Нээміі 5 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І быў вялікі крык люду а жанок ягоных на братоў сваіх Юдэяў.
 
І падняўся крык вялікі ў народзе і сярод жонак яго супраць братоў сваіх юдэяў.

І ё, што кажуць: «Нас, сыноў нашых а дачок нашых шмат; затым мы бярэм збожжа, каб мы маглі есьці й жыць».
 
І былі такія, што гаварылі: «Сыноў нашых і дачок нашых пазакладвалі мы, каб атрымаць збожжа і мець што есці і жыць!»

Ё й такія, што кажуць: «Полі свае, вінішчы свае а дамы свае мы застаўляем, каб купіць збожжа, бо голад».
 
А іншыя казалі: «Палі нашы і вінаграднікі, і дамы нашы мы пазакладвалі, каб атрымаць збожжа ў час голаду!»

Ё, што кажуць: «Мы пазычаем срэбра на падачкі каралю на свае полі а вінішчы;
 
І былі тыя, што казалі: «Пазычылі срэбра на падаткі цару пад заклад нашых палёў і нашых вінаграднікаў.

Ціж у нас не такія целы, якія ў братоў нашых? і сынове нашыя такія ж, як сынове іхныя; і вось, мы мусім аддаваць у няволю за слугаў сыноў сваіх а дачкі свае, а некатрыя з дачок нашых адданы ў няволю; і ня маем змогі выкупіць іх, бо ў іншых людзёў нашы полі а вінішчы».
 
І цяпер, як цела братоў нашых, так і наша цела, як іх сыны, так і нашы сыны; вось, аддаём сыноў нашых і нашых дачок у няволю, і некаторыя з дачок нашых ужо зняволеныя, і мы не маем сродкаў, каб выкупіць іх, бо палі нашы і вінаграднікі нашы ва ўладанні ў іншых».

І я вельма засердаваў, як пачуў іхны крык а гэтыя словы.
 
І калі пачуў я лямант іх і гэтыя словы, то дужа разгневаўся.

І ўзрушыла мяне сэрца мае, і сьперачаўся з панамі а дзяржаўцамі, і сказаў ім: «Вы вымагаеце надзвычайных працэнтаў кажны з брата свайго». І я зьбер вялікую грамаду супроці іх,
 
І я разважыў у сваім сэрцы і строгую вымову зрабіў магнатам і кіраўнікам, і казаў ім: «Усе вы бераце з братоў сваіх ліхву!» І я склікаў супраць іх вялікі сход

І сказаў ім: «Мы подле свае магчымасьці выкупілі братоў сваіх, Юдэяў, каторыя былі праданы паганам, а вы навет будзеце прадаваць братоў сваіх, альбо будзеце прадаваць іх нам?» Яны маўчэлі й нічагусенькі не знаходзілі адказаць.
 
і сказаў ім: «Мы, як ведаеце, па магчымасці нашай выкуплівалі нашых братоў юдэяў, якія былі прададзены паганам, а вы прадаяце вашых братоў, каб яны прадаваліся нам?» І яны маўчалі, і не маглі нічога адказаць.

І я сказаў: «Ня добра тое, што вы робіце. Ці не валей маеце хадзіць у боязьні Бога вашага, каб усьцерагчыся паганбеньня ад паган, непрыяцеляў нашых?
 
І сказаў я ім: «Нядобрая тая справа, што вы робіце. Чаму вы не ходзіце ў страху Бога нашага, каб не ўпікалі нам пагане, ворагі нашы?

І таксама я, браты мае а дзяцюкі мае прызначылі ім срэбра а збожжа. Калі ласка, даруйма працэнты гэтыя!
 
І я, і мае браты, і мае паслугачы пазычылі вельмі многім грошы і збожжа; мы даруем ім гэтыя працэнты.

Зьвярніце ж ім ад сядні полі іхныя, вінішчы іхныя, аліўнікі іхныя а дамы іхныя, таксама працэнты за срэбра а збожжа, новае віно а аліву, каторых вымагаеце ад іх».
 
Вярніце і вы ім зараз іх палі, і вінаграднікі іх, і аліўкавыя гаі іх, і дамы іх, і працэнт ад грошай, збожжа, віно і аліўкавы алей, які вы звычайна бераце ад іх».

І яны сказалі: «Зьвернем і ня будзем ад іх вымагаць; зробім так, як ты кажаш». І пагукаў я сьвятароў, і расказаў ім даць прысягу, што яны так зробяць.
 
І яны адказалі: «Вернем і не будзем нічога ад іх дамагацца; і зробім так, як ты кажаш». І я паклікаў святароў і заклікаў іх да прысягі, каб зрабілі яны так, як было сказана.

Таксама заўлоньне свае вытрусіў і сказаў: «Гэтак вытрусе Бог кажнага чалавека, каторы не дастое пры слове гэтым, з дому ягонага а гарапашнасьці ягонае, і гэтак хай будзе ў яго вытрушана й пуста!» І сказала ўся грамада: «Амін!» і ўславілі Бога. І зрабіў люд подле слова гэтага.
 
Акрамя таго, вытрас я адзенне сваё і сказаў: «Так хай Бог вытрасе кожнага чалавека з дома яго і з працы яго, калі ён не стрымае гэтага абяцання; так хай ён будзе вытрасены і хай будзе ён пусты». І ўвесь сход сказаў: «Амін!» Ды ўславілі Бога. І ўчыніў народ так, як было сказана.

Таксама адгэнуль, як я быў прызнаны за вайводу іхнага ў зямлі Юдэйскай, ад дваццатага году да трыццаць другога году караля Артаксэркса, двананцадь год, я а браты мае ня елі хлеба вайводзкага.
 
А ад таго дня, у які загадаў мне цар быць кіраўніком на зямлі Юдэі, ад дваццатага года аж да трыццаць другога года цара Артаксэркса, на працягу дванаццаці гадоў, ані я не еў хлеба, які належаў намеснікам, ані мае браты.

А першыя вайводы, каторыя былі да мяне, цяжарылі люд і бралі зь яго хлеб а віно, апрача сараку сыкляў срэбра; нават і дзяцюкі іхныя панавалі над людам. Я ж так не рабіў, з боязьні Божае.
 
Ранейшыя ж кіраўнікі, якія былі перада мною, накладалі на народ цяжары і бралі ад іх штодзень замест хлеба сорак сікляў срэбра; але і паслугачы іх прыгняталі народ. Я ж не рабіў гэтага дзеля страху Божага,

І таксама работу на гэнай сьцяне я праводзіў далей; і палёў мы ня куплялі; і ўсі дзяцюкі мае зьбіраліся туды на работу.
 
і нават я [за свой кошт] займаўся аднаўленнем мура; і зямлі не купляў; і ўсе паслугачы мае збіраліся туды на працу.

Юдэяў а дзяржаўцаў па сто пяцьдзясят чалавекаў апрача прыходзячых да нас із акалічных паган, бывала за сталом у мяне.
 
Таксама юдэі і кіраўнікі, сто пяцьдзесят чалавек, і тыя, што прыходзілі да нас з плямён навакольных мясцін, былі на маім сталаванні.

І во што было гатавана на адзін дзень: адзін вол, шэсьць выборных авец і птушкі гатавалі ў мяне; і за дзесяць дзён шмат выходзіла ўсялякага віна. І пры гэтым хлеба вайводзкага я не вымагаў, бо цяжкая служба на люду гэтым.
 
Гатаваўся для мяне штодзень адзін вол, шэсць бараноў адборных, за выключэннем птушак; і на працягу дзесяці дзён — мноства ўсякага віна. Акрамя таго, і хлеба намесніцтва майго я не патрабаваў; бо цяжкай была няволя гэтага народа.

Успомні, Божа мой, на дабро імне ўсе, што я зрабіў люду гэтаму!
 
Памятай пра мяне, Божа мой, на карысць паводле ўсяго таго, што я зрабіў для гэтага народа.