Адкрыцьцё 4 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, дзьверы адчыненыя ў небе, і першы голас, які я чуў, як трубы, які гаварыў са мною, сказаў: «Узыйдзі сюды, і Я пакажу табе, што мусіць стацца пасьля гэтага».
 
Пасля гэтага ўбачыў я: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам трубы, што размаўляла са мною і казала: «Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасля».

І я адразу стаўся ў духу, і вось, пасад стаяў у небе, і на пасадзе — Той, Які сядзеў.
 
І адразу трапіў я ў захапленне [духа]: і вось, пасад стаяў у небе, а на пасадзе [Нехта] сядзеў.

І Той, Які сядзеў, падобны быў з выгляду да камяня ясьпісовага і сардыновага, і вясёлка вакол пасаду, з выгляду падобная да шмарагду.
 
І Той, Хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з яспіса і сардыса, і вясёлка вакол пасада была падобная з выгляду на смарагд.

І вакол пасаду — дваццаць чатыры пасады, і на пасадах я ўбачыў дваццаць чатыры старосты, якія сядзелі, апранутыя ў белыя шаты, і на галовах яны мелі залатыя вянкі.
 
І вакол пасада — дваццаць чатыры пасады, і на пасадах сядзелі дваццаць чатыры старыя, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іх — залатыя вянцы.

І з пасаду выходзяць маланкі, і грымоты, і галасы; і сем лямпаў агністых гараць перад пасадам, якія ёсьць сем духаў Божых.
 
І ад пасада выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем светачаў агністых гараць перад пасадам, якія ёсць сем духаў Божых.

І перад пасадам — мора шкляное, падобнае да крышталю, і па сярэдзіне пасаду і вакол пасаду — чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду.
 
І перад пасадам ззяла нібы шкляное мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне пасада і навокал пасада — чатыры жывёліны, поўныя вачэй спераду і ззаду.

І першая жывёла падобная да ільва, і другая жывёла падобная да цяляці, і трэцяя жывёла мела аблічча, як чалавек, і чацьвёртая жывёла падобная да арла, які ляціць.
 
І першая жывёліна падобная да льва, і другая жывёліна падобная да быка, і трэцяя жывёліна мела твар быццам чалавечы, і чацвёртая жывёліна мела падабенства да арла, які лятае.

І чатыры жывёлы, кожная па сабе, мелі па шэсьць крылаў наўкола, і ўсярэдзіне поўныя вачэй; і ня маюць яны супачынку ўдзень і ўначы, кажучы: «Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усеўладны, Які быў, і Які ёсьць, і Які прыходзіць».
 
І чатыры жывёліны мелі па шэсць крылаў, і навокал і ў сярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ўночы яны ўскліквалі: «Святы, святы, святы Госпад Бог Усемагутны, Які быў, і Які ёсць, і Які прыйдзе».

І калі жывёлы аддаюць славу, і пашану, і падзяку Таму, Які сядзіць на пасадзе, Які жыве на вякі вякоў,
 
І калі аддавалі тыя жывёліны славу і ўшанаванне Таму, Які сядзіць на пасадзе, Таму, Які жывы на векі вечныя,

падаюць дваццаць чатыры старосты перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, і пакланяюцца Таму, Які жыве на вякі вякоў, і кідаюць свае вянкі перад пасадам, кажучы:
 
падалі перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, дваццаць чатыры старыя, і кланяліся Таму, Хто жывы на векі вечныя, і клалі вянцы свае перад пасадам, кажучы:

«Госпадзе, Ты годны атрымаць славу, і пашану, і моц, бо Ты стварыў усё, і воляй Тваёю яно ёсьць і створана».
 
«Дастойны Ты, Госпадзе і Божа наш, прымаць славу, і ўшанаванне, і моц, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тваёй існавала і было створана».