Да Рымлянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Дык апраўданыя (праз) вераю, жывем у згодзе (у міры) з Богам праз Госпада нашага Езуса Хрыста.
праз Якога таксама маем вераю доступ да тае ласкі, у якой стаім і хвалімся надзеяй славы Божай.
Праз Яго вераю маем доступ у ласку, у якой трываем ды ганарымся (славімся) надзеяй хвалы Божай.
І ня толькі [гэтым], але хвалімся і ў прыгнётах, ведаючы, што прыгнёт робіць цярплівасьць,
Ды ня толькі гэтым, але ганарымся таксама горам, прыцісьненьнямі, ведаючы, што прыгнёт выклікае стойкасьць (цярплівасьць),
а цярплівасьць — выпрабаванасьць, а выпрабаванасьць — надзею,
а стойкасьць (цярплівасьць) — вопыт, а вопыт — надзею.
а надзея ня ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Сьвятога, Які нам дадзены.
А надзея падвесьці ня можа, бо любоў Божая дзейнічыць у нашых сэрцах, праз Духа Сьвятога, Каторы нам дадзены.
Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных.
Хрыстус бо памёр за нас, як грэшнікаў у прадбачаны час, калі мы былі яшчэ бязсільныя (бяз ласкі).
Бо за праведнага наўрад ці хто памрэ; хіба за добрага можа хто і адважыцца памерці.
А хто і за справядлівага захоча ўміраць, хіба за дабрадзея можа быць хто памёр.
А Бог Сваю любоў да нас даводзіць тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі [яшчэ] грэшнікамі.
Бог жа даказвае нам Сваю міласьць тым, што калі мы былі яшчэ грэшнікамі — Хрыстус памёр за нас.
Дык тым больш цяпер, калі мы апраўданы крывёю Ягонай, збаўленыя будзем праз Яго ад гневу.
Дык тым больш цяпер апраўданыя (ачышчаныя) крывёй Ягонаю — будзем ухаваны ад гневу Ягонага.
Бо калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Яго, шмат больш, пагадзіўшыся, будзем збаўленыя праз жыцьцё Ягонае.
Бо калі мы будучы непрыяцелямі, былі паміраны з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым дольш, ужо пагоджаны, атрымаем збаўленьне праз жыцьцё Ягонае.
І ня толькі [гэтае], але таксама хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.
І ня толькі дзеля гэтага, але ганарымся Богам праз Езуса Хрыста, Госпада нашага, Каторы нас пагадзіў.
Дзеля гэтага, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, і гэтак сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.
Дзеля таго, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, а праз грэх сьмерць, такім чынам сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе людзі саграшылі.
Бо да Закону грэх быў у сьвеце; але грэх ня лічыцца, калі няма закону.
І да Закону быў грэх на сьвеце, але дзеля адсутнасьці Закону — грэх не лічыўся грэхам.
Аднак сьмерць валадарыла ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі на падабенства праступку Адама, які ёсьць вобраз Таго, Які мае быць.
Аднак пачынаючы ад Адама да Майсея сьмерць панавала нават над тымі, што не саграшылі на пабенства грэху Адама. Ён фігурай — будучага.
Але дар [ласкі] ня гэткі, як грэх. Бо калі праз грэх аднаго памерлі многія, шмат большая ласка Божая, і дар ласкі праз аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, памножыцца для многіх.
Але ня так справа з дарам ласкі, як з правіненьнем. Калі бо правіненьне аднаго выклікала (спрычынілася) сьмерць на ўсіх, то шмат шчадрэй сплыла на іх усіх ласка і дар Божы, спагадна ўдзеляны адным чалавекам Езусам Хрыстом.
І дар не такі, як тое, што праз аднаго, які зграшыў; бо суд праз таго аднаго — на асуджэньне, а дар [ласкі] — на апраўданьне ад многіх грахоў.
І ня так справа з дарам, як з правіненьнем аднаго чалавека. Калі бо адзін грэх толькі выклікае асуджэньне, то ласка апраўдвае (дае апраўданьне) многіх грахоў.
Бо калі праз грэх аднаго сьмерць валадарыла праз аднаго, шмат больш тыя, якія атрымалі багацьце ласкі і дар праведнасьці, будуць валадарыць у жыцьці праз аднаго Ісуса Хрыста.
Калі вось праз правіненьне аднаго сьмерць распаношылася дзеля яго аднаго, то непараўнальна больш тыя, што атрымоўваюць шчодрасьць у жыцьці праз аднаго Езуса Хрыста.
Таму, як праз грэх аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё.
Дык як правіненьне (грэх) аднаго выклікала асуджэньне на ўсіх людзей, так справядлівасьць Аднаго (Хрыста) выклікала апраўданьне на жыцьцё.
Бо як праз непаслухмянасьць аднаго чалавека многія зрабіліся грэшнымі, так і праз паслухмянасьць аднаго многія зробяцца праведнымі.
І як праз непаслухмянасьць (непаслушэнства) аднаго чалавека сталіся грэшнікамі многія, так праз паслухмянасьць аднаго (Хрыста) многія сталіся справядлівымі.
А Закон прыйшоў пасьля, каб памножыць грэх. А калі памножыўся грэх, тым больш удосталь ласкі,
Паявіўся закон па тое, каб увыразніўся (выявіўся) грэх. А дзе запанаваў грэх, там больш вылілася ласка,
каб, як грэх валадарыў у сьмерці, гэтак і ласка валадарыла праз праведнасьць на жыцьцё вечнае праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
каб як грэх заваладаў на сьмерць, так ласка праз справядлівасьць валадала на жыцьцё вечнае праз Езуса Хрыста, Госпада нашага.