Да Рымлянаў 14 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

А таго, хто слабы ў веры, прыймайце не на [тое, каб] спрачацца пра погляды.
 
Слабога ў веры прымайце, ня спорачы аб поглядах.

Бо нехта верыць, што [можна] есьці ўсё, а слабы есьць гародніну.
 
Адзін упэўнены, што яму ўсё нельга есьці, а слабейшы есьць толькі гародніну.

Хто есьць, не пагарджай тым, хто ня есьць; і хто ня есьць, не судзі таго, хто есьць, бо Бог прыняў яго.
 
Той, хто есьць (усё), хай ня грэбуе (гардзіць) тым, каторы хто ня (усё) есьць, а той, хто ня есьць, хай не асуджае таго, хто есьць, бо Бог яго спагадна прыняў.

Хто ты такі, які судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае, а будзе стаяць, бо Бог магутны паставіць яго.
 
Хто ты такі, што сьмееш судзіць чужога слугу? Затым, ці ён стаіць, ці падае, ёсьць справай Яго Госпада. Ён дарэчы будзе стаяць, бо Яго Госпад мае моц утрымаць яго на нагах.

Нехта судзіць [па-рознаму] дзень супраць дня, а нехта судзіць усякі дзень [аднолькава]. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме.
 
Адзін адрозьнівае дзень ад дня, для іншага кожны дзень аднолькавы: хай кожны застаецца пры сваёй думцы.

Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу. І хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць, і дзякуе Богу.
 
Хто захоўвае некаторыя дні, захоўвае іх для Госпада, а хто есьць усё — есьць для Госпада, бо Богу дзякуе. А хто не ўсё есьць — не есьць дзеля Госпада, і ён таксама дзякуе Богу.

Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе, і ніхто не памірае дзеля сябе;
 
Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не ўмірае для сябе.

бо як, калі жывем, дзеля Госпада жывем, так і, калі паміраем, дзеля Госпада паміраем. Таму і калі жывем, і калі паміраем, мы — Госпадавы.
 
Дык калі жывём, жывём для Госпада; калі ж уміраем, уміраем для Госпада. Таму вось у жыцьці (жывучы) і ў сьмерці (уміраючы) належным да Госпада.

Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрос, і жыве, каб валадарыць і над мёртвымі, і над жывымі.
 
На тое Хрыстус умёр і ўстаў з умёршых, каб валадарыць так над жывымі як над памёршымі.

А ты навошта судзіш брата твайго? Або навошта ты пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад пасадам судовым Хрыста.
 
Дык чаму асуджаеш свайго брата? Або чаму пагарджаеш сваім братам? Усе мы станем на судзе Хрыстовым.

Бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною схіліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнаваць Бога».
 
Напісана ж: "На Маё жыцьцё — кажа Госпад — перада Мною сагнецца кожнае калена, ды кожны язык будзе славіць Бога".

Дык таму кожны з нас за сябе дасьць справаздачу Богу.
 
Так вось кожны з нас здасьць справаздачу Богу.

Дык ня будзем больш судзіць адзін аднаго, але судзіце лепш пра тое, каб як не пакласьці перад братам спатыкненьня ці згаршэньня.
 
Дык перастаньма асуджаць адзін аднаго, а лепш рашыма, каб не даваць брату магчамасьці (аказіі) да ўпадку (падзеньня), або згаршэньня (спакушэньня, зьвесьці).

Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога нячыстага праз сябе; толькі таму, хто лічыць нешта нячыстым, гэта нячыстае.
 
Я ведаю і перакананы ў Езусе Госпадзе, што няма нічога самага ў сабе нячыстага, а толькі для таго нячыстае, хто прымае гэта за нячыстае.

А калі дзеля ежы засмучаецца брат твой, ты ўжо не паводле любові ходзіш. Не губі тваёю ежаю таго, за каго памёр Хрыстос.
 
Калі затым дзеля стравы (яды) засмучаеш брата свайго, то ты не кіруешся любоўю. Таму не губі страваю таго, за каго Хрыстус памёр!

Дык няхай ня блюзьняць на вашае добрае.
 
Дык хай ня будзе зьневажана (паганена) дабро вашае!

Бо Валадарства Божае — гэта ня ежа і пітво, але праведнасьць, і супакой, і радасьць у Духу Сьвятым.
 
Бо валадарства Божае, гэта ня справа ежы або піцьця, але гэта справядлівасьць, супакой ды радасьць у Духу Сьвятым.

Бо хто ў гэтым служыць Хрысту, той даспадобы Богу і варты між людзьмі.
 
Хто гэтак служыць Хрысту, той падабаецца Богу і прыемны (да ўспадобы) людзям.

Дык таму будзем імкнуцца да таго, што [служыць] дзеля супакою і ўзаемнага збудаваньня.
 
Дык дбайма пра тое, што вядзе да супакою (міру) ды ўзаемнага збудаваньня (сужыцьця).

Не руйнуй дзеля ежы справы Божай. Усё, па праўдзе, чыстае, але ліхое для чалавека, які есьць праз спатыкненьне.
 
Таму не руйнуй (разбурай) справы (дзела) Божай дзеля ежы! Па праўдзе кожная рэч чыстая, сталася б аднак благой, грэшнай таму чалавеку, каторы есьць, горшучы другіх.

Добра ня есьці мяса, і ня піць віна, і [не рабіць] нічога, ад чаго брат твой спатыкаецца, ці згаршаецца, ці слабее.
 
Добра ня есьці мяса, ані піць віна ды не рабіць таго, што магло б згоршыць і псуць брата твайго.

Ты маеш веру? Мей сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы той, хто ня судзіць сябе ў тым, што спрабуе.
 
Сваё перакананьне (веру) захавай у сабе і мей перад Богам. Шчасьлівы той, хто не сумневаецца ў тым, што рашае.

А хто сумняецца, калі есьць, асуджаны, бо [робіць] не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, — грэх.
 
Хто есьць сумневаючыся, той сябе асуджае, бо паступае не па перакананьні. Усё, што робіцца не па перакананьні (не па сумленьні) — ёсьць грэхам.