Нээміі 12 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Во сьвятарове а Левітаве, каторыя ўзышлі із Зэрувавэлям Шэалфеленкам а зь Ешуаю: Сэрая, Ярэма, Езра,
 
Вось сьвятары і лявіты, якія прыйшлі з Зэрубабэлем, сынам Шэалтыэля, і з Ешуа: Сэрая, Ярэмія, Эзра,

Амара, Малух, Гатуш,
 
Амарыя, Малух, Хаттуш,

Шэханя, Рэгум, Мерэмоф,
 
Шэханія, Рэхум, Мэрэмот,

Іддо, Ґінефой, Дуя,
 
Іддо, Гінетой, Абія,

Міямін, Маада, Вілґа,
 
Міямін, Маадыя, Більга,

Шэмая, Еярыў, Едая,
 
Шэмая, Еярыў, Едая,

Салу, Амок, Гілка, Едая. Гэта галавы сьвятароў і браты іхныя за дзён Ешуі.
 
Салу, Амок, Хількія, Едая. Гэта галовы сьвятароў і браты іхнія ў дні Ешуа.

І Левітаве: Ешуа, Віннуй, Кадмель, Шэрэва, Юда, Матфаня, што быў над выхваляньням, ён а браты ягоныя,
 
І лявіты: Ешуа, Біннуй, Кадміэль, Шэрэвія, Юда, Маттанія, які [кіраваў] гімнамі падзякі, ён і браты ягоныя.

І Бакбука а Ун, браты іхныя, на супроці іх на старожы.
 
А Бакбукія і Уньні, і браты іхнія [стаялі] насупраць іх на варце [сваёй] паводле чаргі.

І Ешуа нарадзіў Ёякіма, Ёякім нарадзіў Еляшыва, Еляшыў — Ёяду,
 
І Ешуа нарадзіў Ёякіма, Ёякім нарадзіў Эліяшыва, Эліяшыў [нарадзіў] Ёяду,

Ёяда нарадзіў Ёнафана, Ёнафан нарадзіў Ядуя.
 
Ёяда нарадзіў Ёнатана, Ёнатан нарадзіў Яддуя.

За дзён Ёякіма былі сьвятарове, галавы айцоў: із Сэраі — Мерая, зь Ярэмы — Гананя,
 
А ў дні Ёякіма былі сьвятары галовамі [дамоў] бацькоў: у [доме] Сэраі — Мэрая, у Ярэміі — Хананія,

Зь Езры — Мешулам, з Амары — Ёгоганан,
 
у Эзры — Мэшулям, у Амарыі — Ёгаханан,

З Малухі — Ёнафан, із Шэвані — Язэп,
 
у Малуха — Ёнатан, у Шэваніі — Язэп,

З Гарыма — Адна, зь Мераёфа — Гэлкай,
 
у Харыма — Адна, у Мэраёта — Хэлкай,

З Іда — Захара, зь Ґінефона — Мешулам,
 
у Іддо — Захарыя, у Гінэтона — Мэшулям,

З Аўі — Зыхра, зь Міняміма — Моада, з Моады — Пілтай,
 
у Абіі — Зіхры, у Мін’яміна і Маода — Пілтай,

Зь Вілґі — Шамуя, із Шэмаі — Егонафан,
 
у Більгі — Шамуа, у Шэмаі — Еганатан,

Зь Ёярыва — Мафенай, зь Едаі — Уз,
 
у Ёярыва — Матэнай, у Едаі — Узьзі,

Із Салая — Калай, з Амока — Евер,
 
у Салая — Калай, у Амока — Евэр,

Зь Гілкі — Гашава, зь Едаі — Нефанэль.
 
у Хількіі — Хашавія, у Едая — Натанаэль.

Левітаве, галавы айцоў, былі запісаны за дзён Еляшыва, Ёяды а Ёганана а Яддуя, і таксама сьвятарове за дзяржавы Дара Пэрскага.
 
Лявіты, галовы [дамоў] бацькоў былі запісаныя ў дні Эліяшыва, Ёяды, Ёханана і Яддуа, а сьвятары — за валадараньня Дарыя Пэрса.

Сынове Лева, галавы айцоў, запісаны ў кнігу летапісу ды аж да дзён Ёганана Еляшывенка.
 
Сыны Левія, галовы [дамоў] бацькоў, былі запісаныя ў кнігу летапісу аж да дзён Ёханана, сына Эліяшыва.

І галавы Левітаў: Гашава, Шэрэва а Ешуа Кадмеленак із братамі сваімі насупроці іх, выхваляць а дзякаваць, подле расказаньня Давіда, чалавека Божага, варта супроці варты.
 
І галовамі лявітаў [былі]: Хашавія, Шэрэвія, Ешуа, сын Кадміэля, і браты іхнія, [якія стаялі] насупраць іх, каб выхваляць і дзякаваць [Богу], паводле загаду Давіда, чалавека Божага, чарга за чаргою.

Матфаня а Бакбука, Овада, Мешулам, Талмон, Аккуў — вартаўнікі, брамнікі на варце ля парогаў брамаў.
 
Маттанія, Бакбукія, Абадыя, Мэшулям, Тальмон, Аккуў, прыдзьвернікі, вартавалі пры каморах каля брамаў.

Гэтыя за дзён Ёякіма, сына Ешуі Ёсадачонка, і за дзён вайводы Негэмы а пісьменьніка Езры, сьвятара.
 
Яны [былі] ў дні Ёякіма, сына Ешуа, сына Ёцадака, і ў дні Нээміі, ваяводы, і Эзры, сьвятара і кніжніка.

І на пасьвячэньне сьцяны Ерузалімскае шукалі Левітаў з усіх месцаў іхных, каб прывесьці іх да Ерузаліму, справіць пасьвячэньне а весялосьць ды з выхваляньням а пяцьцём, цымбаламі, псалтырамі а гусьлямі.
 
А на пасьвячэньне муру Ерусаліму шукалі лявітаў у-ва ўсіх месцах іхніх, каб прывесьці іх у Ерусалім і зрабіць пасьвячэньне з радасьцю, і з падзякаю, і са сьпевамі, псалтырамі і гусьлямі.

І зьберліся сынове пяюноў з акругі Ерузалімскае і ізь сёлаў Нетофафскіх,
 
І сабраліся сыны сьпевакоў з ваколіцаў Ерусаліму і з вёсак Нэтофацян,

І з дому Ґілґала, і з палёў Ґевы а Азмавету; бо пяюны былі пастанавіўшы сабе сёлы ў ваколіцы Ерузаліму.
 
і з дому Бэт-Гагільгаму, і з палёў Гевы і Азмавэту, бо сьпевакі пабудавалі сабе паселішчы вакол Ерусаліму.

І ачысьціліся сьвятарове а Левітаве, і ачысьцілі люд а брамы а сьцяну.
 
І ачысьціліся сьвятары і лявіты, і ачысьцілі народ, і брамы, і мур.

Тады я ўзьвёў князёў Юдэі на сьцяну і пастанавіў два вялікія груды выхваляючых, зь іх адзін ішоў направа, ад вышняга боку сьцяны к Гнаявой браме.
 
І я прывёў князёў Юдэі на мур, і паставіў два хоры вялікія. Адзін з іх ішоў направа, па муры да Брамы Гною.

За імі йшоў Гошая а палавіца ваяводаў Юдэі
 
За імі ішоў Гашая і палова князёў Юдэі,

А Азара, Езра а Мешулам,
 
і Азарыя, Эзра, Мэшулям,

Юда а Венямін а Шэмая а Ярэма;
 
Юда, Бэн’ямін, Шэмая і Ярэмія.

А із сыноў сьвятарскіх із трубамі: Захара сын Ёнафана, сына Шымаінага, сына Матфанінага, сына Міхеевага, сына Закуровага Асафёнка,
 
А з сыноў сьвятарскіх з трубамі [ішлі] Захарыя, сын Ёнатана, сына Шэмаі, сына Маттаніі, сына Міхая, сына Заккура, сына Асафа,

І браты ягоныя: Шэмая а Азарэль, Мілалай, Гілалай, Маай, Нефанэль а Юда, Ганань із музыцкімі снадзямі Давіда, чалавека Божага, і пісьменьнік Езра, сьпераду іх.
 
і браты ягоныя: Шэмая, Азарэль, Мілалай, Гілалай, Маай, Нэтанэль, Юда, Ханані з музычнымі інструмэнтамі Давіда, чалавека Божага, і Эзра кніжнік [ішоў] перад імі.

Ля брамы Жарала, што была насупроці іх, яны ўзышлі па ўступцох места Давідавага, на сьцяну звыш дому Давідавага вядучых, аж да Вадзяное брамы на ўсход.
 
І каля Брамы Крыніцы, [якая была] насупраць іх, яны ўзыйшлі па прыступках гораду Давіда на мур вышэй дому Давіда, аж да Брамы Воднай на ўсходзе.

І другі груд выхваляючых ішоў насупроці іх, і за імі я і палавіца люду па сьцяне ад Печнае вежы аж да шырокае сьцяны,
 
І другі хор ішоў насустрач ім, і за ім я і палова народу па муры ад Вежы Печаў аж да Муру Шырокага,

І ад брамы Яхрэмавае міма Старое брамы а Рыбнае брамы а вежы Гананэля а вежы Меа аж да Авячае брамы, і прыстоілі ля брамы Вязьнічнае.
 
і ад Брамы Эфраіма, [мінаючы] Браму Старую, Браму Рыбную, Вежу Хананэля і Вежу Мэа аж да Брамы Авечай, і спыніліся пры Браме Варты.

Гэтак сталі абодва груды выхваляючых у доме Божым, і я і палавіца дзяржаўцаў з імною,
 
І сталі абодва хоры ў Доме Божым, і я і палова кіраўнікоў [народу] са мною,

І сьвятарове: Елякім, Маасэя, Мінямін, Міхей, Елёенай, Захара, Гананя з трубамі,
 
і сьвятары: Эліякім, Маасэя, Мін’ямін, Міхая, Эліяэнай, Захарыя, Хананія з трубамі,

І Маасея, і Шэмая, і Елеазар, і Уз, і Егоганан, і Малхія, і Елам, і Езер. І пяялі пяюны голасна, з галоўным Ізрагаю, нагляднікам.
 
і Маасэя, Шэмая, Элеазар, Узьзі, Ягахана, Малькія, Элям, Эзэр. І сьпявалі сьпевамі голасна, і Ізахія [быў] кіраўніком [у іх].

І абракалі таго дня вялікія аброкі, і весяліліся, бо Бог узрадаваў іх вялікаю радасьцю. Весяліліся і жанкі і дзеці, і весялосьць Ерузаліму далёка была чуваць.
 
І ахвяроўвалі ў той дзень ахвяры вялікія, і весяліліся, бо Бог узрадаваў іх радасьцю вялікаю. Таксама жанчыны і дзеці радаваліся, і радасьць Ерусаліму была чуваць далёка.

І таго часу прызначаны былі некатрыя над сьвірнамі скарбаў а аброкаў а пачаткаў а дзесяцінаў, каб зьбіраць да іх ізь месцкіх палёў дзелі, прызначаныя Правам сьвятаром а Левітам; бо Юдэі цешыліся ізь сьвятароў а Левітаў там стаячых,
 
І былі прызначаны ў той дзень людзі, [адказныя за] каморы, каб складаць дары, пяршыны і дзесяціны, каб зьбіраць у іх з палёў пры гарадах часткі, [прызначаныя] ў Законе для сьвятароў і лявітаў, бо радасьць [была ў] Юдэі з прычыны сьвятароў і лявітаў, якія стаялі [там].

Каторыя былі на старожы Бога свайго і на старожы ачышчэньня, і былі пяюнамі а брамнікамі подле расказаньня Давіда а Салямона, сына ягонага;
 
І яны захоўвалі пастановы Бога свайго і пастановы пра ачышчэньні, і [былі] сьпевакамі і прыдзьвернікамі паводле загаду Давіда і Салямона, сына ягонага.

Бо за дзён Давіда а Асафа старога былі галавы пяюноў і песьні хвалы а падзякі Богу.
 
Бо ў дні Давіда і Асафа здаўна [былі] вызначаны галовы сьпевакоў і сьпевы хвалы і падзякі Богу.

І ўвесь Ізраель за дзён Зэрувавэля й за дзён Негэмы даваў дзелі пяюном а брамнікам, усе ўпару; і аддавалі сьвятасьці Левітам а Левіты аддавалі сьвятасьці сыном Ааронавым.
 
І ўвесь Ізраіль у дні Зэрубабэля і ў дні Нээміі даваў часткі [маёмасьці] для сьпевакоў і прыдзьвернікаў; і давалі сьвятыя [ахвяры] лявітам, а лявіты давалі сьвятыя [ахвяры] сынам Аарона.