Нээміі 5 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І быў вялікі крык народу і жонак іхніх на братоў сваіх Юдэяў.
 
І падняўся крык вялікі ў народзе і сярод жонак яго супраць братоў сваіх юдэяў.

І былі [тыя], якія казалі: «Нас, сыноў нашых і дочак нашых шмат; і мы мусім браць збожжа, каб есьці і жыць».
 
І былі такія, што гаварылі: «Сыноў нашых і дачок нашых пазакладвалі мы, каб атрымаць збожжа і мець што есці і жыць!»

І былі тыя, якія казалі: «Палі свае, вінаграднікі свае і дамы свае мы закладаем, каб купіць збожжа ў часе голаду».
 
А іншыя казалі: «Палі нашы і вінаграднікі, і дамы нашы мы пазакладвалі, каб атрымаць збожжа ў час голаду!»

І былі тыя, якія казалі: «Мы бяром у пазыку на падаткі валадару, [даўшы ў заклад] палі нашыя і вінаграднікі нашыя.
 
І былі тыя, што казалі: «Пазычылі срэбра на падаткі цару пад заклад нашых палёў і нашых вінаграднікаў.

І цяпер, целы нашыя такія, як целы братоў нашых, і сыны нашыя такія, як сыны іхнія; а вось, мы мусім аддаваць у няволю сыноў сваіх і дачок сваіх, і некаторыя з дачок нашых зьняволеныя; і мы ня маем сілы ў руках нашых, бо палі нашыя і вінаграднікі нашыя — у іншых [людзей]».
 
І цяпер, як цела братоў нашых, так і наша цела, як іх сыны, так і нашы сыны; вось, аддаём сыноў нашых і нашых дачок у няволю, і некаторыя з дачок нашых ужо зняволеныя, і мы не маем сродкаў, каб выкупіць іх, бо палі нашы і вінаграднікі нашы ва ўладанні ў іншых».

І я моцна загневаўся, калі пачуў крык іхні і словы гэтыя.
 
І калі пачуў я лямант іх і гэтыя словы, то дужа разгневаўся.

І дало раду ў-ва мне сэрца маё, і я спрачаўся са шляхтай і кіраўнікамі, і сказаў ім: «Вы бярэце вялікі адсотак кожны з брата свайго». І я сабраў вялікую грамаду супраць іх,
 
І я разважыў у сваім сэрцы і строгую вымову зрабіў магнатам і кіраўнікам, і казаў ім: «Усе вы бераце з братоў сваіх ліхву!» І я склікаў супраць іх вялікі сход

і сказаў ім: «Мы паводле магчымасьцяў нашых выкупляем братоў нашых, Юдэяў, якія прададзены паганам, а вы прадаяцё братоў вашых, і яны прадаваныя вам». І яны маўчалі, і не знаходзілі слова, [каб адказаць].
 
і сказаў ім: «Мы, як ведаеце, па магчымасці нашай выкуплівалі нашых братоў юдэяў, якія былі прададзены паганам, а вы прадаяце вашых братоў, каб яны прадаваліся нам?» І яны маўчалі, і не маглі нічога адказаць.

І я сказаў: «Нядобрая рэч, якую вы робіце. Ці ж ня ў страху Бога нашага павінны вы хадзіць, каб пазьбегнуць ганьбаваньня ад паганаў, ворагаў нашых?
 
І сказаў я ім: «Нядобрая тая справа, што вы робіце. Чаму вы не ходзіце ў страху Бога нашага, каб не ўпікалі нам пагане, ворагі нашы?

І таксама я, браты мае і юнакі мае пазычалі для іх срэбра і збожжа. Даруйма, прашу, адсоткі гэтыя!
 
І я, і мае браты, і мае паслугачы пазычылі вельмі многім грошы і збожжа; мы даруем ім гэтыя працэнты.

Вярніце ім, прашу, яшчэ сёньня палі іхнія, аліўнікі іхнія і дамы іхнія, і таксама адсоткі за срэбра і збожжа, віно і алей, якія вы ўзялі ад іх».
 
Вярніце і вы ім зараз іх палі, і вінаграднікі іх, і аліўкавыя гаі іх, і дамы іх, і працэнт ад грошай, збожжа, віно і аліўкавы алей, які вы звычайна бераце ад іх».

І яны сказалі: «Вернем і ня будзем ад іх вымагаць; зробім так, як ты кажаш». І я паклікаў сьвятароў, і запрысягнуў іх, што яны так зробяць.
 
І яны адказалі: «Вернем і не будзем нічога ад іх дамагацца; і зробім так, як ты кажаш». І я паклікаў святароў і заклікаў іх да прысягі, каб зрабілі яны так, як было сказана.

Таксама заўлоньне сваё я вытрас і сказаў: «Гэтак няхай вытрасе Бог кожнага чалавека, які ня будзе стаяць пры слове гэтым, з дому ягонага і з таго, што належыць яму, і гэтак няхай ён будзе вытрасены і пусты!» І сказала ўся царква: «Амэн!», і ўславілі ГОСПАДА. І зрабіў народ паводле слова гэтага.
 
Акрамя таго, вытрас я адзенне сваё і сказаў: «Так хай Бог вытрасе кожнага чалавека з дома яго і з працы яго, калі ён не стрымае гэтага абяцання; так хай ён будзе вытрасены і хай будзе ён пусты». І ўвесь сход сказаў: «Амін!» Ды ўславілі Бога. І ўчыніў народ так, як было сказана.

Таксама ад дня, калі [валадар] загадаў мне быць ваяводам іхнім у зямлі Юды, ад дваццатага году да трыццаць другога году валадара Артарксэркса, дванаццаць гадоў, я і браты мае ня елі хлеба ваяводы.
 
А ад таго дня, у які загадаў мне цар быць кіраўніком на зямлі Юдэі, ад дваццатага года аж да трыццаць другога года цара Артаксэркса, на працягу дванаццаці гадоў, ані я не еў хлеба, які належаў намеснікам, ані мае браты.

А ранейшыя ваяводы, якія былі да мяне, абцяжарвалі народ і бралі з яго хлеб і віно, і яшчэ сорак сыкляў срэбра. Таксама юнакі іхнія панавалі над народам. А я так не рабіў дзеля страху Божага.
 
Ранейшыя ж кіраўнікі, якія былі перада мною, накладалі на народ цяжары і бралі ад іх штодзень замест хлеба сорак сікляў срэбра; але і паслугачы іх прыгняталі народ. Я ж не рабіў гэтага дзеля страху Божага,

І таксама я працаваў, адбудоўваючы мур гэты; і палёў мы не куплялі; і ўсе юнакі мае зьбіраліся там на працу.
 
і нават я [за свой кошт] займаўся аднаўленнем мура; і зямлі не купляў; і ўсе паслугачы мае збіраліся туды на працу.

І Юдэі, і кіраўнікоў сто пяцьдзясят чалавек, і тыя, што прыходзілі да нас з народаў, якія вакол нас, [былі] за сталом маім.
 
Таксама юдэі і кіраўнікі, сто пяцьдзесят чалавек, і тыя, што прыходзілі да нас з плямён навакольных мясцін, былі на маім сталаванні.

І вось тое, што было гатавана на адзін дзень: аднаго вала, шэсьць выборных авечак і [шмат] птушак гатавалі ў мяне; і за дзесяць дзён шмат выходзіла ўсялякага віна. І пры гэтым хлеба ваяводы я не патрабаваў, бо цяжкая [была] праца народу гэтага.
 
Гатаваўся для мяне штодзень адзін вол, шэсць бараноў адборных, за выключэннем птушак; і на працягу дзесяці дзён — мноства ўсякага віна. Акрамя таго, і хлеба намесніцтва майго я не патрабаваў; бо цяжкай была няволя гэтага народа.

Памятай пра мяне, Божа мой, на дабро мне, пра ўсё, што я зрабіў для народу гэтага!
 
Памятай пра мяне, Божа мой, на карысць паводле ўсяго таго, што я зрабіў для гэтага народа.