Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіўся Ён вось як:
Далей аб'явіўся зноў Езус вучням каля Мора Тыбэрядскага. А аб'явіўся ім так:
былі разам Сымон Пётар і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Заўдыя, і двое другіх з вучняў Ягоных.
Былі сабраўшыся разам: Сымон Пётр і Тамаш, званы Дыдымус, Натанаем з Каны Галілейскай, сыны Забэдэя і два іншых вучняў Ягоных.
Кажа ім Сымон Пётар: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Пойдзем і мы з табою». Яны выйшлі і адразу ўвайшлі ў човен, і не злавілі ў тую ноч нічога.
Сказаў ім Сымон Пётр: "Іду лавіць рыбу". Кажуць Яму: "І мы пойдзем з Табой". Дык пайшлі, селі ў лодку і ў тую ноч нічога не злавілі.
Калі ўжо настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
А калі настала раніца, явіўся Езус на беразе, але вучні Яго не пазналі, што гэта быў Езус.
Кажа ім Ісус: «Дзеці! Ці маеце нейкі пасілак?» Яны адказалі Яму: «Не».
Сказаў ім затым Езус: "Дзеці, ці маеце што есьці?" Адказалі яму: "Не".
Ён жа сказаў ім: «Закіньце нерат на правы бок чаўна і зловіце». Тады яны закінулі, і ўжо не маглі яго выцягнуць дзеля мноства рыбы.
Дык сказаў ім: "Закіньце сетку па правай старане лодкі, а зловіце". Закінулі тады, але дзеля мноства рыбы чуць маглі выцягнуць сетку.
Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: «Гэта Госпад». Сымон жа Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся кашуляю, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Тады той вучань, каторага любіў Езус, сказаў Пятру: "Гэта ж Госпад!" Дык Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Госпад, адзеў вопратку, бо быў голы і кінуўся ў мора.
А іншыя вучні прыплылі ў чаўне, бо не былі далёка ад зямлі, локцяў каля двухсот, цягнучы нерат з рыбаю.
Іншыя прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берагу, каля дзьвесьце стадыяў, цягнучы сетку з рыбамі.
Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і рыбу, што ляжала на ім, і хлеб.
А калі выйшлі на сухмень, убачылі кучу вуглёў і лежачую на іх рыбу і хлеб.
Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, якую вы цяпер злавілі».
Кажа ім Езус: "Прынясіце тых рыбаў, што цяпер налавілі".
Сымон Пётар пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат, поўны вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзясят тры, і пры гэткай колькасьці нерат не падраўся.
Дык пайшоў Сымон Пётр, выцягнуў на сухмень сетку. Поўную вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць было так шмат, сетка не парвалася.
Кажа ім Ісус: «Ідзіце, абедайце». З вучняў жа ніхто не адважыўся даведвацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.
Кажа ім Езус: "Хадзіце і ешце". Але ніхто з седзячых не сьмеў спытацца: "Хто Ты?", бо ведалі, што гэта Госпад.
Прыходзіць тады Ісус, і бярэ хлеб, і дае ім; таксама і рыбу.
А Езус падыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, падобна і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых.
І так ужо трэці раз аб'явіўся Езус вучням Сваім, з той пары як паўстаў з умёршых.
Калі ж яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне больш, чым гэтыя?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Даглядай ягнятак Маіх».
Дык калі яны наеліся, кажа Езус Сымону Пятру: "Сымоне, сыне Яна! Ці мілуеш Мяне больш, чым гэтыя?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я Цябе мілую". Кажа яму Езус: "Пасі ягняткі Мае".
Зноў кажа яму другі раз: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Пасьві авечак Маіх».
Паўторна пытаецца ў яго: "Сымоне, сыне Яна, ці мілуеш Мяне?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я Цябе мілую". Кажа яму Езус: "Пасі ягняткі Мае".
Кажа яму трэці раз: «Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?» Засмуціўся Пётар, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці сябруеш ты са Мною?», і сказаў Яму: «Госпадзе! Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!» Кажа яму Ісус: «Даглядай авечак Маіх.
І пытаецца ў яго трэці раз: "Сымоне, сыне Яна, ці мілуеш Мяне?" Засмуціўся Пётр, што ўжо трэці раз пытаецца ў яго: "Ці мілуеш Мяне?" Дык сказаў Езусу: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я Цябе мілую". Кажа яму Езус: "Пасі авечкі Мае".
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочаш».
Затым сапраўды, сапраўды кажу табе, калі ты быў маладым, падпаясаўся і хадзіў, дзе хацеў, а як пастарэеш, выцягнеш рукі свае ды хто іншы цябе падпаяша, і павядзе туды, куды ты не захочаш".
А гэта Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю той праславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: «Ідзі за Мною».
А гэта прадсказаў якою ён сьмерцю меў праславіць Бога. Ды гэта сказаўшы, загадаў яму: "Ідзі за Мной!"
Павярнуўшыся, Пётар бачыць, што ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус і які на вячэры ўзьлёг ля грудзей Ягоных, і сказаў: «Госпадзе! Хто той, які выдасьць Цябе?»
Пётр аглянуўшыся, убачыў таго вучня, якога Езус любіў, ідучага за ім, які ў вячэру прытуліўшыся быў да грудзей Езуса і пытаўся: "Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдасьць?"
Убачыўшы яго, Пётар кажа Ісусу: «Госпадзе! А ён што?»
Вось таго ўбачыўшы Пётр пытаецца ў Езуса: "Госпадзе, а з гэным што будзе?"
Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі за Мною!»
Сказаў яму Езус: "Хачу, каб ён застаўся пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной".
Тады прайшло слова гэтае між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што ён не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе?»
Разыйшлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Езус не сказаў: "Не памрэ", а толькі: "Хачу, каб ён заставаўся пакуль прыйду, а што табе да таго!"
Гэты вучань і сьведчыць пра гэтае, і напісаў гэта. І мы ведаем, што праўдзівае сьведчаньне ягонае.
Ды вось той вучань сьведчыць пра гэта ды напісаў гэта, а ведаем, што пасьведчаньне яго праўдзівае.
Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць напісаных кнігаў. Амэн.
Многа яшчэ іншых рэчаў учыніў Езус, але каб кожную з іх запісаць, дык думаю, не зьмясьціў бы ўвесь сьвет кніг, каторыя мелі б быць напісаны.