Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар нябожчык, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
А ў шэсьць дзён перад Пасхай прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў памёршы Лазар, якога Езус ускрасіў.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, што ўзьлягалі з Ім.
Дык прыгатавалі Яму там вячэру, у якой Марта паслугавала, а Лазар быў адным з седзячых з Езусам пры стале.
Марыя ж, узяўшы фунт міра нардовага, чыстага і каштоўнага, памазала ногі Ісуса і выцерла валасамі сваімі ногі Ягоныя, а дом напоўніўся водарам ад міра.
Мар'я ж узяла фунт каштоўнага алейку нардовага і намасьціла ногі Яму, і абцёрла сваімі валасамі Ягоныя ногі, а пах алейку напоўніў увесь дом.
Кажа тады адзін з вучняў Ягоных, Юда Сымонаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго:
Сказаў тады адзін з вучняў Яго, Юда Іскарыёт, які меў Яго выдаць:
«Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
"Чаму гэта не прадалі гэтага алейку за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?"
Казаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей і меў каліту, і браў тое, што [туды] кідалі.
А казаў гэта не таму, што рупіўся пра ўбогіх, але што быў злодзеям ды маючы капшук, насіў тое, што там клалі.
Ісус тады сказаў: «Пакіньце яе. Яна захавала яго на дзень пахаваньня Майго,
Сказаў яму Езус: "Не дакучайце ёй, бо яна гэта зрабіла на дзень Майго пахаваньня.
бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды».
Убогіх паміж сябе заўсёды маеце, а Мяне не заўсёды".
Тады вялікі натоўп з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але і каб Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
А вялікі натоўп спаміж Юдэяў даведаўся, што там Езус ды прыйшоў не толькі дзеля Езуса, але каб убачыць Лазара, каторага ўскрасіў Ён з умершых.
А першасьвятары пастанавілі забіць і Лазара,
А архісьвятары забіць таксама Лазара,
бо дзеля яго шмат Юдэяў прыходзіла і паверыла ў Ісуса.
бо многа Юдэяў адыходзіла ад іх дзеля яго і верыла ў Езуса.
На заўтра вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуў, што Ісус прыходзіць у Ерусалім,
А назаўтра вялікая грамада, што была прыйшоўшы на сьвята, калі пачула, што Езус ідзе ў Ерузалім,
і ўзялі пальмовыя галінкі, і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Які прыходзіць у імя Госпада, Валадар Ізраіля!»
назьбірала пальмавых галінак і пераняла Езуса гамонячы: "Гозанна! Багаслаўлены, Хто прыходзіць у імя Госпада, Кароль Юдэйскі" (Пс. 112:26).
Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана:
Езус жа знайшоў восліка і сеў на яго, як напісана:
«Ня бойся, дачка Сыёну! Вось, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асьляняці».
"Не бойся дочка Сыёну! Вось жа Кароль твой прыбывае, седзячы на восьліку (асьляняці). (Зах. 9:9)
Вучні Ягоныя перш не разумелі гэтага, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўзгадалі, што гэтак было напісана пра Яго і гэтак зрабілі Яму.
Спачатку Яго вучні не зразумелі гэтага, але калі ўжо Езус быў праслаўлены, тады яны прыпомнілі сабе, што так было пра Яго напісана і што так Яму было і зроблена.
Натоўп жа, які быў з Ім, сьведчыў тады, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго з мёртвых.
Таксама і людзі, што былі з Ім, таму, што выклікаў з гробу Лазара і ўскрасіў яго з умёршых.
Таму і пераняў Яго натоўп, бо чуў, што Ён зрабіў гэты знак.
Таму вось натоўп людзей выйшаў Яму на спатканьне, бо чулі што Ён гэткі цуд учыніў.
Фарысэі ж гаварылі між сабою: «Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за Ім».
Фарызэі жа казалі паміж сабою: "Бачыце, мы нічога не зрабілі. Увесь сьвет пайшоў за Ім".
Былі ж некаторыя Грэкі сярод тых, якія прыйшлі пакланіцца на сьвята.
Між тымі, што прыбылі на сьвята, былі таксама паганы, каб пакланіцца Богу.
Яны падыйшлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам бачыць Ісуса».
Яны вось зьвярнуліся да Філіпа, што быў з Бетсаіды, з Галілеі, і прасілі яго: "Васпане, хочам пабачыць Езуса".
Філіп ідзе і кажа Андрэю; і пасьля Андрэй і Філіп кажуць Ісусу.
Дык пайшоў Філіп і сказаў Андрэю, а Андрэй і Філіп сказалі Езусу.
А Ісус адказаў ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы.
А Езус у адказ сказаў ім: "Прыйшла пара, каб праслаўлены быў Сын Чалавечы.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прыносіць шмат плоду.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пшанічнае зярнё ўкінутае ў зямлю не абамрэ,
Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
дык застаецца само, а калі абамрэ, многа прыносіць плёну. Хто любіць сваё жыцьцё, загубіць яго, а хто мае ў ненавісьці сваё жыцьцё на гэтым сьвеце, зьберажэ яго на жыцьцё вечнае.
Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і служыцель Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец.
Хто б хацеў Мне служыць, хай Мяне насьледуе, а дзе Я, там будзе і слуга Мой. Калі хто Мне служыць, ушануе яго і Айцец мой.
Цяпер душа Мая ўстрывожана; і што Я скажу? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
Цяпер стрывожылася душа мая. Можа Мне сказаць: "Ойча ўхавай Мяне ад гэтае часіны?
Ойча, праслаў імя Тваё!» Тады прыйшоў голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю».
Але ж Я прыйшоў на гэту часіну. Ойча, праслаў імя Тваё!" І азваўся голас з неба: "Праславіў і яшчэ праслаўлю!"
Натоўп, які стаяў і чуў, казаў: «Былі грымоты». Іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».
А людзі, што стаялі і чулі, казалі, што загрымела. А іншыя казалі: "Што анёл прагаварыў да Яго."
Адказаў Ісус і сказаў: «Ня дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
У адказ сказаў Езус: "Не дзеля Мяне азваўся гэты голас, але дзеля вас".
Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе прэч.
Цяпер суд гэтага сьвету, цяпер князь гэтага сьвету будзе проч выкінуты.
І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе».
А Я калі буду падняты над зямлёй, усё пацягну да Сябе".
Сказаў жа Ён гэтае, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці.
А казаў гэта прадсказваючы, якою сьмерцю мае памерці.
Натоўп адказваў Яму: «Мы чулі з Закону, што Хрыстос застаецца вечна. Дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»
Адказаў Яму натоўп: "Мы чулі з Закону, што Хрыстус трывае вечна, а як жа Ты кажаш, што трэба, каб быў падняты, павышаны Сын Чалавечы? Хто гэта Сын Чалавечы?"
Тады сказаў ім Ісус: «Яшчэ на кароткі час сьвятло з вамі. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе.
Сказаў ім тады Езус: "Яшчэ толькі коратка будзе сьвятло сярод вас. Хадзіце пакуль маеце сьвятло, каб вас цемра не ахапіла. А хто ў цемры (пацемках) ходзіць, ня ведае, куды ідзе.
Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб сталіся вы сынамі сьвятла». Гэта сказаў Ісус і, адыйшоўшы, схаваўся ад іх.
Пакуль маеце сьвятло, верце сьвятлу, каб былі вы сынамі сьвятла. Гэта сказаў Езус і адыйшоў, ды схаваўся ад іх.
Хоць гэтулькі знакаў учыніў Ён перад імі, яны не паверылі ў Яго,
Ды хоць так многа цудаў даканаў у іх, ня верылі ў Яго,
каб споўнілася слова Ісаі прарока, якое той сказаў: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас, і каму было адкрытае рамяно Госпада?»
каб споўніліся словы, якія сказаў Ізаія Прарок: "Госпадзе, хто ўверыў навуцы нашай ды каму было аб'яўлена плячо Госпадава?" (Із. 53.1)
Дзеля гэтага не маглі яны верыць, бо ізноў сказаў Ісая:
Дзеля таго не змаглі ўверыць, бо як далей сказаў Ізаія:
«Ён засьляпіў вочы іхнія і сэрца іхняе скамяніў, каб ня ўбачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх».
"Засьляпіў іх вочы і закамяніў (атупіў) іхняе сэрца, каб вачыма ня бачылі ды сэрцам не зразумелі, каб яны не навярнуліся, ды каб іх не аздаравіў" (Із. 6:9−10).
Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і гаварыў пра Яго.
Гэта сказаў Ізаія, калі ўбачыў хвалу Яго і прадсказаў пра Яго.
Аднак і з начальнікаў шмат хто паверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі,
Усё ж такі і многа з князёў уверыла ў Яго, але са страху перад фарызэямі не прызнаваліся, каб іх ня выключылі з сынагогі.
бо яны палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
Бо хвалу людзей больш узьлюбіў, чым хвалу Божую.
А Ісус закрычаў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.
А Езус усклікаў кажучы: "Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто Мяне паслаў.
І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
А хто Мяне відзіць, Таго, Хто Мяне паслаў.
Я, Сьвятло, прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не застаўся ў цемры.
Я, сьвятло, прыйшоў на сьвет, каб ніхто не заставаўся ў цемры, хто верыць у Мяне.
І калі хто пачуе гэтыя словы і не паверыць, Я ня буду судзіць яго, бо Я прыйшоў не каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет.
А хто б слухаў слоў Маіх, а не бярог, Я яго не суджу, бо прыйшоў, каб судзіць сьвет, але каб яго збавіць
Хто адкідае Мяне і не прыймае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе — слова, якое Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
Хто грэбуе Мною і не прымае слоў Маіх, той ўжо мае свайго, самое слова, што Я сказаў, асудзіць яго ў апошні дзень.
бо Я казаў не ад Сябе, але Айцец, Які паслаў Мяне, даў Мне прыказаньне, што казаць і што гаварыць.
Бо Я не ад Самога Сябе гаварыў, але Айцец, Які Мяне паслаў. Ён Мне загадаў, што маю гаварыць і вясьціць.
І Я ведаю, што прыказаньне Ягонае ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне Айцец».
Я ведаю, што загад ёсьць жыцьцём вечным. Таму, што Я гавару, як Мне загадаў Мой Айцец".