Марка 10 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Устаўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І зноў зьбіраецца вакол Яго натоўп, і Ён, як меў звычай, зноў навучаў іх.
I, выйшаўшы адтуль, прыходзіць у ваколіцы Юдэйскія за Ярданам; ізноу зьбіраецца да Яго народ, і ізноу звычаем сваім Ён навучаў іх.
І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: «Ці можна мужу кінуць жонку?»
I, прыступіўшыся фарысеі спакусьліва пыталіся ў Яго: «Ці можна мужу пакідаць жонку сваю.
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «А што загадаў вам Майсей?»
Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Што запавядаў вам Майсей?»
Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».
Яны-ж сказалі: «Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца».
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэткае прыказаньне.
Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Дзеля жорсткасьці сэрца вашага ён напісаў вам гэты запавет.
Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.
Але на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужам і жонкаю.
Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй,
Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго й маці.
і будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела.
Ды прыстане да жонкі свае, і стануцца двое ў адно цела; дык іх ужо ня два, але адно цела.
Што вось Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».
От-жа, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».
І ў доме вучні Ягоныя зноў пра тое самае пыталіся ў Яго.
А дома вучні Ягоныя ізноў спыталіся ў Яго пра тое самае.
І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць з ёю.
І сказаў ім: «Хто пакіне жонку сваю, той блудадзейнічае прад ёю.
І калі жонка пакіне мужа свайго і пойдзе за іншага — чужаложыць».
I калі жонка пакіне мужа свайго ды выйдзе за другога — блудадзейнічае».
І прыносілі дзетак да Яго, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі тым, што прыносілі.
I прыносілі да Яго дзяцей, каб дакранаўся да іх; вучні-ж забаранялі прыносячым.
Бачачы гэта, Ісус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэтакіх ёсьць Валадарства Божае.
Убачыўшы гэта, Ісус абурыўся й сказаў ім: «Пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне й не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Уладарства Божае.
Сапраўды кажу вам: хто ня прыйме Валадарства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго».
Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Уладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго».
І, прытуліўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі, дабраславіў іх.
I, абняўшы іх, усклаў на іх рукі й дабраславіў іх.
І калі выходзіў у дарогу, нехта, падбегшы і ўпаўшы перад Ім на калені, спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта і, упаўшы прад Ім на калены, спытаўся ў Яго: «Вучыцель добры! Што мне рабіць, каб насьлядаваць жыцьцё вечнае?»
Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
Ісус сказаў яму: «Чаму завеш Мяне добрым? Ніхто-ж ня добры, толькі адзін Бог.
Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “Не забівай”, “Не крадзі”, “Ня сьведчы фальшыва”, “Не рабі крыўды”, “Шануй бацьку твайго і маці”».
Ведаеш прыказаньні: не блудадзейнічай, не забівай, не крадзі, ня сьветчы фальшыва, ня крыўдзі, шануй бацьку твайго й маці».
А ён, адказваючы, сказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захаваў ад юнацтва майго».
Той-жа ў адказ сказаў Яму: «Вучыцель! Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго».
Ісус жа, паглядзеўшы на яго, узьлюбіў яго і сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною, узяўшы крыж».
Ісус, узглянуўшы на яго, упадабаў яго й сказаў яму: «Аднаго табе нестае: пайдзі, прадай усё што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі сьледам за Мною, узяўшы крыж».
Той жа, спахмурнелы ад гэтага слова, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць.
Той-жа засмуціўся ад гэтага слова й адыйшоў з жалем, бо меў вялікую маемасьць.
І Ісус, паглядзеўшы вакол, кажа вучням Сваім: «Як цяжка тым, што маюць грошы, увайсьці ў Валадарства Божае».
Ісус-жа глянуўшы навокал, кажа вучням Сваім: «Як цяжка маючым багацьце ўвайсьці ў Уладарства Божае».
Вучні аслупянелі дзеля словаў Ягоных. Але Ісус зноў, адказваючы, кажа ім: «Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце.
Вучні жахнуліся ад слоў Яго; але Ісус ізноў зьвярнуўся да іх, кажучы: «Дзеці! Як цяжка надзейным на багацьце ўвайсьці ў Уладарства Божае.
Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, як багатаму ўвайсьці ў Уладарства Божае».
А яны яшчэ больш дзівіліся, гаворачы між сабою: «Хто ж тады можа быць збаўлены?»
Яны-ж яшчэ больш зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: «Хто-ж можа быць збаўлёны?»
Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма».
Ісус, узглянуўшы на іх, прамовіў: «Чалавекам гэта немагчыма, але ня Богу, бо ў Бога ўсё магчыма».
І Пётар пачаў гаварыць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».
I пачаў Пётра гаварыць Яму: «Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі ўсьлед за Табою».
Адказваючы, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля Мяне і дзеля Эвангельля,
Ісус у адказ прамовіў: «Папраўдзе кажу вам: няма нікога, хто пакінуў-бы дом, або братоў ці сёстраў, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці землі дзеля Мяне й Евангельля,
і не атрымаў бы цяпер, у гэты час, сярод перасьледаваньняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў будучым веку — жыцьцё вечнае.
і не дастаў-бы цяпер, у гэты час перасьледу, у стакроць болей, — і дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і матак, і дзяцей, і грунтаў, а ў веку будучым жыцьця вечнага.
І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».
Бо многія зь першых стануцца апошнімі, апошнія-ж — першымі.»
Калі яны былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў наперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы зноў Дванаццаць, пачаў гаварыць ім пра тое, што з Ім мае здарыцца:
Былі-ж яны ў дарозе, узыходзячы да Ерусаліму; Ісус ішоў наперадзе іх, а яны затрывожаныя йшлі за Ім, пранятыя страхам. I, узяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што зь Ім мае стацца.
«Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам,
«Вось мы уваходзім да Ерусаліму, і Сын Чалавечы выданы будзе архісьвятаром і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго нявернікам.
і будуць зьдзекавацца з Яго, будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
I назьдзекуюцца зь Яго, і будуць біць Яго, і аплююць Яго, і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскросьне».
І падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Заўдыя, кажучы: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам, пра што будзем прасіць».
Тады падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Завадэевы, і сказалі: «Вучыцель! Мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім».
Ён жа сказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
Ён-жа сказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб нам сесьці аднаму праваруч Цябе, а другому — леваруч Цябе ў славе Тваёй».
I яны сказалі Яму: «Дазволь нам сесьці аднаму з правага боку Цябе, а другому зь левага, у славе Тваёй».
Ісус жа сказаў ім: «Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?»
Але Ісус сказаў ім: «Ня ведаеце, чаго просіце: ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?»
Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.
Яны кажуць Яму: «Можам»; Ісус-жа сказаў ім: «Чару якую Я п'ю, вы піць будзеце, і хрышчэньне, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце.
Але сесьці праваруч Мяне або леваруч Мяне не Мая [справа] даваць, але каму падрыхтавана».
Але, каб сесьці з правага ці зь левага боку ў Мяне, — ня Мне даваць, але каму прызначана».
І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.
Іншыя дзесяць, пачуўшы гэтае, пачалі злаваць на Якуба й Яна.
Ісус жа, паклікаўшы іх, гаворыць ім: «Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і магнаты іхнія маюць уладу над імі.
Ісус, падклікаўшы іх сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, якія становяцца ўладарамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхныя камандуюць імі.
У вас няхай будзе ня гэтак, але хто хоча стацца між вамі большым, няхай будзе служыцелем вашым.
Але між вамі няхай ня будзе гэтак: а хто хоча стацца большым між вамі, няхай будзе вам слугою.
І хто хоча ў вас стацца першым, няхай будзе слугою ўсіх.
I хто хоча стацца першым між вамі, няхай будзе слугою ўсім.
Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх».
Бо й Сын Чалавечы не па тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за выбаўленьне многіх».
І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе, жабруючы.
I прыходзяць у Ерыхон; а калі выходзіў зь Ерыхону з вучнямі Сваімі і з мноствам народу, пры дарозе сядзеў сьляпы Бартымей, сын Тымея, просячы падаяньня.
І, пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэту, пачаў крычаць і казаць: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
I пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў голасна усклікаць, вымаўляючы: «Ісус, Сын Давідаў, зьмілуйся нада мною».
І сварыліся многія на яго, каб замаўчаў, але ён тым мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
Шмат хто змушаў яго маўчаць, але ён яшчэ мацней галасіў: «Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною».
І, спыніўшыся, Ісус сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, гаворачы яму: «Будзь пэўны, уставай, кліча цябе».
Ісус, спыніўшыся, сказаў паклікаць яго; і паклікалі сьляпога, кажучы яму. «Ня бойся, уставай, кліча цябе».
Ён, пакінуўшы адзеньне сваё, устаў і прыйшоў да Ісуса.
І ён, сккінуўшы зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
І, адказваючы, гаворыць яму Ісус: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сьляпы сказаў Яму: «Раббоні, каб мне бачыць».
I, зьвярнуўшыся да яго, Ісус прамовіў: «Што хочаш, каб учыніў табе?» Сьляпы-ж сказаў Яму: «Вучыцелю! Каб я мог бачыць».
Ісус жа сказаў яму: «Ідзі, вера твая збавіла цябе». І адразу ён стаў бачыць, і пайшоў за Ісусам па дарозе.
Ісус сказаў яму: «Ідзі! Вера твая ацаліла цябе», і ўраз стаў бачыць, і ён пайшоў па дарозе за Ісусам.