1 Пятра 5 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Старостаў, якія сярод вас, прашу я, сустаршыня і сьведка пакутаў Хрыстовых і супольнік славы, якая мае адкрыцца:
 
Старэйшых сярод вас, прашу я таксама старэйшы, а прытым сьведка Хрыстовых цярпеньняў ды ўдзельнік тае хвалы, якая мае аб'явіцца:

пасьвіце Божы статак, які ў вас, гледзячы за ім не пад прынукаю, але добраахвотна, і не дзеля прыбыткаў, але з ахвотаю,
 
пасьвіць статак Божы, які пры вас, берагчы яго ня пад прымусам, але з сваёй волі, як хоча Бог; не дзеля нягодных нажыткаў, але з адданасьцю,

і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад статку,
 
і не як такія, што нахабнічаць, прыжымаюць гмінамі, супольнасьцямі, але як прыклады для аўчарні, для супольнасьці.

і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце вянок славы, які ня счэзьне.
 
А калі аб'явіцца найвысшы Пастыр, атрымаеце ня вянучы вянец (вянок) хвалы.

Таксама і вы, маладыя, падпарадкоўвайцеся старостам, а ўсе, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакорнасьць, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае.
 
Таксама і вы, юнакі, падчыніцеся старэйшым. Усе адносна сябе ўзаемна адзеньцеся ў пакору. Бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае".

Дык скарыцеся пад уладную руку Божую, каб Ён узьвялічыў вас у свой час.
 
Упакарыцеся затым пад мугутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у прыдатнай хвіліне.

Усе турботы свае ўскладайце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас.
 
Усе хлопаты свае ўськіньце на Яго, бо Ён вамі рупіцца.

Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.
 
Будзьце цьвярозымі! Не драміце! Бо праціўнік ваш, д'ябал, як леў рыклівы кружыць, шукаючы каго прарыць.

Супрацьстаньце яму цьвёрдай вераю, ведаючы, што такія самыя пакуты здараюцца з братамі вашымі ў сьвеце.
 
Сільныя, дужыя вераю — праціўцеся яму. Ведаеце, што гэтыя самыя мукі церпяць вашыя браты ў сьвеце.

А Бог усякае ласкі, Які паклікаў нас, што крыху цярпелі, у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, няхай Сам удасканаліць вас, няхай умацуе, няхай узмоцніць, няхай угрунтуе.
 
А Бог усякае ласкі, Той, хто вас пазваў да вечнае хвалы сваёй у Хрысьце, калі крыху пацярпіцё, сам вас удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.

Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
 
Яму хвала і моц у вякі вечныя. Амэн.

Гэта коратка напісаў я вам праз Сілуана, вернага, як лічу, брата, каб суцешыць і засьведчыць, што праўдзівая ласка Божая, у якой вы стаіцё.
 
Каротка, па моему, я вам напісаў праз Сыльвана, вернага брата, перасьцераючы ды сьцвярджаючы, што такая вось праўдзівая ласка Божая, якой трымаецеся.

Вітае вас [царква], што ў Бабілоне, выбраная разам з вамі, і Марк, мой сын.
 
Вітае вас тая, што ў Бабілёне разам з вамі выбрана, а такжа Марак, мой сын.

Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові. Супакой вам усім, якія ў Хрысьце Ісусе. Амэн.
 
Павітайцеся ўзаемна сьвятым цалункам любові. Супакой (мір) вам усім, што трываеце ў Хрысьце.