі: "Калі вытрываеце ў Маёй навуцы, станеціся праўдзіва Маімі вучнямі
І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».
і пазнаеце праўду, а праўда вас асвабадзіць".
Яму адказалі: «Мы — насеньне Абрагама і нікому ніколі не былі нявольнікамі. Як жа Ты кажаш: “Станецеся вольнымі”?».
Адказалі Яму: "Мы патомствам Абрагама і мы ніколі не былі ў нічыёй няволі і як жа затым кажаш, што будзем свабодныя?"
Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху.
Адказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто грашыць ёсьць нявольнікам граха.
Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна.
Але нявольнік не жыве ў доме вечна. Сын жа жыве вечна.
Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі.
Таму, калі Сын вас асвабадзіць, сапраўды свабоднымі будзеце.
Ведаю, што вы — насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас.
Ведаю, што вы патомствам Абрагама, але хочаце Мяне забіць таму, што навука Мая вам не даступная.
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага».
Я гавару пра тое, што Я відзіў у Айца Майго, а вы робіце тое, што вы відзелі ў айца вашага".
Яны адказалі і сказалі Яму: «Бацька наш — Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама.
У адказ сказалі Яму: "Айцом і бацькам нашым Абрагам". Сказаў ім Езус: "Калі вы сыны Абрагама, спаўняйце чыны Абрагама.
А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
А вы ж хочаце цяпер Мяне забіць, Мяне, чалавека, Які вам казаў праўду, якую чуў ад Бога. Гэтага Абрагам не рабіў!
Вы робіце справы бацькі вашага». Тады сказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога».
Але вы спаўняеце чыны айца вашага". Сказалі тады Яму: "Мы не дзеці народжаны ў чужаложстве: аднаго маем Айца Бога".
Ісус тады сказаў ім: «Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
Сказаў ім тады Езус: "Калі б Бог быў вашым Айцом, сапраўды, мілавалі б вы Мяне, бо Я ад Бога выйшаў, і прыходжу і ня Сам ад Сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.
Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё.
Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы ня маеце ласкі (здольнасьці) слухаць навукі Маёй.
Ваш бацька — д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён — хлус і бацька хлусьні.
Вы ад бацькі д'ябла з'яўляецеся і жаданьне бацькі вашага выконваць хочаце. Ён забойца ад пачатку, і ў праўдзе ня вытрымаў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць лгарства (лож), гаворыць ад сябе, бо ён лгун і бацькам лгарства.
А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.
А Я, калі праўду кажу, ня верыце Мне.
Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне?
Хто з вас дакажа Мне грэх? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне ня верыце?
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога».
Хто з Бога, слоў Божых слухае, а вы таму ня слухаеце, што вы не з Бога".
Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты — Самаранін і дэмана маеш?»
У адказ сказалі Яму Юдэі: "Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты самаранін і д'ябла маеш?"
Адказаў Ісус: «Я дэмана ня маю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажаеце Мяне.
Адказаў ім Езус: "Я д'ябла ня маю, але слаўлю Айца Майго, а вы Мяне зьневажаеце (зьневажылі).
Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.
Я не шукаю Сваёй славы, але ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі».
Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі хто зьберажэ навуку Маю не пазнае сьмерці павечна.
Тады сказалі Яму Юдэі: «Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе смерці на вякі.
Дык Юдэі сказалі Яму: "Цяпер мы пераканаліся, што д'ябла маеш і Абрагам памёр, і Прарокі, а Ты кажаш: "Калі хто зьберажэ навуку Маю, не пазнае сьмерці павечна".
Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?»
Ці Ты большы (важнейшы) за Бацьку (Айца) нашага Абрагама, які памёр? Нават Прарокі паўміралі. За каго Ты ўважаешся?"
Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая — нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён — Бог ваш.
Адказаў Езус: "Калі Я Сам Сябе хвалю, хвала Мая — нішто. Але ёсьць Айцец Мой, Каторы Мяне славіць, і аб Каторым вы кажаце, што Ён Бог ваш,
І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае.
але вы не пазналі Яго. Але Я Яго знаю і калі б сказаў, што Яго ня знаю, быў бы падобным вам ілгуном. Але знаю Я Яго і навуку Яго берагу.
Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
Абрагам, айцец ваш, з радасьцю чакаў дня Майго, а ўвідзеўшы ўзрадаваўся".
Тады сказалі Яму Юдэі: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
Сказалі Яму Юдэі: "Пяцьдзесят гадоў яшчэ ня маеш, а Абрагама відзеў?"
Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць».
Сказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, перш чым Абрагам быў, Я быў".
Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.
Дык Юдэі хапілі камяні, каб каменаваць Яго, але Езус скрыўся і выйшаў са сьвятыні.