4 царстваў 7 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І сказаў Элісэй: «Слухайце слова ГОСПАДА. Гэта кажа ГОСПАД: “Заўтра ў гэты час сэя найчысьцейшай мукі будзе за адзін сыкль, і дзьве сэі ячменю [будуць] за адзін сыкль у браме Самарыі”».
І сказаў тады Элісей: «Слухайце слова Госпада: вось, што кажа Госпад: “Заўтра, у гэтую самую гадзіну, адна мера найчысцейшай мукі будзе за адзін сікль, дзве меры ячменю за адзін сікль у браме Самарыі”».
І адказаў збраяносец, на руку якога абапіраўся валадар, і сказаў чалавеку Божаму: «Хоць бы [нават] ГОСПАД зрабіў вокны ў небе, ня можа стацца слова гэтае». І [Элісэй] сказаў: «Вось, ты ўбачыш вачыма сваімі, але есьці гэтага ня будзеш!»
У адказ на гэта правадыр, на плячо якога абапіраўся цар, сказаў чалавеку Божаму: «Хоць бы Госпад зрабіў нават вокны ў нябёсах, ніколі не можа стацца тое, што ты гаворыш». Ён адказаў: «Ты ўбачыш сваімі вачамі, і не будзеш гэтага есці!»
І былі чацьвёра пракажоных каля ўваходу ў браму. І сказалі яны адзін аднаму: «Навошта мы тут сядзім, [чакаючы] сьмерці?
І былі чацвёра пракажоных ля ўваходу ў браму; сказалі яны адзін аднаму: «Што мы тут сядзім, чакаючы смерці?
Калі скажам: "Хадзем у горад", у горадзе голад, і мы там памром; калі будзем сядзець тут, [таксама] памром. І цяпер хадзем, пойдзем у табар Сірыйцаў. Калі пашкадуюць нас, будзем жыць, а калі заб’юць, тады памром».
Калі захочам пайсці ў горад, з голаду памром; калі застанёмся тут, таксама трэба будзе памерці. Дык хадземце, пойдзем у лагер сірыйскі. Калі пашкадуюць нас, будзем жыць; а калі захочуць забіць, то памром».
І ўсталі яны ў поцемках, каб пайсьці ў табар Сірыйцаў. І дайшлі да краю табару Сірыйцаў, і вось, нікога там няма.
Дык падняліся яны ўвечары, і пайшлі да лагера сірыйцаў. А калі дайшлі да лагера сірыйскага, нікога там не знайшлі.
Бо ў табары Сірыйскім даў Госпад чуць голас калясьніцаў, коней і войска вялікага, і сказалі яны адзін аднаму: «Вось, валадар Ізраіля наняў супраць нас валадароў Хетаў і валадароў Эгіпецкіх, каб ішлі супраць нас».
Бо ў лагеры сірыйскім даў Госпад чуць грукат калясніц, і коней, і вялікага войска; і казалі яны адзін аднаму: «Вось, цар Ізраэля наняў супраць нас цароў хетэяў і егіпцян, каб ішлі на нас».
І ўсталі яны, і ўцяклі ў поцемках, і пакінулі намёты свае, коней сваіх і аслоў сваіх у табары, як былі, і ратавалі душы свае.
Дык ускочылі яны і ўцяклі ў поцемках, і пакінулі свае палаткі, і коней, і аслоў, і лагер, як быў, і ўцяклі, ратуючы сваё жыццё.
І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табару, і ўвайшлі ў адзін намёт, і елі, і пілі, і ўзялі там срэбра і золата, і адзеньне, і пайшлі, і схавалі. І вярнуліся, і ўвайшлі ў іншы намёт, і там узялі, і пайшлі, і схавалі.
І, калі прыйшлі тыя пракажаныя да краю лагера, яны ўвайшлі ў адну палатку, і наеліся, і напіліся; і набралі там срэбра і золата, і адзення, і пайшлі, і схавалі. І зноў вярнуліся ў другую палатку, і адтуль усё павыносілі і схавалі.
І сказалі яны адзін аднаму: «Ня так мы робім, як трэба. Дзень гэты — дзень радаснай весткі, а мы маўчым. Калі будзем адкладаць аж да сьвятла раніцы, спаткае нас кара. Хадземце, пойдзем і паведамім дому валадара».
І сказалі яны адзін аднаму: «Дрэнна мы робім; бо дзень гэты — дзень радаснай весткі, а мы маўчым. Калі будзем адкладаць аж да раніцы, то нас зловяць на злачынстве; хадземце, пойдзем і паведамім у палацы цара».
І прыйшлі яны, і паклікалі вартаўнікоў гораду, і паведамілі ім, кажучы: «Пайшлі мы ў табар Сірыйцаў, і вось, там няма нікога, і няма голасу Сірыйцаў а толькі коні і аслы прывязаныя, і намёты, як былі».
І калі прыйшлі яны, то паклікалі вартаўнікоў горада і расказалі ім, так кажучы: «Пайшлі мы ў лагер сірыйскі і не знайшлі там ніводнага чалавека, а толькі коней, і аслоў прывязаных, і палаткі, як былі».
І вартаўнікі закрычалі, і паведамілі дому валадара.
І вартаўнікі, пераклікаючыся, перадалі гэту вестку ў палац царскі.
І ўстаў валадар уначы, і сказаў слугам сваім: «Скажу вам, што зрабілі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы галодныя, і яны выйшлі з табару, каб схавацца ў полі, кажучы: “Калі яны выйдуць з гораду, мы захопім іх жывымі і ўвойдзем у горад”».
І ўстаў цар ноччу, і сказаў паслугачам сваім: «Скажу вам, што зрабілі нам сірыйцы. Яны ведаюць, што мы галодныя, і таму выйшлі яны з лагера і схаваліся ў полі, думаючы так: “Калі выйдуць яны з горада, мы захопім іх жывымі і тады зможам увайсці ў горад”».
І адказаў адзін са слугаў ягоных, і сказаў: «Возьмем пяць коней, якія засталіся ў [горадзе], бо толькі яны засталіся з усяго мноства Ізраіля, якое загінула, і пойдзем, і ўбачым».
А адзін з паслугачоў яго адказаў: «Возьмем пяць коней, якія засталіся ў горадзе; хай яны будуць, як усё мноства Ізраэля, якое знясілена; такім чынам, мы адправім іх, і пабачым».
І ўзялі дзьве калясьніцы з коньмі, і валадар паслаў іх у табар Сірыйскі, кажучы: «Ідзіце і паглядзіце!»
І прывялі дзве калясніцы з конямі, і цар паслаў іх за войскам сірыйскім, загадваючы: «Ідзіце і паглядзіце!»
І пайшлі яны за імі аж да Ярдану, і вось, уся дарога поўная адзеньня і рэчаў, якія кідалі Сірыйцы, уцякаючы. І вярнуліся пасланцы, і паведамілі валадару.
Пайшлі яны за імі аж да Ярдана; і вось, уся дарога была закідана адзеннем і рэчамі, якія кідалі сірыйцы, уцякаючы. І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта цару.
І выйшаў народ, і рабаваў табар Сірыйцаў. І была сэя найчысьцейшай мукі за адзін сыкль, і дзьве сэі ячменю за адзін сыкль, паводле слова ГОСПАДА.
І выйшаў народ, і рабаваў лагер сірыйскі. І сталася, што адна мера найчысцейшай мукі каштавала адзін сікль, а дзве меры ячменю — адзін сікль, паводле слова Госпада.
І валадар прызначыў таго збраяносца, на руку якога абапіраўся, [вартаваць] каля брамы. І народ затаптаў яго ў браме, і ён памёр, як прамовіў чалавек Божы, прамаўляючы, калі прыходзіў валадар да яго.
А цар загадаў таму правадыру, на плячо якога абапіраўся, вартаваць каля брамы; і натоўп затаптаў яго ў браме, і ён памёр, як прадказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў цар да яго.
І было, калі чалавек Божы прамовіў да валадара, кажучы: «Заўтра ў гэты час дзьве сэі ячменю будуць у браме Самарыі за адзін сыкль, і адна сэя найчысьцейшай мукі за адзін сыкль,
І сталася паводле слова чалавека Божага, якое ён сказаў цару, калі паведамляў: «Заўтра ў гэтую пару дзве меры ячменю будуць каштаваць адзін сікль, і мера найчысцейшай мукі — адзін сікль у браме Самарыі»;
адказаў збраяносец чалавеку Божаму: «Хоць бы [нават] ГОСПАД зрабіў вокны ў небе, ня можа стацца слова гэтае», а той сказаў: «Вось, ты ўбачыш вачыма сваімі, але есьці гэтага ня будзеш».
калі той правадыр адказаў чалавеку Божаму і сказаў: «Хоць бы Госпад зрабіў нават вокны ў нябёсах, ці магло б споўніцца гэтае слова?» І той сказаў яму: «Ты, вось, убачыш гэта сваімі вачамі, а есці гэтага не будзеш».
І сталася так, і затаптаў яго народ у браме, і ён памёр.
Такім чынам, затаптаў яго натоўп у браме насмерць.