Быццё 28 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І паклікаў Ісаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, і сказаў яму: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану.
 
І паклікаў Ісаак Якава і дабраславіў яго і наказаў: не бяры сабе жонкі з дачок Ханаанскіх:

Устань, ідзі ў Падан-Арам, у дом Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе адтуль жонку з дачок Лявана, брата маці тваёй.
 
устань, ідзі ў Месапатамію, у дом Ватуіла, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе жонку адтуль, з дачок Лавана, брата маці тваёй:

І Бог Усемагутны дабраславіць цябе, і зробіць цябе плодным, і памножыць цябе, і ты станешся супольнасьцю народаў,
 
А Бог Усемагутны хай дабраславіць цябе, хай расплодзіць цябе і хай памножыць цябе, і хай будзе ад цябе мноства народаў:

і Ён дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і насеньню твайму з табою, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму».
 
і хай дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і нашчадкам тваім з табою, каб табе ўспадкаваць зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму!

І паслаў Ісаак Якуба, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лявана, сына Бэтуэля Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.
 
І адпусьціў Ісаак Якава, і ён пайшоў у Месапатамію да Лавана, сына Ватуіла Арамэйца, да брата Рэбэкі, маці Якава і Ісава.

І бачыў Эзаў, што дабраславіў Ісаак Якуба, і, дабраслаўляючы яго, паслаў яго ў Падан-Арам узяць сабе адтуль жонку, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры жонкі з дачок Ханаану»;
 
Ісаў убачыў, што Ісаак дабраславіў Якава і дабраслаўляючы паслаў яго ў Месапатамію, узяць сабе жонку адтуль, і наказаў яму, сказаўшы: не бяры жонкі з дачок Ханаанскіх;

і што паслухаў Якуб бацьку свайго і маці сваю, і пайшоў у Падан-Арам.
 
і што Якаў паслухаўся бацькі свайго і маці сваёй і пайшоў у Месапатамію.

І бачыў Эзаў, што ліхія дочкі Ханаану ў вачах Ісаака, бацькі ягонага.
 
І ўбачыў Ісаў, што дочкі Ханаанскія не падабаюцца Ісааку, бацьку ягонаму;

І пайшоў Эзаў да Ізмаэля, і ўзяў за жонку сабе Махалят, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Наваёта, акрамя тых жонак, якія меў.
 
і пайшоў Ісаў да Ізмаіла і ўзяў сабе жонку Махалату, дачку Ізмаіла, сына Абрагамавага, сястру Наваётаву, звыш жонак сваіх.

І выйшаў Якуб з Бээр-Шэвы, і пайшоў у Харан.
 
А Якаў выйшаў зь Вірсавіі і пайшоў у Харан,

І трапіў ён на адно месца, і заначаваў там, бо зайшло сонца. І ўзяў камяні з таго месца, і палажыў пад галаву сваю, і лёг спаць на тым месцы.
 
і прыйшоў у адно месца і застаўся там начаваць, бо зайшло сонца. І ўзяў адзін камень з таго месца, і паклаў сабе пад галаву, і лёг на тым месцы.

І сьніў ён, і вось, лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе дакранаецца да неба; і вось, анёлы Божыя ўзыходзяць і зыходзяць па ёй.
 
І ўбачыў у сьне: вось лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; і вось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.

І вось, ГОСПАД стаў над ім і сказаў: «Я — ГОСПАД, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і насеньню твайму.
 
І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім;

І станецца насеньне тваё, як пясок зямлі; і ты распаўсюдзішся на захад, і на ўсход, і на поўнач, і на поўдзень, і будуць дабраслаўлёныя ў табе і ў насеньні тваім усе плямёны зямлі.
 
і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя:

І вось, Я з табою, і буду захоўваць цябе ўсюды, куды ты пойдзеш, і вярну цябе ў гэтую зямлю, бо Я не пакіну цябе, пакуль не зраблю таго, што Я сказаў табе».
 
і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе.

І прачнуўся Якуб зо-сну свайго, і сказаў: «Сапраўды ГОСПАД ёсьць на месцы гэтым, а я ня ведаў!»
 
Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў.

І спалохаўся, і сказаў: «Якое страшнае месца гэтае! Гэта нішто іншае, як дом Божы, і гэта брама неба».
 
І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта — брама нябесная.

І ўстаў Якуб рана раніцай, і ўзяў камень, які ён палажыў пад галаву сваю, і паставіў яго як слуп, і наліў алей на верх ягоны.
 
І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго.

І назваў імя месца таго Бэтэль; а раней імя гораду таго было Люз.
 
І даў імя месцу таму: Бэт-Эль: а ранейшае імя таго горада было: Луз.

І абяцаў Якуб абяцаньне, кажучы: «Калі Бог будзе са мною, і будзе захоўваць мяне на гэтым шляху, якім я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзецца,
 
І даў Якаў зарок, сказаўшы: калі Бог будзе са мною і ахавае мяне ў дарозе гэтай, у якую я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзеньне апрануцца,

і я вярнуся ў супакоі ў дом бацькі майго, і будзе ГОСПАД мне Богам,
 
і я ў міры вярнуся ў дом бацькі майго, і будзе Гасподзь маім Богам, —

дык камень гэты, які я паставіў як слуп, будзе домам Божым, і з усяго, што Ты дасі мне, я аддзялю Табе дзесяціну».
 
дык гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым; і з усяго, што Ты, Божа, дасі мне, я дам Табе дзясятую долю.