1 летапісаў 27 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Сыны Ізраіля паводле ліку іхняга, галовы [дамоў] бацькоў, і начальнікі тысячаў і сотняў, і наглядчыкі іхнія, што паслугавалі валадару ў-ва ўсіх справах харугваў, якія прыходзілі і выходзілі месяц у месяц, усе месяцы году. Кожная харугва — дваццаць чатыры тысячы.
А сыны Ізраэля па іх ліку: кіраўнікі родаў, тысячнікі і сотнікі ды валадары, якія служылі цару са сваімі дружынамі, прыходзячы і адыходзячы штомесячна на працягу года, кожная дружына налічвала чатыры тысячы.
Над харугвай першай, на месяц першы — Яшобаам, сын Забдыэля; у харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы;
Першай дружынай у першы месяц кіраваў Есбаам, сын Забдзіэля, і пад ім — дваццаць чатыры тысячы ваяроў;
Ён быў з сыноў Пэрэса, галоўны над усімі начальнікамі войска першага месяца.
ён быў з сыноў Пэрэса, кіраўнік усіх кіраўнікоў войска ў першым месяцы.
І над харугвай другога месяца — Дадай Ахахіянін, і ў харугве ягонай Міклот, начальнік; у харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У другім месяцы кіраваў дружынай Дудзі Агагіт, і пад ім было дваццаць чатыры тысячы.
Князь трэцяй харугвы на трэці месяц — Бэная, сын Егаяды, галоўнага сьвятара; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
А ў трэцім месяцы кіраўніком трэцяй дружыны быў Баная, сын Ёяды святара, і ў сваім падраздзяленні меў дваццаць чатыры тысячы;
Гэты Бэная [быў] магутны сярод трыццаці і [быў] над трыццацьцю; і ў харугве ягонай [быў] Амізавад, сын ягоны.
гэты ж Баная быў наймужнейшым між трыццаццю і камандаваў трыццаццю, а кіраўніком яго дружыны быў сын яго Амізабад.
Чацьвёрты на чацьвёрты месяц — Асаэль, брат Ёава, і пасьля яго Зэвадыя, сын ягоны; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У чацвёртым месяцы чацвёртым быў брат Ёаба Асаэль і Забадзія, сын яго, па ім, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
Пяты на пяты месяц — князь Шамгут Ізрахянін; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У пятым месяцы пятым быў кіраўнік Самаот Зараіт, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
Шосты на шосты месяц — Іра, сын Ікеша, з Тэкоа; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У шостым месяцы шостым быў Хіра, сын Акеса, Тэкуіт, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
Сёмы на сёмы месяц — Хэлец, Пэланянін, з сыноў Эфраіма; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У сёмым месяцы сёмым быў Гэлес Паланіт з сыноў Эфраіма, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
Восьмы на восьмы месяц — Сібэхай Хушанін, з Зархітаў; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У восьмым месяцы восьмым быў Сабахай Гусаціт з роду Зары, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
Дзявяты на дзявяты месяц — Абіэзэр з Анатоту, з [сыноў] Бэн’яміна; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У дзевятым месяцы дзевятым быў Абіязэр Анатаціт з сыноў Бэньяміна, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
Дзясяты на дзясяты месяц — Маграй з Нэтофы, з Зархітаў; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У дзесятым месяцы дзесятым быў Магарай, нэтафатыт з роду Зары, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
Адзінаццаты на адзінаццаты месяц — Бэная з Піратону, з сыноў Эфраіма; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У адзінаццатым месяцы адзінаццатым быў Баная, Паратаніт з сыноў Эфраіма, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
Дванаццаты на дванаццаты месяц — Хэлдай з Нэтофы, з Атніэля; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.
У дванаццатым месяцы дванаццатым быў Галдай, нэтафатыт з роду Атаніэля, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы.
А над каленамі Ізраіля [былі]: у Рубэна — начальнік Эліэзэр, сын Зіхры, у Сымона — Шэфатыя, сын Маахі;
Затым над пакаленнямі Ізраэля сталі: над Рубэнітамі кіраўніком быў Эліязэр, сын Зэхры; над Сімяонітамі — Сафація, сын Маахі;
у Левія — Хашавія, сын Кемуэля; у Аарона — Цадок;
над левітамі — Гасабія, сын Кемуэля, над ааранітамі — Садок;
у Юды — Элігу, з братоў Давіда; у Ісахара — Амры, сын Міхаэля;
над пакаленнем Юды — Элію з братоў Давіда; над пакаленнем Ісахара — Амры, сын Міхаэля;
у Завулёна — Ішмая, сын Абадыі; у Нэфталі — Ерымот, сын Азрыэля.
над Забуланітамі — Есмая, сын Абдзіі; над Нэфталітамі — Ерымот, сын Азрыэля;
у сыноў Эфраіма — Осія, сын Азазіі; у паловы калена Манасы — Ёэль, сын Пэдаі;
над сынамі Эфраіма — Осія, сын Азазіі; над паловай пакалення Манасы — Ёэль, сын Падаі;
у паловы Манасы ў Гілеадзе — Іддо, сын Захарыі; у Бэн’яміна — Яасіэль, сын Абнэра;
над паловай пакалення Манасы ў Галаадзе — Ядо, сын Захарыі; над Бэньямінцамі — Ясіэль, сын Абнэра;
у Дана — Азарэль, сын Ерахама. Гэта князі каленаў Ізраіля.
над Данітамі — Азарыэль, сын Ерахама: яны былі князямі пакаленняў Ізраэля.
Давід не лічыў тых, што былі ад дваццаці гадоў і ніжэй, бо ГОСПАД сказаў, што Ён памножыць Ізраіля, як зоркі ў небе.
А Давід не пажадаў лічыць тых, хто меў па дваццаць гадоў або менш, бо Госпад сказаў, што памножыць Ізраэль, як зоркі на небе.
Ёаў, сын Цэруі, пачаў рабіць перапіс і ня скончыў. І быў за гэта гнеў [Божы] на Ізраіля, і не ўвайшоў той лік у лікі летапісу валадара Давіда.
Ёаб, сын Сэруі, пачаў лічыць і не скончыў, бо дзеля гэтага паў гнеў на Ізраэль, і таму не прадстаўлена таго ліку ў Кнізе Хронікаў Цара Давіда.
Над скарбніцамі валадара быў Азмавэт, сын Адыэля, а над гумнамі ў полі, у гарадах, у вёсках і ў вежах — Ёнатан, сын Узіі.
Над скарбамі цара быў Азмавэт, сын Адзіэля, а над скарбамі ў правінцыі, у гарадах, у вёсках і ў вежах стаяў Ёнатан, сын Озіі.
Над тымі, што рабілі працу ў полі, абраблялі грунты [быў] Эзры, сын Келува,
А над работнікамі ў полі і сельскай гаспадаркай стаяў Эздра, сын Хелуба.
над вінаграднікамі — Шымэй з Рамы; а над запасамі віна ў вінных скарбніцах — Заўдыя з Шыфмы;
І над работнікамі вінаграднікаў — Сямэй Раматыт; а над віннымі скляпамі ў вінаградніках — Забдый Сэпаматыт.
над дрэвамі аліўнымі і над дрэвамі фігавымі, якія ў Шэфэлі — Баал-Ханан з Гедэру; а над скарбніцамі аліўнымі — Ёаш;
А над масліннымі і фігавымі гаямі, што былі ў Сэфэлі, — Баал-Ханан Гадэрыт; а над кладоўкамі з аліўкавым алеем — Ёас.
над валамі, якія пасьвяцца ў Шароне — Шытрай з Шарону; а над валамі ў далінах — Шафат, сын Адлая;
Затым над быдлам, якое пасвілася ў Сароне, загадчыкам быў Сэтрай Сараніт, і над валамі ў далінах — Сафат, сын Адлі.
над вярблюдамі — Авіл Ізмаэлец; над асьліцамі — Ехдэя з Мэраноту;
А над вярблюдамі — Убіль Ізмаэлец, і над асламі — Ягэдэй Мэранатыт;
над авечкамі — Языз Гагранін. Усе яны — князі над маёмасьцю, якая ў валадара Давіда.
таксама над авечкамі — Язіз Агарэй: усе яны былі кіраўнікамі маёмасці цара Давіда.
Ёнатан, дзядзька Давіда, быў дарадцам, ён — чалавек разумны і пісьменны; Ехіэль, сын Хахмоні, [быў] з сынамі валадара;
А Ёнатан, дзядзька Давіда, быў дарадчыкам, як чалавек разважны і вучоны, ён і Ягіэль, сын Гахаманіта, былі разам з сынамі цара.
Ахітафэль — дарадца валадара; Хушай Аркеец — сябра валадара.
Таксама Ахітафэл быў дарадчыкам цара і Хусай арахеец быў прыяцелем цара;
Пасьля Ахітафэля [быў] Егаяда, сын Бэнаі, і Эбіятар; а начальнікам войска валадара [быў] Ёаў.
па Ахітафэлу быў Ёяда, сын Банаі, ды Абіятар. Кіраўніком жа войска царскага быў Ёаб.