Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дык кажу: няўжо Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я — Ізраільцянін, з насеньня Абрагама, з калена Бэн’яміна.
Дык пытаю: Няўжо адкінуў Бог Свой народ! Ня праўда! Бо і я Ізраелец з роду Абрагама, з пакаленьня Бэн'яміна.
Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Ці ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю, як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
Не адкінуў Бог народа Свайго, які раней выбраў. Ці ня ведаеце, што Пісаньне кажа аб Гальяшу, як ён скардзіцца (жалуецца) Богу на Ізраеля?
«Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі і ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і душу маю шукаюць».
Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі, аўтары Твае паразвалівалі, застаўся я толькі адзін, ды на маю душу цікуюць (шукаюць).
Але што кажа яму адказ Божы? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, якія не схілілі калені перад Баалам».
Ды як звучаў яму адказ Божы: "Пакінуў я сабе сем тысяч мужоў, каторыя не пакланяліся перад Баалам".
Дык гэтак і ў цяперашні час рэшта паводле выбраньня ласкі захавалася.
Так вось і ў наш час ёсьць Астаткі (захаваліся) выбраныя з ласкі.
А калі праз ласку, дык не праз учынкі, іначай ласка ўжо ня ёсьць ласка. А калі праз учынкі, дык гэта ня ласка, іначай учынак ужо ня ёсьць учынак.
А калі з ласкі, дык не за ўчынкі, інакш вось ласка не была б ужо ласкай.
Дык што? Што шукае Ізраіль, таго не атрымаў; выбраныя атрымалі, а іншыя былі закамянелыя [сэрцам],
Дык што ж? Аб што клапаціўся Ізраель — не атрымаў, дасягнула — толькі адборная часьць, іншыя асьлеплі,
як напісана: «Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да сёньняшняга дня».
як напісана: "Даў ім Бог духа ап'яненьня (атупеньня), каб вочы ня бачылі і вушы ня чулі аж па сёньняшні дзень".
І Давід кажа: «Няхай станецца стол іхні пасткаю, і цянётамі, і згаршэньнем, і аднагародаю.
І Давід кажа: "Хай стол іх станецца ім сілом і пасткаю, каменем сутыкненьня ды адплатаю ім.
Няхай зацемняцца вочы іхнія, якімі ня бачаць, і хрыбет іхні няхай будзе сагнуты назаўсёды».
Хай вочы іх зацьмяцца, каб ня бачылі, а хрыбет іх хай згорбіцца на заўсёды.
Дык кажу: Няўжо яны спатыкнуліся, каб упасьці? Няхай ня станецца. Але праступак іхні — збаўленьне паганам, каб збудзіць у іх рупнасьць.
І так пытаю: Ці ж бы яны спатыкнуліся аж да ўпадку? Ніякім чынам! Вось іхні ўпадак стаўся для паганаў збаўленьнем, каб прынукнуць іх да спаборніцтва.
Калі ж праступак іхні — багацьце сьвету, і ўпадак іхні — багацьце паганаў, дык наколькі больш поўнасьць іхняя?
Калі іх падзеньне стаўся багацьцем для сьвету, а паніжэньне — узбагачэньнем паганам, тым больш іх цэласнасьць.
Бо кажу вам, паганам: Як апостал паганаў, я ўслаўляю служэньне маё,
Вам жа паганам кажу: Пакуль застаюся Апосталам паганаў ганаруся сваёй паслугай,
бо, можа, збуджу руплівасьць у маіх паводле цела і ці ня збаўлю некаторых з іх.
у той надзеі, што можа вуклічу спаборніцтва сваіх зямлякоў (аднароднікаў) і хоць некаторых давяду да збаўленьня.
Бо калі згуба іхняя — прымірэньне сьвету, дык што прыняцьцё, як не жыцьцё з мёртвых?
Бо калі іх адкід (адхіленьне) прынесла сьвету пагаджэньне, то чым жа будзе іх прыняцьце, калі не паўстаньнем з умёршых да жыцьця.
Калі зачатак сьвяты, дык і месіва; і калі корань сьвяты, дык і галіны.
Бо калі расчына сьвятая, дык і цеста, калі корань сьвяты, то і сукі.
Калі ж некаторыя з галінаў былі адламаныя, а ты, дзікая аліўка, быў прышчэплены замест іх і стаўся ўдзельнікам кораня і тлустасьці аліўкі,
Калі ж некаторыя сукі былі адламаны, а на іх месца ты быў прышчэплены, ты, што быў аліўнай дзічкай, ды разам (з іншымі сукамі) з тым самым коранем злучаны роўна з іншымі карыстаўся аліўковымі сокамі.
не вывышайся перад галінамі; а калі вывышаешся, дык [ведай, што] ня ты трымаеш корань, але корань — цябе.
Дык не ганарыся адносна тых сукоў, бо калі будзеш выносіцца — то ведай, што не ты ажыўляеш корань, а ён цябе.
Дык скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены».
Можа скажаш: "Абламаныя сукі, каб я быў прышчэплены".
Добра. Яны адламаныя праз недаверства, а ты трымаешся праз веру; дык не ўзьвялічвайся, але бойся.
Слушна: Адламалі іх дзеля недаверства, а ты трымаешся із-за веры. Таму не выношся, але жыві ў боязі.
Бо калі Бог прыродных галінаў не пашкадаваў, дык ці цябе пашкадуе.
Бо калі Бог не пашкадаваў галін прыродных, можа таксама не пашчадзіць і цябе.
Дык глядзі на ласкавасьць і срогасьць Божую, срогасьць да тых, якія ўпалі, а ласкавасьць да цябе, калі застанешся ў ласкавасьці [Божай], іначай і ты будзеш сьсечаны.
Дык уваж на дабрату ды суровасьць Божую: на суровасьць адносна тых, што ўпалі, а дабрату Божую да цябе, калі толькі вытрываеш у гэтай дабраце, бо інакш і ты будзеш адкінуты.
І тыя, калі не застануцца ў недаверстве, будуць прышчэпленыя, бо Бог магутны ізноў прышчапіць іх.
Ды і яны, калі ня будуць трываць у недаверстве, будуць ушчэплены, бо Бог мае моц ізноў іх ушчапіць.
Бо калі ты адсечаны ад дзікае паводле прыроды аліўкі і, насуперак прыродзе, прывіты да добрае аліўкі, наколькі больш тыя, якія паводле прыроды [ад добрае аліўкі], будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі?
Бо калі быў удалены ад прырднай табе аліўкавай дзічкі і супроць прыроды ўшчэплены ў добрую аліўку, дык тым лягчэй могуць быць прышчэплены ў сваю аліўку тыя, каторыя да яе з прыроды належаць.
Бо не хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтае тайны, каб вы не былі мудрымі праз сябе, што скамяненьне сталася ў Ізраілі часткова, аж пакуль ня ўвойдзе поўнасьць паганаў,
Не хачу вас, браты, каб вы ня ведалі гэтае таямніцы, каб вы не лічылі сябе за лішня мудрых, бо сьляпата дакранула Ізраеля толькі часткова (ад часьці), калі ўвойдзе (у касьцёл) поўнасьць паганаў.
і гэтак увесь Ізраіль збаўлены будзе, як напісана: «Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якуба.
І тады ўвесь Ізраель будзе збаўлены, як напісана: "Прыдзе з Сыёна Выбавіцель, Ён адверне бязбожнасьць ад Якуба".
І гэта Мой запавет з імі, калі забяру грахі іхнія».
Ды гэта будзе маё Прымірэньне з імі, калі здыму з іх грахі".
Дык паводле Эвангельля яны — ворагі для вас, а паводле выбраньня — улюбёныя дзеля бацькоў.
Што да Эвангеліі — яны ворагі для вас, а што да выбранства — яны дарагія дзеля сваіх прабацькоў.
Бо нязьменныя дары і пакліканьне Божае.
Бо дары ласкі і пакліканьне — нязьменныя.
Бо як і вы некалі не скараліся Богу, а цяпер памілаваныя праз няскоранасьць іхнюю,
Як і вы калісьці ня верылі Богу, а цяпер даступіліся міласэрдзя дзеля іх неверства.
гэтак і яны цяпер не скараюцца дзеля вашага памілаваньня, каб і яны былі памілаваныя.
Так і яны цяпер сталіся непаслухмянымі дзеля аказанага вам міласэрдзя, каб і самі (у гэты час) маглі атрымаць міласэрдзе.
Бо ўсіх Бог замкнуў у няскоранасьць, каб усіх памілаваць.
Дапусьціў (замкнуў) Бог на ўсіх непаслухмянасьць, каб усім аказаць Сваё міласэрдзе.
О, глыбіня багацьця, і мудрасьці, і веданьня Божага! Як неспасьцігальныя прысуды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!
О, глыбіня багацьцяў (таямніцаў) Прамудрасьці Божай і веды. Як недасьледныя судзьбы (рашэньні) Ягоныя і не прасочаны шляхі Ягоныя!
Бо хто пазнаў розум Госпада? Ці хто стаўся дарадцам Яму?
Бо хто калі пазнаў думку Госпадаву? Або хто быў дарадчыкам Ягоным?
Ці хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў яму?
Або хто першы надарыў Яго, каб Ён меў каму аднагарадзіцца?
Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і для Яго. Яму слава на вякі. Амэн.
Бо ўсё ад Яго, праз Яго і для Яго. Яму хвала ў вякі! Амэн.