Яна 17 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Гэта сказаў Ісус, і падняў вочы Свае да неба, і прамовіў: «Ойча! Прыйшла гадзіна. Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
 
Так прамаўляў Езус, а затым падняўшы вочы ў неба, маліўся: "Ойча, надыйшла пара Мая, праслаў Сына Свайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе.

бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.
 
Ты даў Яму ўладу над кожным чалавекам, каб усіх, якіх Ты яму даў (паручыў), надзяліў жыцьцём вечным.

А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, — Ісуса Хрыста.
 
А гэта жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, аднаго Бога праўдзівага ды Таго, каго Ты паслаў: Езуса Хрыста.

Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць.
 
Я Цябе праславіў на зямлі, споўніў паручэньне, якое Мне даў,

Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў.
 
а цяпер праслаў Ты, Ойча, у Сябе Самога тою хвалою, якую меў Я ў Цябе перш чым паўстаў сьвет.

Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё.
 
Аб'явіў Я людзям імя Тваё, людзям, каторых Ты мне даў са сьвету. Тваімі яны былі і Ты іх Мне даў і яны зьбераглі навуку Тваю.

Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе.
 
Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты Мне даў — ад Цябе паходзіць.

Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.
 
Бо словы, якія Ты Мне паручыў, перад ім, а яны іх прынялі, ды пазналі, што Я ад Цябе прыйшоў. Ды яны ўверылі, што Ты Мяне паслаў,

Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае.
 
Я не за іх прашу (заступаюся), не прашу за сьвет, але за тых, каторых Ты Мне даў, бо яны Тваімі.

І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся.
 
Дык ўсё Маё — Тваім, а Тваё — Маім, Я ў іх праслаўлены.

І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы.
 
Я ўжо не ў сьвеце, але яны яшчэ на сьвеце, Я іду да Цябе. Ойча Сьвяты, у імя Тваё захавай тых, якіх Мне даў, каб былі яны адно, як і Мы.

Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне.
 
Калі Я быў з імі, сьцярог іх у імя Тваё, сьцярог тых, каторых Ты Мне даў ды ніхто з іх не загінуў, толькі сын загубы, каб споўнілася Пісаньне.

Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную.
 
А цяпер іду да Цябе і гавары гэта на сьвеце, каб яны гэту радасьць Маю зьдзейсьнену мелі ў сабе.

Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
 
Перадаў Я ім навуку Тваю, але сьвет іх зьненавідзіў, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.

Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла.
 
Не прашу, каб іх узяў са сьвету, але каб іх усьцярог ад зла.

Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
 
Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.

Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё — праўда.
 
Пасьвяці іх ў праўдзе. Навука Твая ёсьць праўдаю.

Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет.
 
Як Ты Мяне паслаў на сьвет, і Я іх паслаў на сьвет.

І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе.
 
За іх Я пасьвячаю Сябе Самога, каб і яны былі пасьвячаны ў праўдзе.

Не за іх жа толькі прашу, але і за тых, якія павераць у Мяне праз слова іх,
 
Я ня толькі за іх прашу, але і за тых, што дзякуй слову іх увераць у Мяне,

каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
 
каб усе былі адно, як Ты, Ойча, у Мяне, а Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб сьвет уверыў, што Ты Мяне паслаў.

І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно.
 
А хвалу, якую Ты Мне даў перадаў ім, каб былі адно, як і Мы — адно.

Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
 
Я ў іх, а Ты ўва Мне так, каб былі ў адзінстве дасканалымі, і каб сьвет пазнаў, што Ты Мяне паслаў ды ўмілаваў іх, як і Мяне ўмілаваў.

Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету.
 
Ойча, хачу, каб і тыя, каторых Мне даў, былі са Мной там, дзе Я, каб аглядалі хвалу Маю, якую Мне даў, бо Ты Мяне ўмілаваў перад стварэньнем сьвету.

Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
 
Ойча справядлівы, сьвет Цябе не пазнаў. Але Я Цябе пазнаў, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў.

І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».
 
Аб'явіў Я ім імя Тваё і аб'яўлю, каб міласьць, якую Ты Мяне ўмілаваў, у іх была ды Я ў іх".