Нээміі 9 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І дваццаць чацьвертага дня гэтага месяца зьберліся сынове Ізраелявы — постуючыя, і ў зрэб’ю і з попелам на сабе.
А ў дваццаць чацвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ізраэльцы ў час посту і ў зрэбніцах, і з пасыпанымі попелам галовамі.
І аддзялілася насеньне Ізраелява ад усіх чужнікоў, і сталі, і спавядаліся з грахоў сваіх і зь бяспраўяў айцоў сваіх.
І аддзялілася пакаленне Ізраэля ад усякага чужынца; і падняліся, і вызналі ўсе грахі свае і правіннасці бацькоў сваіх.
І стаялі на сваім месцу, і чэцьверць дня чыталі з кнігі Закону СПАДАРА, Бога свайго, і чэцьверць спавядаліся а кланяліся СПАДАРУ, Богу свайму.
І падняліся, каб стаяць, і чвэрць дня чыталі з кнігі закону Госпада, Бога іх; і чвэрць вызнавалі свае грахі і пакланяліся Госпаду, Богу свайму.
І сталі на вышках зь Левітаў: Ешуа а Вань, Кадмель, Шэваня, Бунь, Шэрэва, Бань, Хенані, і гукалі вялікім голасам да СПАДАРА, Бога свайго.
А на ўзвышэнне для левітаў сталі: Ешуа, і Бані, і Кадмігэль, і Сэбанія, Буні, Сэрэбія, Бані, і Ханані, і закрычалі ўголас да Госпада, Бога свайго.
І сказалі Левітаве — Ешуа а Кадмель, Бань, Гашалнея, Шэрэва, Года, Шэваня, Петага: «Станьце, дабраслаўце СПАДАРА, Бога свайго, ад веку аж навекі. Хай дабраславяць славутае імя Твае, і няхай яно ўзьвялічыцца над усі дабраславенствы а хвалу!
І левіты: Ешуа, і Кадмігэль, Бані, Гасабнія, Сэрэбія, Годыя, Сэбанія, Пэтагія сказалі: «Устаньце і дабраславіце Госпада, Бога вашага, спакон веку і навек, ды дабраславіце велічнае імя славы Яго, вышэй за ўсякае дабраславенне і хвалу!
Ты ё Тый, СПАДАРУ, што сам учыніў нябёсы, нябёсы нябёс з усім войскам іх, зямлю а ўсе, што на ёй, моры а ўсе, што ў іх; і Ты жывіш усіх; і войска нябёснае Табе кланяецца.
Ты, Госпадзе, адзіны; Ты стварыў неба і нябёсы нябёсаў, ды ўсё войска іх, зямлю і ўсё, што на ёй, мора і ўсё, што ў ім; і Ты ажыўляеш усё гэта, і нябеснае войска Табе пакланяецца.
Ты ё Тый, СПАДАРУ Божа, што абраў Абрама, і вывеў яго з Ура Хальдэйскага, і даў яму імя Абрагам,
Ты Той, Госпадзе, Божа, Які выбраў Абрама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагам.
І знайшоў сэрца ягонае верным перад Сабою, і ўчыніў зь ім змову, каб даць насеньню ягонаму зямлю Канаанаў, Гэцічаў, Аморэяў а Перэзэаяў а Евусэяў а Ґерґесэў; і Ты споўніў слова Свае, бо Ты справядлівы.
І Ты знайшоў у ім сэрца, вернае Табе, і заключыў Ты з ім запавет, каб даць нашчадкам яго зямлю хананея, хетэя, амарэя і феразея, евусея і гергесея; і Ты споўніў словы Свае, бо Ты — справядлівы.
Ты абачыў гароту бацькоў нашых у Ягіпце, і галашэньне іхнае пачуў ля Чырвонага мора.
І Ты ўбачыў смутак бацькоў нашых у Егіпце, і пачуў лямант іх каля Чырвонага мора.
І даў знакі а чудосы на фараону, і на ўсіх слугах ягоных і на ўсім людзе зямлі ягонае, бо Ты ведаў, што яны задумлялі ліха на іх, і зрабіў Ты сабе імя дагэтуль.
І Ты паказаў знакі і цуды на фараоне, і на ўсіх паслугачах яго, і на ўсім народзе яго зямлі; бо ведаў Ты, што яны пагардліва ставіліся да іх, і ўславіў Ты імя Сваё па сённяшні дзень.
Ты прадзяліў перад імі мора, і яны сярод мора прайшлі па сушы, і тых, што гналіся за імі, ты ўкінуў у глыбіні, як камень у вялікія воды.
І Ты раздзяліў мора перад імі, і перайшлі яны сярэдзінай мора, па сухому; а тых, хто гнаўся за імі, укінуў Ты ў глыбіні мора, як камень у бурлівыя воды.
У стаўпе болачным Ты вёў іх удзень і ў стаўпе агняным — ночы, каб сьвяціць ім дарогу, кудэй ісьці ім.
І слупам воблачным павёў Ты іх удзень, і слупам агню быў для іх ноччу, каб асвятляць ім дарогу, якой ішлі.
І зышоў Ты на гару Сынай, і гукаў зь імі зь неба, і даў ім справядлівыя суды, праўдзівыя правы, добрыя ўставы а расказаньні;
Таксама Ты сышоў на гару Сінай, і гаварыў з імі з неба; і даў Ты ім суд справядлівы, і закон верны, пастановы і прыказанні добрыя.
І сьвятую сыботу Сваю азнайміў ім, і расказаў ім расказаньні, уставы а правы рукою Масея, слугі Свайго.
І паказаў Ты ім асвячоную Тваю суботу, і прыказанні, і пастановы, і закон даў ім праз рукі паслугача Твайго Майсея.
І хлеб ізь неба Ты даваў ім у галадоў іхную, і ваду із скалы тачыў ім у смазе іхнай, і сказаў ім прыйсьці адзяржаць на спадак зямлю, праз каторую Ты падняў руку даць ім.
Таксама хлеб з неба даў Ты ім у час голаду іх, і ваду вывеў Ты ім са скалы ў час смагі іх; і сказаў ім, каб увайшлі і валодалі зямлёю, над якой падняў Ты руку Сваю, каб даць яе ім.
Але яны а бацькі нашыя задумлялі ліха, і скалянілі завыйкі свае, і ня слухалі расказаньняў Тваіх;
Але яны, бацькі нашыя, трымалі сябе пагардліва, і зацвярдзелі каркі іх, і не слухалі прыказанняў Тваіх.
І адмовіліся слухаць, і ня ўспомнелі чудосаў Тваіх, што Ты ўчыніў у іх, і скалянілі шыі свае, і ў сваёй упорлівасьці ўстанавілі правадыра, каб зьвярнуцца да няволі свае. Але Ты Бог дараваньняў, ласкучынюшчы а спагадлівы, памальны да гневу а вельма міласэрны, і не пакінуў іх.
І не захацелі яны слухаць, і не памяталі цудаў Тваіх, якія чыніў Ты ім, і зацвярдзелі каркі іх, і нахілілі галаву сваю, каб вярнуцца ў Егіпет, у сваю няволю. Але Ты — Бог ласкавы, спагадлівы і міласэрны, цярплівы ды вялікай літасці, Ты не адвярнуўся ад іх.
Нават, як яны зрабілі сабе выліванае цялё й сказалі: "Гэта бог твой, што вывеў цябе зь Ягіпту", і рабілі вялікія блявузґаньні;
І нават тады, калі зрабілі сабе цяля літое, і гаварылі: “Гэта бог твой, які вывеў цябе з Егіпта”, і дапусціліся вялікіх блюзненняў,
Але Ты, зь вялікае бачнасьці Свае не пакінуў іх на пустыні: стоўп болачны не адходзіў ад іх у дзень, каб весьці іх па дарозе, і стоўп агняны — ночы, каб сьвяціць ім па дарозе, кудэй ім ісьці.
Ты, у бязмежнай міласэрнасці Сваёй, не пакінуў іх у пустыні: слуп воблака не адступіў ад іх удзень, каб весці іх дарогаю; і слуп агню — ноччу, каб асвятляць ім дарогу, па якой мелі ісці.
І Ты даў ім Духа Свайго добрага, каб навучаць іх, і манну Сваю не адыймаў ад вуснаў іхных, і ваду даваў ім прагнаць смагу іхную.
І даў Ты ім Свайго добрага Духа, каб ён вучыў іх, і манны Сваёй не забраў ад іх вуснаў, і ваду даў Ты ім у час іх смагі.
І сорак год Ты жывіў іх на пустыні; яны ня мелі нястачы; адзецьці іхныя не старэлі, і ногі ня пухлі.
Сорак гадоў карміў Ты іх у пустыні, і ні ў чым не мелі яны патрэбы; адзенне іх не нішчэла, ды ногі іх не пухлі.
І Ты даў ім гаспадарствы а люды, і надзяліў ім кажны куток, і яны апанавалі зямлю Сыгона, і зямлю караля Гэшбонскага, і зямлю Оґа, караля Вашанскага.
І даў Ты ім царствы і народы, і выдзеліў ім часткі; і яны авалодалі зямлёй Сэгона, цара Хесебона, і зямлёй Ога, цара Басана.
І сыноў іхных Ты размножыў, як зоры нябёсныя, і прывёў іх да тае зямлі, праз каторую Ты казаў бацьком іхным, што яны прыйдуць дзяржаць яе.
І памножыў Ты сыноў іх, як зоркі на небе; ды ўвёў іх у зямлю, якую абяцаў бацькам іх, што ўвойдуць і будуць валодаць ёю.
І ўвыйшлі сынове іхныя, і апанавалі зямлю. І Ты ўслышыў перад імі жыхараў зямлі, Канаанаў, і аддаў іх у рукі іхныя, і каралёў іхных, і люды зямлі, каб яны рабілі зь імі подле волі свае.
І ўвайшлі сыны, і авалодалі зямлёю, і Ты ўпакорыў перад імі жыхароў зямлі Ханаанскай; ды аддаў іх у іх рукі, і цароў іх, і народы зямлі, каб зрабілі з імі, як ім падабаецца.
І заваявалі яны ўмацаваныя месты й сытую зямлю, і замелі дамы, поўныя ўсялякага дабра, копані, вінныя а аліўныя сады і множасьць садовых дзерваў. Дык яны елі, і пад’елі, і ўеліся, і раскашаваліся ў Тваёй вялікай дабрыні;
Такім чынам, занялі яны гарады ўмацаваныя і зямлю ўраджайную; і завалодалі дамамі, напоўненымі ўсякім дабром, студнямі, зробленымі іншымі людзьмі, вінаграднікамі і гаямі аліўкавымі ды мноствам дрэў пладовых. І елі яны, і насычаліся, і растлусцелі дзеля вялікай дабраты Тваёй.
Але яны спрацівіліся а збунтаваліся супроці Цябе, і закінулі Права Твае за хрыбет свой, і забівалі прарокаў Тваіх, каторыя сьветчылі супроці іх, каб навярнуць іх да Цябе, і зрабілі вялікія блявузґаньні.
Але ўгнявілі яны Цябе, і ўзбунтаваліся супраць Цябе, і пакінулі закон Твой; і пазабівалі прарокаў Тваіх, якія ім нагадвалі, каб вярнуліся да Цябе: ды дапусціліся вялікіх блюзненняў.
І Ты аддаў іх у рукі ўцісканьнікаў іхных, каторыя немарасьцілі іх. І часу бяды свае яны галасілі да Цябе, і Ты зь нябёс выслухаваў і, подле шмат якіх бачнасьцяў Сваіх, Ты даваў ім ратаваньнікаў, каторыя ратавалі іх ад рукі ўцісканьнікаў іхных.
І аддаў Ты іх у рукі ворагаў іх, каб здзекаваліся над імі; і яны ў час гора свайго прызвалі Цябе, і Ты пачуў іх з нябёсаў, і ў бязмежнай літасці Тваёй даў Ты ім збаўцаў, каб збаўлялі яны іх з рук ворагаў іх.
Як жа супакоеваліся, то ізноў пачыналі рабіць ліха перад відзеньням Тваім, і Ты пакідаў іх у руках непрыяцеляў іхных, і яны панавалі над імі. Але як яны зьвярнуліся а галасілі да Цябе, Ты выслухаваў іх ізь нябёс і выбаўляў іх шмат разоў, подле бачнасьцяў Сваіх.
І, пажыўшы ў супакоі, зноў вярнуліся яны, каб чыніць ліхоту перад абліччам Тваім; ды Ты аддаў іх у рукі ворагаў іх, і яны валадарылі над імі. І яны зноў навярнуліся і прызвалі Цябе; Ты ж выслухоўваў іх з неба і шмат разоў вызваляў іх у Сваёй вялікай міласэрнасці.
Ты сьветчыў ім зьвярнуцца да Права Твайго, але яны задумлялі ліха й ня слухалі расказаньняў Тваіх а судоў Тваіх, каторымі жыў бы чалавек, калі б паўніў іх, але грашылі супроці іх, і адхінулі плечы свае, і скалянілі завыек свой, і ня слухалі.
І заклінаў Ты іх, каб навярнуць да закону Твайго; але яны трымаліся пагардліва, і не паслухалі прыказанняў Тваіх, і грашылі адносна законаў Тваіх, якія, калі споўніць чалавек, то будзе жыць у іх, і зрабілі яны бунтарскім плячо сваё, і зацвярдзеў іх карак, і не выслухалі яны.
І Ты адвалок дзеля іх шмат год, і сьветчыў ім Духам Сваім прарокамі Сваімі; але яны не прыслухаліся. І Ты аддаў іх у руку людам земляў.
І шкадаваў Ты іх многа гадоў, і заклінаў іх Духам Тваім і праз рукі прарокаў Тваіх, і не выслухалі яны; і аддаў Ты іх у рукі народаў чужых земляў.
Але, зь вялікае бачнасьці Свае, Ты ня выгубіў іх сусім чыста ані пакінуў іх, бо Ты Бог ласкучынюшчы а спагадлівы.
Але ў міласэрнасці найвялікшай Сваёй не вынішчыў іх і не пакінуў Ты іх; бо Ты — Бог міласэрны і міласцівы.
Дык цяпер, Божа наш, Божа вялікі, магутны а страшны, змову а міласэрдзе заховуючы, хай ня менее перад Табою ўся гарота, што стрэла нас, каралёў нашых, князёў нашых а сьвятароў нашых а прарокаў нашых а бацькоў нашых а ўвесь люд ад часу каралёў Асырскіх аж дагэтуль.
Дык цяпер, Божа наш, вялікі, магутны і страшны, захоўваючы запавет і міласэрнасць, хай не будуць малымі ў Цябе ўсе беды, што наведалі нас, цароў нашых, і князёў нашых, і святароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых ды ўвесь народ Твой, ад дзён цароў асірыйскіх аж па гэты дзень.
Ты, адылі, справядлівы ў вусім, што прышло на нас, бо Ты рабіў праўдзіва, а мы рабілі нягодна.
І Ты справядлівы ва ўсім, што прыйшло на нас, бо Ты справядліва зрабіў, а мы бязбожна паводзілі сябе.
Ані каралёве нашы, князі нашы, сьвятарове нашы ані айцове нашы не дзяржалі Права Твайго ані прыслухаліся да расказаньняў Тваіх а сьветчаньняў Тваіх, каторымі Ты сьветчыў ім.
Цары нашы, князі нашы, святары нашы і бацькі нашы не споўнілі закону Твайго ды не зважалі на прыказанні Твае і на сведчанні Твае, якімі сведчыў перад імі.
Бо яны ня служылі Табе ў каралеўстве сваім ані ў вялікім дабру, што Ты даваў ім, ані ў прасторнай а сытой зямлі, каторую Ты даў ім, ані адвярнуліся ад нягодных учынкаў сваіх.
І яны ў царствах сваіх і ў дабраце Тваёй вялікай, якую Ты даў ім, і ў зямлі надта абшырнай і ўрадлівай, якую Ты ім даў, не служылі Табе ды не адвярнуліся ад учынкаў сваіх найгоршых.
Вось, мы нявольнікі цяпер і на зямлі, каторую Ты даў бацьком нашым есьці плады яе й дабро яе, вось, мы нявольнікі на ёй.
І вось, мы самі сёння сталі нявольнікамі ў зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб спажывалі плады яе і багацце яе, мы самі сталі нявольнікамі.
І яна даець шмат уроду каралём, хаторых Ты пастававіў над намі за грахі нашы. Яны самадумам пануюць таксама над целамі нашымі й над статкам нашым; а мы ў вялікім уціску.
І плады яе памнажаюцца для цароў, якіх ты паставіў над намі дзеля нашых грахоў, і яны валодаюць целамі нашымі і жывёлай нашай па сваёй волі, і мы знаходзімся ў вялікім прыгнёце.
І з прычыны ўсяго гэтага мы робім змову цьвярдую й падпісуем, а князі нашы, Левітаве, сьвятарове прыкладаюць пячаць».