Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Устаўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І зноў зьбіраецца вакол Яго натоўп, і Ён, як меў звычай, зноў навучаў іх.
 
I выйшаўшы адтуль, прыходзіць у ваколіцы Юдэйскія за Йарданам; і зноў грамады народу зыйшліся да Яго, і зноў звычаем сваім Ён навучаў іх.

І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: «Ці можна мужу кінуць жонку?»
 
I прыступілі фарысеі, і здрадліва пыталіся ў Яго: — ці можна пакідаць жану сваю.

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «А што загадаў вам Майсей?»
 
Ён-жа ў адказ ім сказаў: — што запавядаў вам Майсей?

Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».
 
Яны сказалі: — Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца.

І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэткае прыказаньне.
 
Ісус сказаў ім у адказ: — дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты запавет.

Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.
 
Але на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужам і жаной.

Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй,
 
Дзеля таго, пакіне чалавек айца свайго і маці.

і будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела.
 
Ды прыстане да жаны свае, і стануцца двое ў адно цела; дык іх ужо ня два, але адно цела.

Што вось Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».
 
От-жа, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

І ў доме вучні Ягоныя зноў пра тое самае пыталіся ў Яго.
 
А дома вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.

І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць з ёю.
 
І Ён сказаў ім: — хто пакіне жану сваю і ажэніцца з іншай, той творыць блудадзейньне з ёю.

І калі жонка пакіне мужа свайго і пойдзе за іншага — чужаложыць».
 
I калі жана пакіне мужа свайго ды выйдзе за другога, — блудадзейнічае.

І прыносілі дзетак да Яго, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі тым, што прыносілі.
 
I прыносілі да Яго дзяцей, каб дакранаўся да іх; вучні-ж пярэчылі тым, хто прыносіў.

Бачачы гэта, Ісус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэтакіх ёсьць Валадарства Божае.
 
Убачыўшы тое, Ісус угнявіўся і сказаў ім: — пусьцеце дзяцей прыйходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Уладарства Божае.

Сапраўды кажу вам: хто ня прыйме Валадарства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго».
 
Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Ўладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

І, прытуліўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі, дабраславіў іх.
 
I абняўшы іх, усклаў на іх рукі і дабраславіў іх.

І калі выходзіў у дарогу, нехта, падбегшы і ўпаўшы перад Ім на калені, спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
 
Калі выходзіў Ён у дарогу, чалавек некі, падбегшы, упаў прад Ім на калені і пытаўся ў Яго: — Вучыцель добры, што мне рабіць, каб насьлядаваць жыцьцё вечнае?

Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
 
Ісус сказаў яму: — чаму ты завеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “Не забівай”, “Не крадзі”, “Ня сьведчы фальшыва”, “Не рабі крыўды”, “Шануй бацьку твайго і маці”».
 
Ведаеш запаветы: не блудадзейнічай, не забівай, ня крадзі, ня сьветчы фальшыва, ня крыўдзі, наважай айца твайго і маці.

А ён, адказваючы, сказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захаваў ад юнацтва майго».
 
Той-жа ў адказ сказаў Яму: — Вучыцель, усяго гэтага я трымаўся з дзяцінства.

Ісус жа, паглядзеўшы на яго, узьлюбіў яго і сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною, узяўшы крыж».
 
Ісус, узглянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: — аднаго табе нестае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходь ды йдзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.

Той жа, спахмурнелы ад гэтага слова, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць.
 
Той-жа засмуціўся ад гэтага слова, і адыйшоў з жалем, бо меў вялікую маемасьць.

І Ісус, паглядзеўшы вакол, кажа вучням Сваім: «Як цяжка тым, што маюць грошы, увайсьці ў Валадарства Божае».
 
Ісус-жа, глянуўшы навокал, кажа вучням Сваім: — як цяжка маючым багацьце ўвайсьці у Ўладарства Божае!

Вучні аслупянелі дзеля словаў Ягоных. Але Ісус зноў, адказваючы, кажа ім: «Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце.
 
Вучні моцна зьдзівіліся з гэтых слоў; але Ісус зноў зьвярнуўся да іх, кажучы: — дзеці! як цяжка надзейным на багацьце ўвайсьці у Ўладарства Божае.

Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
 
Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушы, як багатаму ўвайсьці у Ўладарства Божае.

А яны яшчэ больш дзівіліся, гаворачы між сабою: «Хто ж тады можа быць збаўлены?»
 
Яны-ж яшчэ больш зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: — хто-ж тады можа быць збавены?

Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма».
 
Ісус, узглянуўшы на іх, прамовіў: — для людзей гэта немагчыма, але не для Бога, бо ўсё магчыма ў Бога.

І Пётар пачаў гаварыць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».
 
I пачаў Пётра гаварыць Яму: — вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою.

Адказваючы, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля Мяне і дзеля Эвангельля,
 
Ісус у адказ яму прамовіў: — папраўдзе кажу вам: няма нікога, хто пакінуў-бы дом, або братоў, ці сёстраў, ці айца, ці маці, ці жану, ці дзяцей, ці землі дзеля Мяне і Евангельля,

і не атрымаў бы цяпер, у гэты час, сярод перасьледаваньняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў будучым веку — жыцьцё вечнае.
 
і не дастаў-бы цяпер, у гэты час уціску ў стакроць больш — і дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і матак, і дзяцей, і грунтаў, а ў веку прышлым — жыцьця вечнага.

І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».
 
Бо шмат хто з першых стануцца апошнімі, і шмат хто з апошніх стануцца першымі.

Калі яны былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў наперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы зноў Дванаццаць, пачаў гаварыць ім пра тое, што з Ім мае здарыцца:
 
Былі-ж яны ў дарозе да Ерусаліму; Ісус ішоў наперадзе, а яны, пранятыя страхам, ішлі сьледам за Ім. I ўзяўшы зноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае стацца.

«Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам,
 
— Вось мы ўваходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе архісьвятаром і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам.

і будуць зьдзекавацца з Яго, будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
 
I назьдзекуюцца з Яго, і аплююць Яго, і будуць біць Яго, і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскросьне.

І падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Заўдыя, кажучы: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам, пра што будзем прасіць».
 
Тады падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Завадэевы, і сказалі: — Вучыцель, мы хочам, каб Ты зрабіў для нас, чаго папросім.

Ён жа сказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
 
Ён-жа сказау: — што хочаце, каб Я зрабіў вам?

Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб нам сесьці аднаму праваруч Цябе, а другому — леваруч Цябе ў славе Тваёй».
 
Яны-ж сказалі: — дазволь нам сесьці пры Табе, аднаму з правай руцэ, а другому па левай, у славе Тваёй.

Ісус жа сказаў ім: «Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?»
 
Але Ісус сказаў ім: — ня ведаеце, чаго просіце: ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?

Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.
 
Яны-ж кажуць Яму: — можам; Ісус-жа сказаў ім: — чару якую Я п'ю, вы піць будзеце, і хрышчэньне, якім Я хрышчуся, хрышчаны будзеце.

Але сесьці праваруч Мяне або леваруч Мяне не Мая [справа] даваць, але каму падрыхтавана».
 
Але даць сесьці па правай ці левай руцэ ў Мяне ня Мне даваць, але каму прызначана.

І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.
 
Іншыя дзесяць, пачуўшы гэтае, пачалі злавацца на Якуба і Яна.

Ісус жа, паклікаўшы іх, гаворыць ім: «Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і магнаты іхнія маюць уладу над імі.
 
Ісус-жа, падклікаўшы іх, сказаў ім: — вы ведаеце, што тыя, хто становяцца правіцелямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхныя камандуюць імі.

У вас няхай будзе ня гэтак, але хто хоча стацца між вамі большым, няхай будзе служыцелем вашым.
 
Але між вамі ня гэтак: а хто хоча стацца большым між вамі, няхай будзе вам слугою.

І хто хоча ў вас стацца першым, няхай будзе слугою ўсіх.
 
I хто хоча стацца першым між вамі, няхай будзе слугою ўсім.

Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх».
 
Бо і Сын Чалавечы не па тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за выбаўленьне многіх.

І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе, жабруючы.
 
I прыходзяць у Ерыхон; а калі Ён выйходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і з мноствам народу, пры дарозе сядзеў сьляпы Варцімей, сын Цімея, просячы падаяньня.

І, пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэту, пачаў крычаць і казаць: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
 
I пачуўшы, што ёсць Ісус Назаранін, пачаў усклікаць, вымаўляючы: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся нада мною.

І сварыліся многія на яго, каб замаўчаў, але ён тым мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
 
Многія прыгражалі яму, каб маўчаў, але ён яшчэ мацней галасіў: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьлітуйся нада мною.

І, спыніўшыся, Ісус сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, гаворачы яму: «Будзь пэўны, уставай, кліча цябе».
 
Ісус, запыніўшыся, сказаў паклікаць яго; і паклікалі сьляпога, кажучы яму: — падбадзёрся, уставай, Ён кліча цябе.

Ён, пакінуўшы адзеньне сваё, устаў і прыйшоў да Ісуса.
 
І ён схапіўся на ногі, скінуў з сябе верхнюю вопратку і прыйшоў да Ісуса.

І, адказваючы, гаворыць яму Ісус: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сьляпы сказаў Яму: «Раббоні, каб мне бачыць».
 
Iсус, зьвярнуўшыся да яго, прамовіў: — што хочаш, каб зрабіў табе? сьляпы-ж сказаў Яму: — Вучыцелю! каб я мог бачыць.

Ісус жа сказаў яму: «Ідзі, вера твая збавіла цябе». І адразу ён стаў бачыць, і пайшоў за Ісусам па дарозе.
 
І сказаў яму Ісус: — ідзі! вера твая ацаліла цябе, і ўраз вярнуўся яму зрок яго, і ён пайшоў па дарозе за Ісусам.