Нээміі 13 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Таго дня чыталі ўчуткі люду з кнігі Масеявае і знайшлі напісанае ў ёй, каб ня ўвыйшоў Амонянін а Моаўлянін у грамаду Божую на векі,
У той дзень чыталі з кнігі Майсея ў вушы народу і знайшлі напісанае ў ёй, што ня ўвойдзе Аманянін і Мааўлянін у царкву Божую на вякі,
Бо яны не перанялі сыноў Ізраелявых з хлебам а вадою, і нанялі супроці яго Валаама, каб пракляў яго; але Бог наш абярнуў праклён у дабраславенства.
бо яны не сустрэлі сыноў Ізраіля з хлебам і вадою, і нанялі супраць іх Білеама, каб праклінаць іх; але Бог наш перамяніў праклён у дабраславенства.
І сталася, як пачулі Права, то яны аддзялілі ад Ізраелю ўсе мешанае.
І сталася, калі яны пачулі Закон гэты, яны аддзялілі ад Ізраіля ўсю чужаземшчыну.
А перад гэтым Еляшыў сьвятар, маючы нагляд над сьвірнам дому Бога нашага, пасваячыўся з Товаю
А перад гэтым Эліяшыў сьвятар, які меў нагляд над пакоямі Дому Бога нашага, сваяк Товіі,
І перадаў яму вялікі сьвіран, ідзе ўперад складалі хлебныя аброкі, кадзіла а судзьдзе а дзесяціны збожжа, новае віно а аліву, прызначаньне Левітам а пяюном а брамнікам, і аброкі сьвятаром.
зрабіў для яго вялікі пакой, дзе раней складалі ахвяры хлебныя, кадзіла, начыньні і дзесяціны збожжа, віна і алею, прызначаныя для лявітаў, сьпевакоў і прыдзьвернікаў, і дары для сьвятароў.
Але тады я ня быў у Ерузаліме, бо трыццаць другога году Артарксэркса, караля Бабілёнскага, я прышоў да караля і, за колькі дзён, прасіў у караля адпуску.
Але ў час усяго гэтага я ня быў у Ерусаліме, бо ў трыццаць другім годзе Артарксэркса, валадара Бабілонскага, я пайшоў да валадара і праз пэўны час выпрасіўся, [каб адыйсьці] ад валадара.
І я прышоў да Ерузаліму, і ўцяміў ліха, што зрабіў Еляшыў дзеля Товы, прызначыўшы яму сьвіран у панадворках дому Божага;
І я прыйшоў у Ерусалім, і зразумеў, якое ліха ўчыніў Эліяшыў дзеля Товіі, зрабіўшы пакой яму ў панадворках Дому Божага.
І было гэта вельма благім імне, і я выкінуў вон ізь сьвірна ўсі хатнія рэчы Товіны.
І было гэта вельмі ліхім для мяне, і я выкінуў усе хатнія рэчы Товіі прэч з пакою.
І сказаў, каб ачысьцілі сьвіран, і зьвярнуў туды ізноў судзьдзе дому Божага, хлебныя аброкі а кадзіла.
І я сказаў, і ачысьцілі пакой, і я вярнуў туды ізноў рэчы Дому Божага, ахвяры хлебныя і кадзіла.
І я даведаўся, што дзеляў Левітам не давалі, і разьбегліся кажны да поля свайго — Левітаве а пяюны, што рабілі работу сваю.
І я даведаўся, што [належныя] часткі ахвяраў не давалі лявітам, і яны разьбегліся, кожны да поля свайго, лявіты і сьпевакі, якія рабілі працу сваю.
Тады пасварыўся я на начэльнікаў і сказаў: «Чаму вы апусьцілі дом Божы?» І я зьбер іх, і прызначыў іх на іхнае месца.
І я насварыўся на кіраўнікоў [лявітаў], і сказаў: «Чаму вы пакінулі Дом Божы?» І я сабраў [лявітаў], і паставіў іх на месца іхняе.
Тады прыносілі ўсі Юдэі дзесяціну збожжа а новага віна а алівы да скарбніцаў.
І ўся Юдэя прыносіла дзесяціну збожжа, віна і алею ў скарбніцы.
І прызначыў я скарбнікаў над скарбніцамі: Шэлему сьвятара а Садока пісьменьніка а Бедаю зь Левітаў, і пры іх Ганана, сына Закура Матфанёнка, бо іх мелі за верных. Абавязак іх — разьдзяляць братом сваім.
І я паставіў над скарбніцамі Шэлемію сьвятара і Цадока кніжніка, і Бэдаю з лявітаў, і пад руку іхнюю Ханана, сына Заккура, сына Маттаніі, бо іх лічылі вернымі. І да іх [належала] разьдзяляць [належнае] братам сваім.
Успомні мяне, о Божа мой, за гэта і ня вытры маіх добрых учынкаў, што я зрабіў дому Божаму й старожам яго.
Узгадай пра мяне, Божа мой, дзеля гэтага і ня вытры добрых учынкаў маіх, якія я зрабіў для Дому Божага і для абслугі яго.
Гэтага часу я абачыў у Юдэі таўкучых віно ў таўчэльні ў сыботу, і возячых стагі, і накладаючых на аслы; а таксама віно, вінныя ягады а фіґі а ўсялякія цяжары, каторыя прывозілі да Ерузаліму ў сыботні дзень. І перасьцерагаў я іх таго дня пры сьветках, як прадавалі еміну.
У гэтыя дні я бачыў у Юдэі тых, якія тапталі [віно] ў тоўчнях у суботу, і вазілі снапы, накладалі [рэчы] на аслоў, і таксама віно, вінаград, фігі і ўсякія цяжары, і прывозілі ў Ерусалім у дзень супачынку. І я папярэджваў іх у той дзень, калі яны продалі жыўленьне.
І Тыране жылі таксама там, каторыя прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і прадавалі ў сыботу сыном Юдэі і ў Ерузаліме.
І Тырыяне жылі [таксама] там, і прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і продалі ў суботу сынам Юдэі ў Ерусаліме.
Тады я пасварыўся на паноў Юды і сказаў ім: «Што гэта за ліха, што вы робіце й будзеніце дзень сыботні?
І я сварыўся на шляхту Юдэі, і сказаў ім: «Што гэта за справа ліхая, якую вы робіце і паганіце дзень супачынку?
Ці так не рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас а на места гэтае ўсе гэта ліха? А вы павялічаеце пал гневу на Ізраеля, будзенячы сыботу».
Ці ня так рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас і на горад гэты ўсё гэтае ліха? А вы павялічваеце гнеў [Божы] на Ізраіля, паганячы суботу».
І сталася, што як зьмяркала ля брамаў Ерузалімскіх, перад сыботаю, я расказаў, і запіралі вароты, і я сказаў, каб іх не адпіралі аж да па сыбоце. І дзяцюкоў сваіх я станавіў ля брамаў, каб ня прыносілі цяжараў у дзень сыботні.
І сталася, што калі падаў змрок на брамы Ерусаліму перад суботаю, я сказаў, каб замыкалі вароты, і я сказаў, каб іх не адчынялі аж да сканчэньня суботы. І юнакоў сваіх я паставіў пры брамах, каб не прыносілі цяжараў у дзень супачынку.
Дык, начавалі купцы а прадаўнікі ўсякага тавару вонках Ерузаліму аднойчы й двойчы.
І начавалі гандляры і прадаўцы ўсякага тавару звонку Ерусаліму адзін раз і другі.
Але я перасьцярог іх пры сьветках і сказай ім: «Чаму вы начуеце ля сьцяны? Калі вы ізноў гэтак зробіце, руку, выцягну на вас». Адгэнуль яны ня прыходзілі ў сыботу.
І я папярэдзіў іх, і сказаў ім: «Чаму вы начуеце каля муроў? Калі вы ізноў гэтак зробіце, я падыму руку на вас». З таго часу яны не прыходзілі ў суботу.
І казаў я Левітам, каб яны ачысьціліся й прышлі вартаваць каля брамаў, каб сьвяціць дзень сыботні. І за гэта ўспомні мяне, Божа мой, і пажалей мяне зь вялікага міласэрдзя Свайго!
І я сказаў лявітам, каб яны ачысьціліся і прыйшлі вартаваць пры брамах, каб сьвяціць дзень супачынку. Таксама гэта ўзгадай пра мяне, Божа мой, і пашкадуй мяне паводле вялікасьці міласэрнасьці Тваёй!
Яшчэ тых дзён бачыў я Юдэяў, што жылі із жонкамі з Ашдодзянак, Амонянак а Моаўлянак;
Таксама ў тыя дні я бачыў Юдэяў, якія жылі з жанчынамі з Ашдадзянак, Аманянак і Мааўлянак,
І сынове іхныя на палавіцу гукалі ашдодзкаю моваю, і ня ўмелі гукаць паюдэйску, але подле мовы кажнага люду.
і сыны іхнія на палову гаварылі па-ашдодзку, і ня ўмелі гаварыць па-юдэйску, але [гаварылі] моваю таго ці іншага народу.
Я сьперачаўся зь імі, і кляў, і біў некатрых із мужоў, ірваў у іх валасы, і прысягаю Богам іх абавязаваў, каб яны не аддавалі дачок сваіх сыном іхным і ня бралі дачок іхных сыном сваім і сабе.
І я сварыўся на іх, і праклінаў іх, і біў некаторых з іх, і рваў у іх валасы, і запрысягаў іх Богам, [кажучы]: «Не аддавайце дочак вашых сынам іхнім і не бярыце дочак іхніх сынам сваім і сабе.
«Ці ня зь іх прычыны грашыў Салямон, кароль Ізраеляў? У шмат якіх народаў ня было караля, як ён, і Бог яго ўлюбіў, і Бог устанавіў яго каралём над усім Ізраелям; нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя.
Ці ня з іх прычыны саграшыў Салямон, валадар Ізраіля? У шмат якіх народаў не было валадара, як ён, і ён быў умілаваным Богам сваім, і Бог паставіў яго валадаром над усім Ізраілем; але нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя.
Як можна нам чуць праз вас, што вы робіце ўсе гэта вялікае ліха, ізраджаючы Бога нашага, жывучы з чужаземнымі жанкамі?»
Ці ж можна нам чуць пра вас, што вы робіце ўсё гэтае ліха вялікае, стаўшы нявернымі Богу нашаму, жывучы з жанчынамі чужынскімі?»
І із сыноў Егояды, сына Еляшыва, вялікага сьвятара, быў зацям Санвалата Гороняніна. Я прагнаў яго ад сябе.
І [адзін] з сыноў Ёяды, сына Эліяшыва, вялікага сьвятара, быў зяцем Санвалата Хараняніна, і я прагнаў яго ад сябе.
Успомні, о Божа мой, супроці іх, што яны сплюгавілі сьвятарства а Змову сьвятарскую а левіцкую!
Узгадай ім, Божа мой, што яны апаганілі сьвятарства і запавет сьвятарства і лявітаў!
Гэтак я іх ачысьціў ад усёга чужаземнага, і ўстанавіў старожы сьвятароў а Левітаў, кажнага ў занятку сваім.
І я ачысьціў іх ад усяго чужынскага, і паставіў чэргі сьвятароў і лявітаў, кожнага ў служэньні сваім.
І даставу дроў у прызначаным часе й пачаткі. Успомні, о Божа мой, на дабро імне!
і я [пастанавіў] пра ахвяраваньне дроваў у вызначаны час і пра пяршыны. Узгадай пра мяне, Божа мой, на дабро [мне]!