Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі.
I прыплылі на другі бок мора ў краіну Гадарынскую.
І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам,
I, як толькі Ён выйшаў з чаўна, адразу-ж сустрэў Яго чалавек, выбегшы з магільніку. Ён апанаваны быў духам нечысьці.
які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.
Меў ён прыстанішча ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць, нават ланцугамі.
Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго.
Бо няраз скоўвалі яго кайданамі й ланцугамі, але ён разрываў ланцугі й разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог уціхамірыць яго.
І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе камянямі.
Заўсёды, і дзень і ноч ён быў між магілаў і ў горах, хаваючыся й б'ючыся аб каменьне.
І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму,
Убачыўшы Ісуса здалёк, ён прыбег і пакланіўся Яму.
і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне».
І, закрычаўшы моцным голасам, прамовіў: «Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага!? Заклікаю Цябе Богам, ня муч мяне».
Бо [Ісус] сказаў яму: «Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека».
Бо Iсус сказаў яму: «Выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека».
І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа».
I спытаў у яго: «Як тваё імя?» Ён-жа сказаў у адказ: «Імя маё легіён, бо нас многа».
І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.
I вельмі прасіў Яго, каб ня высылаў іх вонкі з краіны тэй.
А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.
Пасьвіўся-ж там пры гары вялікі гурт сьвіней.
І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіньняў, каб мы ў іх увайшлі».
I прасілі Яго ўсе злыдухі, кажучы: «Пашлі нас да сьвіней, каб мы маглі ўвайсьці ў іх».
І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.
Ісус ураз-жа дазволіў ім, і, выйшаўшы, злыдухі ўвайшлі ў сьвіньні, і памкнуў увесь гурт з кручы ў мора, а было-ж іх да дзьвёх тысячаў, і патапіліся ў моры.
А тыя, што пасьвілі сьвіньняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася.
Пастухі-ж сьвіней пабеглі й расказалі ў месьце й вёсках, а тады выйшлі жыхары паглядзець, што сталася
І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.
Прыходзяць да Iсуса й бачаць, што апанаваны злыдухамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты й пры добрым розуме, і спалохаліся.
І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіньняў.
Тыя-ж, якія бачылі ўсё, расказалі ім, што сталася з апанаваным і пра сьвіней.
І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх.
Тады жыхары пачалі прасіць Ісуса, каб адыйшоў зь іхняй ваколіцы.
І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім.
Калі-ж Ісус увайшоў у човен, папрасіў Яго вызвалены ад злыдухаў, каб быць зь Ім.
Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».
Але Ісус не дазволіў і сказаў яму: «Ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што учыніў табе Госпад і як памілаваў цябе».
І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.
I ён пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціградзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус, і ўсе дзівіліся.
І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора.
Калі Iсус прыбыў у чаўне ізноў на той бок, зыйшлося да Яго многа народу, і быў Ён пры моры.
І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,
I вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на ймя Ёсір, і ўгледзеўшы Яго, прыпадае да ног Ягоных.
і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла».
I горача просіць Яго, кажучы: «Дачка мая пры сьмерці, прыйдзі, узлажы на яе рукі, каб яна ачуняла й жыла».
І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго.
І Ісус пайшоў зь ім. I ў сьлед за Ім ішло шмат народу, і сьціскалі Яго.
І нейкая жанчына, якая [была] хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў,
Адна жанчына, якая цярпела ад крывяцечы дванаццаць гадоў,
і шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася,
шмат страціла на розных дактароў, раздаўшы ўсё, што мела, і не знайшла палёгкі, але яшчэ больш заняпала.
пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае,
Дачуўшыся пра Ісуса, падыйшла ззаду між людзей і дакранулася да вопраткі Ягонае.
бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная».
Бо казала: «Калі хоць да вопраткі Ягонае дакрануся, буду збавёна».
І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы.
I ўраз запынілася ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе сваім, што выбавілася ад нядугі.
І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?»
У той-жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што зыйшла ад Яго сіла, абярнуўся да людзей і сказаў: «Хто дакрануўся да вопраткі Мае?»
І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»
Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: «Бачыш як народ цісьнецца да Цябе, і Ты пытаеш — хто дакрануўся да Мяне?»
Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.
Але Ён узіраўся навокал, каб убачыць тую, якая ўчыніла гэта.
А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.
Жанчына ў страху й трывозе, ведаючы, што зь ёю сталася, падыйшла й пала прад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.
Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй».
Ён-жа сказаў ей: «Дачка! Вера твая спасла цябе, ідзі ў супакоі й будзь ацаленая ад нядугі твае».
Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»
Калі Ён яшчэ гаварыў прыходзяць ад начальніка сынагогі й кажуць: «Дачка твая памерла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?»
Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».
Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў начальніку сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».
І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.
I не дазволіў нікому ісьці за Сабою, апрача Пятра, Якуба й Яна — брата Якубавага.
І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі.
I прыходзіць да дому начальніка сынагогі, і бачыць трывогу, плач і лямэнт вялікі.
І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць».
I, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаго хвалюецеся й плачаце? Дзяўчынка не памерла, яна сьпіць».
І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка.
I зьдзекліва адзываліся пра Яго, але Ён, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку й маці дзяўчынкі й тых, якія прыйшлі зь Ім, і уваходзіць туды, дзе дзяўчынка ляжала.
І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»
I, узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Талíфа кýмі» — гэта значыць, дзяўчынка, кажу табе, устань.
І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І [ўсе] дзівіліся з захапленьнем вялікім.
I дзяўчынка ўраз устала й пачала хадзіць; было ёй гадоў дванаццаць, і жахнуліся ўсе ад вялікага дзіва.
І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.
Ён-жа станоўча заказаў, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў: «Дайце ёй есьці».