Да Рымлянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дык што, скажам, Абрагам, бацька наш, знайшоў паводле цела?
 
Дык спытайма, што (здабыў) наш прадзед Абрагам паводле цела (па целу)?

Бо калі Абрагам апраўданы ўчынкамі, ён мае пахвалу, але ня перад Богам.
 
Бо калі Абрагам быў апраўданы з учынкаў, мае права да хвальбы, але ня перад Богам.

Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць».
 
Бо што кажа Пісаньне? "Уверыў Абрагам Богу, і палічана яму гэта ў апраўданьне (за справядлівасьць)".

Таму, хто робіць, нагарода ня з ласкі залічваецца, але з павіннасьці;
 
Вось жа таму, хто працуе, плаціцца ня з ласкі, але па належнасьці.

а таму, хто ня робіць, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, вера ягоная залічваецца за праведнасьць.
 
Таму аднак, хто не працуе, а верыць Таму, хто апраўдвае грэшніка, яго вера лічыцца на апраўданьне (за справядлівасьць).

Гэтак і Давід кажа, што шчасьце чалавеку, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад учынкаў:
 
Так і Давід называе шчасьлівым чалавекам, якому Бог без учынкаў прызнае справядлівасьць:

«Шчасьлівыя тыя, якім адпушчаныя беззаконьні і якім грахі прыкрытыя;
 
"Шчасьлівыя тыя, каторым неправасьці адпушчаны ды каторых грахі закрытыя.

шчасьлівы чалавек, якому Госпад не залічыць грэху».
 
Шчасьлівы чалавек, катораму Госпад не пачытае грахоў.

Дык шчаснасьць гэтая для абрэзаных ці і для неабрэзаных? Бо мы кажам, што Абрагаму вера залічана за праведнасьць.
 
Дык ці гэта багаславнства адносіцца да абрэзаных, ці таксама да неабрэзаны? Мы кажам, што Абрагаму вера была палічана за справядлівасьць (апраўданьне).

Дык калі залічана? У абразаньні ці ў неабразаньні? Не ў абразаньні, але ў неабразаньні.
 
Якім спосабам была яму палічана: ці калі быў абразаны, ці да абразаньня?

І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці веры, якую [ён меў] у неабразаньні, каб быў ён бацькам усіх, хто верыць у неабразаньні, каб і ім залічана была праведнасьць,
 
Ён атрымаў знак абразаньня, як пячаць апраўданьня, атрыманага з веры, метай яшчэ тады, калі ня быў абрэзаны. Такім чынам ён бацькам усіх тых, каторыя ня маючы абразаньня, вераць, каб і ім было гэта залічана на апраўданьне.

і бацькам абразаньня, тых, якія ня толькі [маюць] абразаньне, але і ходзяць па сьлядах веры ў неабразаньні бацькі нашага Абрагама.
 
А таксама бацькам тых абразаных, каторыя ня толькі па абразаньню, але ідуць слядамі тое веры, якую бацька наш Абрагам меў перад абразаньнем.

Бо не праз Закон Абрагаму ці насеньню ягонаму [дадзена] абяцаньне быць спадкаемцам сьвету, але праз праведнасьць веры.
 
Бо не Законам было дадзена Абрагаму і ягоным нашчадкам абяцаньне, што ён стане спадкаемцам (гаспадаром) сьвету, але з справядлівасьці веры.

Бо калі тыя, што праз Закон, — спадкаемцы, змарнее вера і зьнішчыцца абяцаньне;
 
Калі бо спадкаемцамі становяцца тыя, што апіраюцца на Законе, дык вера станоцца пустой, а абяцаньне без выніку.

бо Закон выклікае гнеў, бо дзе няма закону, няма парушэньня.
 
Бо ж Закон выклікае гнеў, а дзе няма Закону, там праступака (нарушэньня Закону).

Дзеля гэтага праз веру, каб было паводле ласкі, каб абяцаньне было ўгрунтаваным для ўсяго насеньня, ня толькі для таго, якое праз Закон, але і для таго, якое праз веру Абрагама, які ёсьць бацька ўсіх нас,
 
Зсюль гэта (спадкаемства, спадчына) залежыць ад веры, каб сапраўды было з ласкі, каб абяцаньне было запэўнена ўсяму патомству, а не толькі тым, што апіраюцца на Законе, але і ўсім, каторыя маюць веру Абрагама, бо ён Бацькам (Айцом) усіх нас,

як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе тое, што ня ёсьць, як тое, што ёсьць.
 
як напісана: "Устанавіў я Цябе Бацькам многіх народаў" перад Богам. Яму ён уверыў як Таму, Хто ажыўляе памёршых ды тое, што не існее — паклікае да існаваньня.

Ён, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што станецца бацькам многіх народаў, паводле сказанага: «Гэткае будзе насеньне тваё».
 
Абрагам без надзеі ўверыў надзеі (абнадзеіўся) стацца Бацькам многіх народаў, як было сказана: "Такім будзе тваё патомства".

І, не зьнямогшыся ў веры, ён не глядзеў на цела сваё ўжо амярцьвелае, якое мела амаль сто гадоў, і што ўлоньне Сары амярцьвела,
 
І не захістаўся ў веры, хоць бачыў, што цела яго замірае, а было яму ўжо каля ста гадоў, дый Сара не магла ўжо радзіць.

у абяцаньні Божым не сумняваўся недаверствам, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу
 
І ў абяцаньне Божае не сумніваўся ані чуць, наадварот умацаваўся, вераю (даверам), славячы за гэта Бога,

і маючы пэўнасьць, што Ён магутны зрабіць тое, што абяцаў.
 
ён быў ўпэўнены, што Бог абяцаў, зможа зьдзейсьніць.

Дзеля гэтага і залічана яму за праведнасьць.
 
Таму гэта палічана было яму за справядлівасць.

А напісана [гэта] ня дзеля яго толькі, што залічана яму,
 
А гэта напісана ня дзеля яго аднаго: "Будзе яму палічана",

але і дзеля нас, што мае быць залічана нам, якія вераць у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага,
 
але і дзеля нас, бо будзе палічана і нам, веручым у Таго, Хто ўскрасіў Езуса, Госпада нашага з умёршых,

Які быў выдадзены дзеля грахоў нашых і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.
 
выдадзенага (ахвяраванага) за злачынствы нашыя ды ўскросшага з умёршых для апраўданьня (усправядлівеньня) нашага.