Адкрыцьцё 19 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пасьля гэтага пачуў я голас вялікі мноства народу ў небе, які казаў: «Альлелюя! Збаўленьне, і слава, і пашана, і моц Госпаду, Богу нашаму!
 
Пасля гэтага чуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, што казалі: «Аллелюя! Збаўленне, і слава, і магутнасць Богу нашаму,

Бо слушныя і справядлівыя суды Ягоныя, бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, якая паганіла зямлю распустаю сваёю, і адпомсьціў за кроў слугаў Сваіх ад рукі яе».
 
бо праўдзівыя і справядлівыя суды Яго. Ён бо асудзіў распусніцу вялікую, якая паганіла зямлю сваёй распустаю, і адпомсціў за кроў паслугачоў Сваіх ад рук яе».

І другі раз сказалі: «Альлелюя! І дым яе ўзьнімаецца на вякі вякоў».
 
І зноў усклікнулі: «Аллелюя! І дым з яе будзе падымацца на вякі».

І ўпалі дваццаць чатыры старосты і чатыры жывёлы, і пакланіліся Богу, Які сядзіць на пасадзе, кажучы: «Амэн! Альлелюя!»
 
І палі на твар дваццаць чатыры старыя і чатыры жывёліны, і аддалі паклон Богу, Які сядзіць на пасадзе, і ўсклікнулі: «Амін. Алелюя».

І выйшаў голас з пасаду, які казаў: «Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя, хто баіцца Яго, і малыя, і вялікія!»
 
І голас зышоў ад пасада, кажучы: «Слаўце Бога нашага, усе паслугачы Яго, якія Яго баяцца, малыя і вялікія».

І пачуў я быццам голас шматлікага натоўпу, і быццам голас мноства водаў, і быццам гук грымотаў моцных, які казаў: «Альлелюя! Бо заваладарыў Госпад, Бог Усеўладны!
 
І пачуў я быццам голас незлічонай грамады, як шум многіх водаў і як гук вялікіх грымот, кажучы: «Аллелюя, бо ўзяў уладу Госпад, Бог наш Усемагутны.

Узрадуемся, і ўзьвесялімся, і дамо славу Яму, бо прыйшло вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе».
 
Узрадуемся і ўсцешымся, і аддадзім славу Яму, бо надышоў час шлюбу Ягняці і жонка Яго прыгатавана.

І дадзена ёй, каб апранулася ў вісон чысты і сьветлы; вісон жа — гэта праведнасьць сьвятых.
 
І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і ззяючы, вісон жа ёсць справядлівасць святых».

І кажа мне: “Напішы: «Шчасьлівыя тыя, якія пакліканыя на вячэру вясельную Ягняці». І кажа мне: «Гэта ёсьць праўдзівыя словы Божыя».
 
І кажа мне: «Напішы: шчасныя пакліканыя на вячэру шлюбную Ягняці». І кажа мне: «Гэта сапраўды словы Божыя».

І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, і ён кажа мне: «Глядзі, не [рабі гэтага]! Я — таварыш твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва».
 
І я паў яму да ног, каб ушанаваць яго. А ён кажа мне: «Глядзі, не рабі гэтага! Бо я саслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сведчанне Ісуса. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісуса ёсць дух прароцтва».

І ўбачыў я неба адчыненае, і вось, конь белы, і Вершнік на ім, называны Верным і Праўдзівым, і Ён паводле справядлівасьці судзіць і ваюе.
 
І ўбачыў я адкрытае неба; і вось, белы конь; і на ім сядзеў вершнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца.

А вочы Ягоныя — як полымя агню, і на галаве Ягонай шмат дыядэмаў. Ён мае імя напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго Самога.
 
Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэм, імя Яго напісанае, якога ніхто не ведае, апрача Яго Самога,

І Ён апрануты ў шату акрываўленую, і імя Ягонае называецца: «Слова Божае».
 
і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго — Слова Божае.

І ішлі за Ім войскі нябесныя на белых конях, апранутыя ў вісон белы і чысты.
 
І войска нябеснае, апранутае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім.

І з вуснаў Ягоных выходзіць меч востры, каб ім біць народы, і Ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным. І Ён топча тоўчню віна ярасьці і гневу Бога Ўсеўладнага.
 
І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе валадарыць над імі жалезным кіем і Сам стопча ступу віна лютага гневу Бога Усемагутнага.

І мае на шатах і на сьцягне Сваім напісанае імя: «Валадар валадароў і Пан паноў».
 
І мае на вопратцы і на сцягне Сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых.

І ўбачыў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы. І крыкнуў ён голасам вялікім, кажучы да ўсіх птушак, якія лёталі па сярэдзіне неба: «Хадземце, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога,
 
І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба, кажучы: «Хадзіце і збярыцеся на вялікую вячэру Божую,

каб есьці целы валадароў, і целы тысячнікаў, і целы дужых, і целы коней і вершнікаў на іх, і целы ўсіх свабодных, і слугаў, і малых, і вялікіх».
 
каб паесці целы цароў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і іх вершнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх».

І ўбачыў я зьвера, і валадароў зямных, і войскі іхнія, сабраныя дзеля вайны з Тым, Які сядзіць на кані, і з войскам Ягоным.
 
І пабачыў я звера і цароў зямлі, а поруч войска іх, падрыхтаванае да бою з Тым, Які сядзеў на кані, і з войскам Яго.

І быў схоплены зьвер, і з ім — фальшывы прарок, які рабіў знакі перад ім, якімі падманваў тых, што атрымалі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. Абодва жыўцом былі кінутыя ў возера агню, якое палае серкаю.
 
І схоплены быў звер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі меціну звера і што пакланіліся перад яго абразом. Абодва яны былі жыўцом кінуты ў возера вогненнае, палаючае серкай.

І рэшта была забітая мячом, што выходзіў з вуснаў Таго, Які сядзеў на кані. І ўсе птушкі насыціліся целамі іхнімі.
 
А іншыя пагінулі ад меча Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Яго. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх.