Марка 16 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка
І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Салямэя купілі духмянасьцяў, каб пайсьці памазаць Яго.
І калі мінула субота Марыя Магдаліна, Марыя Якубава і Саламея купілі пахнідлаў, каб пайсьці памазаць цела.
І вельмі рана, у першы дзень пасьля суботы, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца.
І дужа рана ў першы дзень тыдня, прыходзяць да гробу на ўсходзе сонца.
І гаварылі між сабою: «Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?»
І гаварылі між сабою: хто адваліць нам камень ад уваходу ў гроб?
І, глянуўшы, бачаць, што камень адвалены, а быў ён надта вялікі.
І глянуўшы, бачаць, камень адвалены, а быў ён вельмі вялікі.
І, увайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, апранутага ў белую шату, які сядзеў з правага боку, і напалохаліся.
І ўвайшоўшы ў гроб, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку і адзеты ў бель, і спалохаліся.
А ён кажа ім: «Не палохайцеся! Вы шукаеце Ісуса з Назарэту, укрыжаванага? Ён уваскрос. Няма Яго тут. Вось месца, дзе палажылі Яго.
Ён-жа кажа ім: Не палохайцеся! Шукаеце Ісуса Назарэйскага, расьпятага на крыжу; Ён уваскрос, няма Яго тут. Вось мейсца, дзе Яго былі палажылі.
Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам”».
Але йдзеце скажэце Ягоным вучням і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галілею, там Яго пабачыце, як сказаў вам.
І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, і ахапіла іх трымценьне і захапленьне, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
І выйшаўшы пабеглі ад гробу, і зьняў іх страх і жах. І нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
Уваскросшы раніцаю ў першы дзень пасьля суботы, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.
Ўваскросшы-ж раніцаю ў першы дзень тыдня Ісус паказаўся сьпярша Марыі Магдаліне, з якое выгнаў сем чартоў.
Яна, пайшоўшы, паведаміла тым, што з Ім былі, якія плакалі і галасілі.
Яна пайшоўшы, абвясьціла тым, што былі з Ім ды плакалі і галасілі.
Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі.
І яны пачуўшы, што Ён жывы і быў бачаны ёю, не паверылі.
Пасьля гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе дваім з іх у дарозе, як ішлі ў вёску.
Пасьля гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх у дарозе, як ішлі ў вёску.
І тыя, вярнуўшыся, паведамілі іншым, але і ім не паверылі.
І тыя вярнуўшыся, абвясьцілі ўсім іншым, але і ім не паверылі.
Нарэшце Ён зьявіўся Адзінаццаці, калі яны ўзьлягалі пры стале, і дакараў за недаверства іхняе і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага.
Урэшце паказаўся адзінаццацём, калі яны сядзелі за сталом і дакараў іх за недавер і зацятасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага.
І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь сьвет і абвяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню.
І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Эвангельле ўсякаму сатварэньню.
Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны.
Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе спасёны, а хто не паверыць — будзе засуджаны.
А тым, што павераць, будуць такія знакі: у імя Маё выганяць будуць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць,
А з тымі, што ўвераць, будуць гэткія знакі: Маім іменем будуць выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі;
зьмеяў браць будуць, і калі што сьмяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім, на нямоглых рукі ўскладуць, і яны будуць здаровыя».
зьмеяў будуць браць; калі-б што сьмяротнае выпілі, не пашкодзіць ім; узложаць рукі на хворых, дык будуць здаровымі.
Госпад жа пасьля размовы з імі ўзьнёсься ў неба і сеў праваруч Бога.
Госпад-жа пасьля гутаркі з імі ўзьнёсься на неба і сеў праваруч ад Бога.
А яны, пайшоўшы, абвяшчалі паўсюль Госпада, Які дапамагаў ім і сьцьвярджаў словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амэн.
Яны-ж выйшаўшы, апавяшчалі ўсюды з дапамогаю Госпада, Які іхняе слова ўсьлед сьцьвярдхаў цудамі. Амэн.