Дзеі 7 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
А першасьвятар сказаў: «Ці ж гэта так?»
Той жа мовіў: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Мэсапатаміі, перш, чым пасяліўся ў Харане,
і сказаў да яго: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”.
Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскае, ён пасяліўся ў Харане; адтуль пасьля сьмерці бацькі ягонага [Бог] перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяцё.
І ня даў яму ў ёй спадчыны ані на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валоданьне яму і насеньню ягонаму пасьля яго, а ня меў ён дзіцяці.
Сказаў жа яму Бог, што насеньне ягонае будзе прыхаднем у зямлі чужой, і зьняволяць іх, і будуць рабіць ім зло чатырыста гадоў.
“І народ, які зняволіць іх, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне ў гэтым месцы”.
І даў яму запавет абразаньня. І гэтак ён нарадзіў Ісаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень; і Ісаак — Якуба, і Якуб — дванаццаць патрыярхаў.
І патрыярхі, зайздросьцячы Язэпу, прадалі яго ў Эгіпет; і Бог быў з ім,
і выбавіў яго з усіх прыгнётаў ягоных, і даў яму ласку і мудрасьць перад фараонам, валадаром Эгіпту; і той паставіў яго за кіраўніка над Эгіптам і над усім домам сваім.
Прыйшоў жа голад на ўсю зямлю Эгіпту і Ханаану, і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.
А Якуб, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў спачатку бацькоў нашых,
і за другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і фараону выявіўся род Язэпавы.
А Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсіх родзічаў сваіх, душаў семдзесят пяць.
Якуб жа зыйшоў у Эгіпет, і памёр сам і бацькі нашыя,
і перанесьлі іх у Сыхем, і паклалі ў магілу, якую набыў Абрагам за цану срэбра ў сыноў Гемора Сыхемава.
А як набліжаўся час абяцаньня, наконт якога прысягаў Бог Абрагаму, народ рос і памнажаўся ў Эгіпце
да часу, калі паўстаў іншы валадар, які ня ведаў Язэпа.
Той, хітруючы супраць роду нашага, рабіў зло бацькам нашым, каб яны выкідалі немаўлят, каб тыя не жылі.
У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага.
Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона і гадавала яго за сына сабе.
І быў настаўлены Майсей у-ва ўсёй мудрасьці Эгіпцянаў, і быў ён магутны ў словах і ўчынках.
Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля.
І, убачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы Эгіпцяніна.
Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі.
І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, вы — браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднаго?”
А той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі?
Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў учора Эгіпцяніна?”
Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў.
А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпада ў полымі агню ў кусьце.
Майсей жа, убачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыгледзецца, быў да яго голас Госпада:
“Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважыўся ўглядацца.
А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — зямля сьвятая.
Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Эгіпце, і пачуў стагнаньне іхнае, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Эгіпет”.
Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” — яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце.
Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пустыні сорак гадоў.
Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраіля: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце”.
Гэта той, які быў у пустыні ў зборы з анёлам, што гаварыў на гары Сынай з ім і з бацькамі нашымі, які прыняў словы жывыя, каб даць нам,
якому не хацелі быць паслухмяныя бацькі нашыя, але адапхнулі яго і павярнулі сэрцы свае да Эгіпту,
кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем гэтым, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай”.
І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх.
А Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы Мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні?
І паднялі вы намёт Малоха і зорку бога вашага Рэмфана, абразы, якія вы зрабілі, каб ім пакланяцца. І Я перасялю вас ажно за Бабілон”.
Намёт сьведчаньня быў у бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Які гаварыў Майсею зрабіць яго паводле ўзору, які ён бачыў.
Яго, узяўшы, занесьлі бацькі нашыя з Егошуам у валоданьні паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча бацькоў нашых, ажно да дзён Давіда,
які знайшоў ласку перад Богам і прасіў, каб знайсьці будыніну Богу Якуба.
Салямон жа пабудаваў Яму дом.
Але Найвышэйшы не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі, як кажа прарок:
“Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом вы пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца супачынку Майго?
Ці ж не Мая рука ўчыніла ўсё гэтае?”
[Людзі] з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы.
Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся,
вы, якія ўзялі Закон паводле пастановы анёлаў і не захавалі яго».
А слухаючы гэта, яны раз’юшваліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.
Ён жа, напоўнены Духам Сьвятым, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, Які стаіць праваруч Бога,
і сказаў: «Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».
Яны ж, закрычаўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае, і аднадушна рынуліся на яго,
і, выгнаўшы за горад, каменавалі яго. І сьведкі кінулі адзеньні свае ля ног дзяцюка, называнага Саўл,
і каменавалі Стэфана, які клікаў [Бога] і казаў: «Госпадзе Ісусе, прыймі дух мой!»
І, укленчыўшы, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага!» І, сказаўшы гэта, памёр.