4 царстваў 21 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і пяцьдзясят пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хефцыба.
Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў царом, і пяцьдзесят пяць гадоў ён цараваў у Ерузаліме. Маці яго называлася Хапсіба.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА паводле агідаў народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
І дапускаўся ён ліхоты перад абліччам Госпада паводле агіднасцей народаў, якіх знішчыў Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля.
І ён вярнуў і адбудаваў узгоркі, якія быў зьнішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў Астарту, якую быў зрабіўшы Ахаў, валадар Ізраіля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму.
І зноў адбудоўваў ён узгоркі, якія знішчыў Эзэкія, бацька яго, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў слуп, як рабіў Ахаб, цар Ізраэля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму.
І пабудаваў ён ахвярнікі ў доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме Я зьмяшчу імя Маё».
І пабудаваў ён ахвярнікі ў доме Госпадавым, аб якім сказаў Госпад: «У Ерузаліме змяшчу Я імя Маё».
І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА.
І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках святыні Госпадавай,
І правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чараваньнямі, і паставіў тых, што выклікаюць духаў памерлых, і варажбітоў, і шмат рабіў ён зла ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
і правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чарамі, і паставіў прарокаў, і павялічыў колькасць вешчуноў, так што рабіў ён зло ў вачах Госпада і гнявіў яго.
І паставіў ён выяву Астарты, якую зрабіў, у Доме [Божым], пра які ГОСПАД сказаў Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У гэтым Доме і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля, Я зьмяшчу імя Маё на вякі.
Таксама паставіў ён слуп Асэры, які зрабіў, у святыні, пра якую Госпад сказаў Давіду і сыну яго, Саламону: «У гэтай святыні і ў Ерузаліме, які Я выбраў з усіх пакаленняў Ізраэля, Я змяшчу імя Маё навечна;
І ўжо больш ня будзе нага Ізраіля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі будуць яны выконваць усё тое, што Я загадаў ім, і ўвесь Закон, які даў ім Майсей, слуга Мой».
і больш не прымушу Я нагу Ізраэля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іх, калі толькі будуць яны на справе пільнаваць усё тое, што Я загадаў ім, і ўвесь закон, які даў ім паслугач Мой, Майсей».
Але яны ня слухалі Яго, і зьвёў іх Манаса, каб рабілі горш, чым народы, якія вынішчыў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
А яны не паслухалі Яго, але былі падманутыя Манасам, так што дапускаліся ліха горш, чым народы, якіх вынішчыў Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля.
І прамаўляў ГОСПАД праз слугаў Сваіх, прарокаў, кажучы:
І прамовіў Госпад праз паслугачоў Сваіх, прарокаў, гэтыя словы:
«За тое, што Манаса, валадар Юды, робіць брыдоты, горшыя, чым усё, што рабілі Амарэйцы перад ім, і ўвёў у грэх нават Юду ідаламі сваімі,
«За тое, што Манаса, цар Юдэі, дапускаўся такіх агіднасцей, найгоршых з усяго, чаго дапускаліся амарэі перад ім, і таксама за тое, што ён уцягнуў у грэх Юдэю ідаламі сваімі,
дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я навяду ліха на Ерусалім і Юду, што ў кожнага, хто пачуе [пра гэта], зазьвініць у абодвух вушах ягоных.
таму вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду няшчасці на Ерузалім і Юдэю, так што ў кожнага, хто пачуе, зазвініць у абодвух вушах яго.
І Я працягну над Ерусалімам [меральны] шнур Самарыі і грунтвагу дому Ахава, і вытру Ерусалім, як выціраецца міска, вытру і перавярну дагары дном.
І працягну Я над Ерузалімам вяроўку Самарыі і цяжар дому Ахаба, і вытру Ерузалім, як выціраецца міска, выціраецца і пераварочваецца дагары нагамі.
І Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам іх у рукі ворагаў іхніх, і стануцца яны рабункам і здабычай усіх ворагаў іхніх.
І Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам яе ў рукі ворагаў яе, і будуць яны ў разарэнні і здабычай для ўсіх ворагаў сваіх,
За тое, што яны рабілі ліхоту ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія з Эгіпту, аж па гэты дзень”».
бо яны рабілі ліхое перад вачамі Маімі і працягвалі гнявіць Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іх з Егіпта, аж па гэты дзень”.
Таксама Манаса праліваў вельмі шмат крыві нявіннай, аж напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, ня лічачы грахоў, у якія ўвёў Юду, робячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА.
Таксама ж Манаса праліў вельмі шмат нявіннай крыві, аж напоўніў ёй Ерузалім да краю, не лічачы грахоў, у якія ўцягнуў Юдэю, каб дапускалі яны ліхое ў вачах Госпадавых».
А іншыя дзеяньні Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і грахі ягоныя, якімі грашыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
А рэшта дзеянняў Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і яго грэх, якога дапускаўся, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дому свайго, у садзе Узіі. І стаў валадаром пасьля яго Амон, сын ягоны.
І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дома свайго, у садзе Озы; і па ім стаў царом сын яго, Амон.
Амон меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме два гады. Імя маці ягонай — Мэшулемэт, дачка Харуца з Ётбы.
Амон меў дваццаць два гады, калі стаў царом і цараваў ён у Ерузаліме два гады. Маці яго называлася Мэсалемэт, дачка Харуса з Ятэбы.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як Манаса, бацька ягоны,
І дапускаўся ён ліхога перад абліччам Госпада, як рабіў Манаса, бацька яго,
і хадзіў усімі шляхамі, якімі хадзіў бацька ягоны, і служыў ідалам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім.
і хадзіў усімі дарогамі, якімі хадзіў бацька яго; і служыў ідалам, якім бацька яго служыў, і пакланяўся ім.
І пакінуў ён ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў шляхам ГОСПАДА.
І пакінуў ён Госпада, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў дарогаю Госпада.
І змовіліся супраць Амона слугі ягоныя, і забілі валадара ў доме ягоным.
І змовіліся супраць яго паслугачы яго, і забілі цара ў доме яго;
Але народ зямлі забіў усіх, якія былі змовіўшыся супраць валадара Амона, і паставілі сабе на валадара замест яго Ёсію, сына ягонага.
а народ зямлі забіў усіх, хто змовіўся супраць цара Амона, і выбралі сабе царом замест яго Осію, сына яго.
А іншыя дзеяньні Амона, якія ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
А іншыя дзеянні Амона, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
І пахавалі яго ў садзе Узіі ў магіле ягонай. І стаў валадаром пасьля яго Ёсія, сын ягоны.
І пахавалі яго ў садзе Озы ў яго магіле; і па ім стаў цараваць сын яго, Осія.