Нээміі 13 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Таго дня чыталі ўчуткі люду з кнігі Масеявае і знайшлі напісанае ў ёй, каб ня ўвыйшоў Амонянін а Моаўлянін у грамаду Божую на векі,
 
У той жа дзень чытана было з кнігі Майсея перад народам, і адшукалі ў ёй, што аманіцяне і маабцы ніколі не павінны ўваходзіць у супольнасць Божую,

Бо яны не перанялі сыноў Ізраелявых з хлебам а вадою, і нанялі супроці яго Валаама, каб пракляў яго; але Бог наш абярнуў праклён у дабраславенства.
 
за тое, што яны не спаткалі ізраэльцаў з хлебам і вадой, і падкупілі супраць іх Балаама, каб іх праклясці, а Бог наш перамяніў праклён на дабраславенне.

І сталася, як пачулі Права, то яны аддзялілі ад Ізраелю ўсе мешанае.
 
Сталася ж, калі пачулі яны закон, то аддзялілі ад Ізраэля ўсё змяшанае.

А перад гэтым Еляшыў сьвятар, маючы нагляд над сьвірнам дому Бога нашага, пасваячыўся з Товаю
 
А нейкі час перад тым быў святар Эліясіб, кіраўнік над камораю дома Бога нашага і сваяк Тобіі;

І перадаў яму вялікі сьвіран, ідзе ўперад складалі хлебныя аброкі, кадзіла а судзьдзе а дзесяціны збожжа, новае віно а аліву, прызначаньне Левітам а пяюном а брамнікам, і аброкі сьвятаром.
 
і ўладкаваў для яго вялікі пакой, дзе раней складвалі дары з ежы, і кадзіла, і пасудзіны, і дзесяціну збожжа, віна, і аліўкавага алею, часткі для левітаў, і спевакоў, і прыдзверных, і дары для святароў.

Але тады я ня быў у Ерузаліме, бо трыццаць другога году Артарксэркса, караля Бабілёнскага, я прышоў да караля і, за колькі дзён, прасіў у караля адпуску.
 
А ў час усяго гэтага не быў я ў Ерузаліме, бо ў трыццаць другім годзе валадарання Артаксэркса, цара Бабілонскага, прыйшоў я да цара, і ў канцы дзён я папрасіў аб тым, каб пайсці ад цара,

І я прышоў да Ерузаліму, і ўцяміў ліха, што зрабіў Еляшыў дзеля Товы, прызначыўшы яму сьвіран у панадворках дому Божага;
 
і прыйшоў я ў Ерузалім. І даведаўся пра злачынства, якога дапусціўся Эліясіб адносна Тобіі: бо аддаў ён яму скарбоўню на панадворку дома Божага.

І было гэта вельма благім імне, і я выкінуў вон ізь сьвірна ўсі хатнія рэчы Товіны.
 
І гэтае злачынства выглядала для мяне вельмі ліхім, ды выкінуў я пасудзіны Тобіі на двор каморы;

І сказаў, каб ачысьцілі сьвіран, і зьвярнуў туды ізноў судзьдзе дому Божага, хлебныя аброкі а кадзіла.
 
і загадаў, і ачысцілі гэту камору, ды вярнуў я туды пасудзіны дома Божага: ахвяры з ежы і кадзіла.

І я даведаўся, што дзеляў Левітам не давалі, і разьбегліся кажны да поля свайго — Левітаве а пяюны, што рабілі работу сваю.
 
І даведаўся я, што належныя часткі ахвяр не далі левітам і ўсе спевакі і левіты, якія спаўнялі службу, уцяклі ў свае землі.

Тады пасварыўся я на начэльнікаў і сказаў: «Чаму вы апусьцілі дом Божы?» І я зьбер іх, і прызначыў іх на іхнае месца.
 
І зрабіў я вымову кіраўнікам, і сказаў: «Чаму пакінулі вы дом Божы?» І сабраў я іх, і паставіў іх на свае месцы.

Тады прыносілі ўсі Юдэі дзесяціну збожжа а новага віна а алівы да скарбніцаў.
 
І ўся Юдэя прынесла ў кладоўкі дзесяціну збожжа, віна і аліўкавага алею.

І прызначыў я скарбнікаў над скарбніцамі: Шэлему сьвятара а Садока пісьменьніка а Бедаю зь Левітаў, і пры іх Ганана, сына Закура Матфанёнка, бо іх мелі за верных. Абавязак іх — разьдзяляць братом сваім.
 
Ды паставіў я над кладоўкамі Сэлемію святара і Садока пісара і Падаю з левітаў, і каля іх Ханана, сына Закхура, сына Матаніі, бо пацвердзілі яны, што верныя; і ім было даручана даваць належныя часткі сваім братам.

Успомні мяне, о Божа мой, за гэта і ня вытры маіх добрых учынкаў, што я зрабіў дому Божаму й старожам яго.
 
Памятай дзеля гэтага пра мяне, Божа мой; ды не забывайся пра мае добрыя ўчынкі, якія зрабіў я ў доме Бога майго і ў службах Яго!

Гэтага часу я абачыў у Юдэі таўкучых віно ў таўчэльні ў сыботу, і возячых стагі, і накладаючых на аслы; а таксама віно, вінныя ягады а фіґі а ўсялякія цяжары, каторыя прывозілі да Ерузаліму ў сыботні дзень. І перасьцерагаў я іх таго дня пры сьветках, як прадавалі еміну.
 
У тыя дні ўбачыў я, як у Юдэі тапталі ў давільнях у суботу, насілі снапы і клалі на аслоў іх, а таксама і віно, і вінаград, і фігі, і ўсякі цяжар, і прывозілі ў Ерузалім у дзень суботні; і заклінаў я іх, калі яны [у гэты] дзень прадавалі харчы.

І Тыране жылі таксама там, каторыя прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і прадавалі ў сыботу сыном Юдэі і ў Ерузаліме.
 
А жыхары Тыра жылі там, у Юдэі, прывозілі рыбу і ўсе тавары, і прадавалі ў суботу сынам Юды ў Ерузаліме.

Тады я пасварыўся на паноў Юды і сказаў ім: «Што гэта за ліха, што вы робіце й будзеніце дзень сыботні?
 
І я дакараў кіраўнікоў Юды, кажучы ім: «Навошта вы робіце такое зло і паганіце дзень суботні?

Ці так не рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас а на места гэтае ўсе гэта ліха? А вы павялічаеце пал гневу на Ізраеля, будзенячы сыботу».
 
Ці ж не гэтак зрабілі бацькі вашыя, і Бог наш навёў на нас і на гэты горад усякія няшчасці? І вы павялічваеце гнеў Яго на Ізраэль, зневажаючы суботу!»

І сталася, што як зьмяркала ля брамаў Ерузалімскіх, перад сыботаю, я расказаў, і запіралі вароты, і я сказаў, каб іх не адпіралі аж да па сыбоце. І дзяцюкоў сваіх я станавіў ля брамаў, каб ня прыносілі цяжараў у дзень сыботні.
 
Сталася ж, калі перад днём суботы цемра схавала брамы Ерузаліма, я сказаў і закрылі брамы; я загадаў, каб не адкрывалі іх, аж пакуль не скончыцца субота. І паставіў я паслугачоў сваіх пры брамах, каб ніхто нічога не насіў у дзень суботы.

Дык, начавалі купцы а прадаўнікі ўсякага тавару вонках Ерузаліму аднойчы й двойчы.
 
І заначавалі гандляры і прадаўцы раз і другі з усякімі таварамі па-за Ерузалімам.

Але я перасьцярог іх пры сьветках і сказай ім: «Чаму вы начуеце ля сьцяны? Калі вы ізноў гэтак зробіце, руку, выцягну на вас». Адгэнуль яны ня прыходзілі ў сыботу.
 
І я іх заклінаў, і сказаў ім: «Чаму начуеце па-за мурам? Калі зноў гэтак зробіце, дык падыму руку на вас». Такім чынам, ад таго часу не прыходзілі ў суботу.

І казаў я Левітам, каб яны ачысьціліся й прышлі вартаваць каля брамаў, каб сьвяціць дзень сыботні. І за гэта ўспомні мяне, Божа мой, і пажалей мяне зь вялікага міласэрдзя Свайго!
 
Таксама я загадаў левітам, каб ачысціліся і пайшлі пільнаваць брамы і святкаваць дзень суботні. І за гэта, такім чынам, памятай пра мяне, Божа мой, і будзь да мяне міласцівы паводле бязмежнай літасці Тваёй!

Яшчэ тых дзён бачыў я Юдэяў, што жылі із жонкамі з Ашдодзянак, Амонянак а Моаўлянак;
 
Але і ў тыя дні бачыў я юдэяў, якія бралі за жонак азотак, аманіцянак і маабак.

І сынове іхныя на палавіцу гукалі ашдодзкаю моваю, і ня ўмелі гукаць паюдэйску, але подле мовы кажнага люду.
 
І дзеці іх часткова гаварылі па-азоцку і не ўмелі гаварыць па-юдэйску, але гаварылі на мове таго, або другога народа.

Я сьперачаўся зь імі, і кляў, і біў некатрых із мужоў, ірваў у іх валасы, і прысягаю Богам іх абавязаваў, каб яны не аддавалі дачок сваіх сыном іхным і ня бралі дачок іхных сыном сваім і сабе.
 
Ды я дакараў іх, і пракляў, і некаторых з іх пабіў і вырваў у іх валасы; і закляў іх Богам, каб не аддавалі дачок сваіх за сыноў іх і не бралі дачок іх для сыноў сваіх ані для саміх сябе за жонак, кажучы:

«Ці ня зь іх прычыны грашыў Салямон, кароль Ізраеляў? У шмат якіх народаў ня было караля, як ён, і Бог яго ўлюбіў, і Бог устанавіў яго каралём над усім Ізраелям; нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя.
 
«Ці ж не такім чынам грашыў Саламон, цар Ізраэля? І, канешне, многія народы не мелі такога цара, як ён, і ён быў даспадобы Богу свайму, і паставіў яго Бог царом над усім Ізраэлем; і, такім чынам, яго звялі да граху чужыя жанчыны.

Як можна нам чуць праз вас, што вы робіце ўсе гэта вялікае ліха, ізраджаючы Бога нашага, жывучы з чужаземнымі жанкамі?»
 
Ці ж і мы, слухаючы вас, будзем рабіць усякае вялікае злачынства тым, што будзем грашыць перад Богам нашым і браць за жонак чужаземак?»

І із сыноў Егояды, сына Еляшыва, вялікага сьвятара, быў зацям Санвалата Гороняніна. Я прагнаў яго ад сябе.
 
А адзін з сыноў Ёяды, сына першасвятара Эліясіба, быў зяцем Санабалата з Харона, якога я выгнаў ад сябе.

Успомні, о Божа мой, супроці іх, што яны сплюгавілі сьвятарства а Змову сьвятарскую а левіцкую!
 
Памятай, Госпадзе, Божа мой, аб тых, што паганяць святарства і запавет святарскі і левіцкі!

Гэтак я іх ачысьціў ад усёга чужаземнага, і ўстанавіў старожы сьвятароў а Левітаў, кажнага ў занятку сваім.
 
Вось так ачысціў я іх ад усяго чужога і паставіў чэргі для святароў і левітаў, кожнага ў яго службе

І даставу дроў у прызначаным часе й пачаткі. Успомні, о Божа мой, на дабро імне!
 
і для ахвяры з дроў у вызначаным часе і для пяршынь. Памятай пра мяне, Божа мой, на дабро.