4 царстваў 13 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
У дваццаць трэцім годзе Ёаша, сына Ахазіі, валадара Юды, Егаахаз, сын Егу, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў.
На дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахазіі, цара Юдэі, Ёахаз, сын Егу, стаўся царом Ізраэля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і не адварочваўся ад іх.
І дапускаўся ён злога перад Госпадам, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; не адварочваўся ад граху.
І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Ізраіля, і аддаў іх ГОСПАД у рукі Хазаэля, валадара Сірыі, і ў рукі Бэн-Гадада, сына Хазаэля, у-ва ўсе дні тыя.
І ўзгарэўся гнеў Госпада супраць Ізраэля, і аддаў іх Госпад Газаэлю, цару Сірыі, і ў рукі Бэнадада, сына Газаэля, на ўвесь той час.
І маліўся Егаахаз перад абліччам ГОСПАДА, і выслухаў яго ГОСПАД, бо Ён бачыў уціск Ізраіля, як прыціснуў іх валадар Сірыі.
А маліўся тады Ёахаз перад абліччам Госпада, і выслухаў яго Госпад: бачыў бо Ён гора Ізраэля, як прыціснуў іх цар Сірыі.
І даў ГОСПАД Ізраілю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі. І жылі сыны Ізраіля ў намётах сваіх, як учора і пазаўчора.
І даў Госпад Ізраэлю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі; і пражывалі сыны Ізраэля ў сваіх палатах, як і ўчора і заўчора.
Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраіля, і хадзілі ў іх, і нават Астарта стаяла ў Самарыі.
Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўцягнуў у грэх Ізраэль; і хадзілі яны ў іх. І нават слуп стаяў у Самарыі.
І засталося ў Егаахаза з войска толькі пяцьдзясят коньнікаў, дзесяць калясьніцаў і дзесяць тысячаў пяхотнікаў, бо выбіў іх валадар Сірыі і зрабіў іх як пыл на патаптаньне.
І не пакінуў Госпад Ёахазу з народа нікога, акрамя пяцідзесяці коннікаў, і дзесяці калясніц, і дзесяці тысяч пяхоты; бо забіў іх цар Сірыі, і зрабіў іх як пыл на дарозе.
А іншыя дзеяньні Егаахаза і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
А іншыя дзеянні Ёахаза і ўсё, што ён зрабіў, ды і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
І супачыў Егаахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І стаў валадаром Егааш, сын ягоны, пасьля яго.
І заснуў Ёахаз пры бацьках сваіх, і пахавалі яго ў Самарыі. І па ім стаў царом сын яго, Ёас.
У трыццаць сёмым годзе Ёаша, валадара Юды, Егааш, сын Егаахаза, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў.
На трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэі, Ёас, сын Ёахаза, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступіў ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і хадзіў у іх.
І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступіў ад усіх грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; хадзіў у іх.
А іншыя дзеяньні Егааша і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная, калі ён ваяваў супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
А іншыя дзеянні Ёаса і ўсё, што ён зрабіў, ды і яго мужнасць, калі ён ваяваў супраць Амазіі, цара Юдэі, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і Ерабаам сеў на пасадзе ягоным. І быў пахаваны Егааш у Самарыі з валадарамі Ізраіля.
І заснуў Ёас пры бацьках сваіх, а Ерабаам сеў на яго пасад. А быў пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраэля.
А Элісэй захварэў немаччу, ад якой потым памёр. І прыйшоў да яго Егааш, валадар Ізраіля, і плакаў перад абліччам ягоным, і казаў: «Ойча мой, ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя!»
А Элісей захварэў немаччу, ад якой і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраэля, і плакаў перад ім, і казаў: «Айцец мой, айцец мой! Калясніца Ізраэля і коннік яго!»
І сказаў яму Элісэй: «Вазьмі лук і стрэлы!» І ён прынёс яму лук і стрэлы.
І сказаў яму Элісей: «Вазьмі лук і стрэлы!» І, калі ён прынёс яму лук і стрэлы,
І сказаў ён валадару Ізраіля: «Палажы руку сваю на лук!» І валадар палажыў руку сваю, а Элісэй палажыў рукі свае на рукі валадара
сказаў ён цару Ізраэля: «Пакладзі руку сваю на лук!» І, калі той паклаў руку сваю, Элісей паклаў рукі свае на рукі цара
і сказаў: «Адчыні вакно на ўсход». І ён адчыніў, і сказаў Элісэй: «Страляй!» І ён стрэліў, а [Элісэй] сказаў: «Страла перамогі ГОСПАДА і страла перамогі над Сірыяй. Ты паб’еш Сірыю ў Афэку дашчэнту».
і сказаў: «Адчыні акно на ўсход». І, калі ён адкрыў, сказаў Элісей: «Страляй!» І ён стрэльнуў. І Элісей сказаў: «Страла збаўлення Госпада і страла збаўлення супраць Сірыі. І ты паб’еш Сірыю ў Афэку і знішчыш яе».
І сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І [Егааш] узяў іх, а [Элісэй] сказаў яму: «Удар па зямлі!» І ён ударыў тры разы, і спыніўся.
І далей сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І, калі ён узяў іх, сказаў зноў яму: «Удар стралою па зямлі!» І, калі ён ударыў тры разы і перастаў,
І загневаўся чалавек Божы на яго, і сказаў: «Трэба было ўдарыць пяць або шэсьць разоў. Тады ты перамог бы Сірыю цалкам, а цяпер пераможаш Сірыю толькі тры разы!»
чалавек Божы загневаўся на яго і сказаў: «Калі б ты ўдарыў пяць або шэсць разоў, тады ты перамог бы Сірыю дашчэнту; цяпер жа пераможаш яе толькі тры разы!»
І памёр Элісэй, і пахавалі яго. А дружыны Мааву нападалі на зямлю [Ізраіля], прыходзячы штогод.
Такім чынам, памёр Элісей, і пахавалі яго. А дружыны Мааба прыйшлі ў зямлю ў той самы год.
І сталася, калі хавалі аднаго чалавека, вось, убачылі дружыну [Мааву], і кінулі чалавека таго ў магілу Элісэя, і ўцяклі. І калі чалавек той дакрануўся да костак Элісэя, ён аджыў і стаў на ногі свае.
А здарылася, што, калі хавалі аднаго чалавека, убачылі [маабскае] войска, і кінулі мёртвае цела ў магілу Элісея, і ўцяклі. Калі мёртвае цела дакранулася да касцей Элісея, чалавек ажыў і стаў на ногі свае.
А Хазаэль, валадар Сірыі, уціскаў Ізраіля ў-ва ўсе дні Егаахаза.
А Газаэль, цар Сірыі, вынішчаў Ізраэль ва ўсе дні Ёахаза.
І зьлітаваўся ГОСПАД над імі, і зьявіў літасьць, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісаакам і Якубам, і не хацеў выгубіць іх, і не адкінуў іх ад аблічча Свайго назаўсёды.
І злітаваўся Госпад над імі, і звярнуўся да іх дзеля запавету Свайго, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам, і не хацеў ані загубіць іх, ані адкінуць далёка, аж па сённяшні час.
І памёр Хазаэль, валадар Сірыі, а замест яго стаў валадаром Бэн-Гадад, сын ягоны.
І памёр Газаэль, цар Сірыі, і замест яго стаў цараваць сын яго, Бэнадад.
І павярнуўся Егааш, сын Егаахаза, і ўзяў з рук Бэн-Гадада, сына Хазаэля, гарады, якія той быў забраў з рук Егаахаза, бацькі ягонага, вайною. Тройчы пабіў яго Егааш і вярнуў гарады Ізраіля.
Тады Ёас, сын Ёахаза, забраў з рук Бэнадада, сына Газаэля, гарады, якія той забраў з рук бацькі яго, Ёахаза, па праву вайны; тройчы пабіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраэлю.