Быццё 43 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
А голад цяжэў на зямлі.
Голад памацнеў на зямлі.
І сталася, што яны скончылі есьці збожжа, якое прывезьлі з Эгіпту, і сказаў ім бацька іхні: «Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня».
І калі яны зьелі хлеб, прывезены зь Егіпта, тады бацька іхні сказаў ім: ідзеце зноў, купеце нам крыху ежы.
І сказаў яму Юда, кажучы: «Той чалавек сувора папярэдзіў нас, кажучы: “Ня ўбачыце аблічча майго, калі ня [будзе] брат ваш з вамі”.
І сказаў яму Юда, кажучы: той чалавек рашуча заявіў нам, сказаўшы: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі.
Калі згаджаешся паслаць брата нашага з намі, зыйдзем і купім табе харчаваньне.
Калі пашлеш з намі брата нашага, дык пойдзем і купім табе ежы;
А калі не пашлеш, ня зыйдзем, бо той чалавек сказаў нам: “Ня ўбачыце аблічча майго, калі ня [будзе] брат ваш з вамі”».
а калі не пашлеш, дык ня пойдзем; бо той чалавек сказаў нам: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі.
І сказаў Ізраіль: «Навошта вы зрабілі мне ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ёсьць яшчэ брат?»
Ізраіль сказаў: навошта вы зрабілі мне такое ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ёсьць яшчэ брат?
І сказалі яны: «Пытаючыся, распытаваў гэты чалавек пра нас, пра сям’ю нашую, кажучы: “Ці яшчэ бацька ваш жывы? Ці ёсьць у вас брат?” І мы адказвалі яму паводле гэтых словаў. Ці маглі мы ведаць, што ён скажа: “Прывядзіце брата вашага”».
Яны сказалі: распытваў той чалавек пра нас і пра радзіну нашу, кажучы: ці жывы яшчэ бацька ваш? ці ёсьць у вас брат? Мы і расказалі яму паводле гэтых роспытаў. Ці ж маглі мы ведаць, што ён скажа: прывядзеце брата вашага?
І сказаў Юда Ізраілю, бацьку свайму: «Пашлі гэтага хлопца са мною; і мы ўстанем, і пойдзем, і будзем жыць, і не памром, і мы, і ты, і дзеці нашыя.
А Юда сказаў Ізраілю, бацьку свайму: пусьці хлопца са мною; і мы ўстанем і пойдзем, і жывыя будзем і не памром і мы і дзеці нашыя;
Я паручаюся за яго, з рукі маёй будзеш вымагаць яго. Калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю перад абліччам тваім, буду я грэшны перад табою на ўсё жыцьцё.
я адказваю за яго, з маіх рук спатрабуеш яго; калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад абліччам тваім, дык застануся я вінаваты перад табою на ўсе дні жыцьця:
Бо калі б мы не затрымліваліся, дык цяпер мы б ужо вярнуліся двойчы».
калі б мы не марудзілі, дык ужо схадзілі б два разы.
І сказаў ім Ізраіль, бацька іхні: «Калі так, тады зрабіце вось што: вазьміце пладоў зямлі ў мяхі вашыя і занясіце гэтаму чалавеку дар, трохі бальзаму, і трохі мёду, і пахошчы, і ладан, і фісташкі, і мігдалы.
Ізраіль, бацька іхні, сказаў ім: калі так, дык вось што зрабеце: вазьмеце з сабою пладоў зямлі гэтай, і занясеце ў дарунак чалавеку таму крыху бальзаму і крыху мёду, стыраксы і ладану, фісташкаў і міндальных арэхаў;
І срэбра падвойна вазьміце ў рукі вашыя. І срэбра, якое назад [паложана] ў адтуліны мяхоў вашых, вярніце рукамі сваімі; можа, гэта памылка.
вазьмеце і другое срэбра ў рукі вашыя; а срэбра пакладзенае назад у мяшкі вашыя, вярнеце рукамі вашымі: магчыма, гэта недагляд;
І брата вашага бярыце, і, устаўшы, вярніцеся да чалавека таго.
і брата вашага вазьмеце і ўстаўшы ідзеце зноў да чалавека таго;
А Бог Усемагутны няхай дасьць вам ласку перад абліччам таго чалавека, і ён выпусьціць вам другога брата вашага і Бэн’яміна. А я, калі маю пазбыцца дзяцей, пазбудуся».
а Бог Усемагутны няхай дасьць вам прыдбаць ласку ў чалавека таго, каб ён адпусьціў вас і другога брата вашага і Веньяміна.
І ўзялі мужы гэтыя дары свае, і срэбра падвойнае ўзялі ў рукі свае, і Бэн’яміна, і ўсталі, і зыйшлі ў Эгіпет, і сталі перад Язэпам.
І ўзялі тыя людзі дарункі гэтыя, і срэбра ўдвая ўзялі ў рукі свае, і Веньяміна, і ўсталі, і пайшлі ў Егіпет і сталі перад абліччам Язэпа.
І ўбачыў Язэп з імі Бэн’яміна, і сказаў загадчыку дому свайго: «Увядзі гэтых мужоў у дом, і зарэж, што можна зарэзаць, і прыгатуй [ежу], бо са мною будуць есьці мужы гэтыя апоўдні».
Язэп, убачыўшы сярод іх Веньяміна, сказаў начальніку дома свайго: увядзі гэтых людзей у дом, і закалі што-небудзь з быдла, і прыгатуй, бо са мною будуць есьці гэтыя людзі апоўдні.
І зрабіў той чалавек так, як сказаў Язэп, і ўвёў той чалавек мужоў гэтых у дом Язэпа.
І зрабіў чалавек той, як сказаў Язэп, і ўвёў чалавек той людзей гэтых у дом Язэпаў.
І баяліся мужы гэтыя, што прывялі іх у дом Язэпа, і казалі: «Гэта з прычыны срэбра, вернутага ўперад у мяхі нашыя, прывялі нас, каб накінуцца на нас, і напасьці на нас, і ўзяць у няволю нас і аслоў нашых».
Спалохаліся людзі гэтыя, што ўвялі іх у дом Язэпаў, і сказалі: гэта за срэбра, вернутае раней у мяхі нашыя, увялі нас, каб прычапіцца да нас і напасьці на нас, і ўзяць нас у няволю, і аслоў нашых.
І наблізіліся яны да чалавека, які быў над домам Язэпа, і гаварылі з ім каля ўваходу ў дом,
І падышлі яны да правадыра дома Язэпавага, і пачалі гаварыць яму каля дзьвярэй дома,
і сказалі: «Паслухай, пане мой! Прыходзячы, прыходзілі мы [сюды] ўперад купіць харчаваньне.
і сказалі: паслухай, спадару наш, мы прыходзілі ўжо раней купляць ежу,
І сталася, калі мы прыйшлі на папас, і разьвязалі мяхі свае, і вось, срэбра кожнага ў адтуліне мяха ягонага, срэбра нашае паводле вагі сваёй, і мы вяртаем яго рукамі сваімі.
і сталася, што, калі прыйшлі мы на начлег і адкрылі мяшкі нашыя, — вось срэбра кожнага ў мяшку ягоным, срэбра наша паводле вагі сваёй, і мы вяртаем яго сваімі рукамі;
І срэбра іншае мы прынесьлі ў руках сваіх, каб купіць харчаваньне. Мы ня ведаем, хто паклаў срэбра нашае ў мяхі нашыя».
а на куплю ежы мы прынесьлі іншае срэбра ў руках нашых; мы ня ведаем, хто паклаў срэбра нашае ў мяшкі нашыя.
А ён сказаў: «Супакой вам! Ня бойцеся! Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у мяхах вашых. Вашае срэбра прыйшло да мяне [ў свой час]». І вывеў да іх Сымона.
Ён сказаў: будзьце спакойныя, ня бойцеся; Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у мяшках вашых; срэбра ваша дайшло да мяне. І прывёў да іх Сымона.
І ўвёў чалавек той мужоў гэтых у дом Язэпа, і даў вады, і яны абмылі ногі свае; і даў корм аслам іхнім.
І ўвёў той чалавек людзей гэтых у дом Язэпаў і даў вады, і яны абмылі ногі свае; і задаў корму аслам іхнім.
І яны прыгатавалі дары да прыходу Язэпа апоўдні, бо чулі, што там яны будуць есьці хлеб.
І яны падрыхтавалі дарункі да прыходу Язэпа апоўдні, бо чулі, што там будзе есьці хлеб.
І прыйшоў Язэп у дом, і яны прынесьлі яму ў дом дары, якія ў руках іхніх, і пакланіліся яму да зямлі.
І прыйшоў Язэп дамоў; і яны прынесьлі яму ў дом дарункі, якія былі на руках іхніх, і пакланіліся яму да зямлі.
І ён спытаўся ў іх пра супакой, і сказаў: «Ці добра маецца бацька ваш стары, пра якога вы распавядалі? Ці ён яшчэ жыве?»
Ён распытаўся ў іх пра здароўе і сказаў: ці здаровы бацька ваш стары, пра якога вы казалі? ці жывы ён яшчэ?
І сказалі яны: «Мае супакой слуга твой, бацька наш, ён яшчэ жыве». І схіліліся, і, пакланяючыся, пакланіліся.
Яны сказалі: здаровы раб твой, бацька наш? І схіліліся яны і пакланіліся.
І ўзьняў ён вочы свае, і ўбачыў Бэн’яміна, брата свайго, сына маці сваёй, і сказаў: «Ці гэта брат ваш наймалодшы, пра якога вы распавядалі мне?» І сказаў: «Бог няхай зьмілуецца над табою, сыне мой».
І падняў вочы свае Язэп, і ўбачыў Веньяміна, брата свайго, сына маці сваёй, і сказаў: гэта брат ваш меншы, пра якога вы казалі мне? І сказаў: хай будзе ласка Божая з табою, сыне мой!
І хутка выйшаў Язэп, бо ўзгарэліся пачуцьці ягоныя да брата ягонага, і ён шукаў [месца, каб] плакаць; і ўвайшоў у пакой, і плакаў там.
І сьпешна сышоў Язэп, бо закіпела любоў да брата ягонага, і ён гатовы быў заплакаць, і ўвайшоў ён ва ўнутраны пакой і плакаў там.
І абмыў ён аблічча сваё, і выйшаў, і апанаваў сябе, і сказаў: «Пастаўце хлеб».
І ўмыўшы твар свой, выйшаў, і стрымаўся і сказаў: падавайце ежу.
І паставілі яму асобна, і ім асобна, і Эгіпцянам, якія елі з ім, асобна, бо Эгіпцяне ня могуць есьці з Гебраямі хлеб, бо гэта агіда для Эгіпту.
І падалі яму асобна, і ім асобна, і Егіпцянам, якія палуднавалі зь ім, бо Егіпцяне ня могуць есьці з Габрэямі, таму што гэта мярзота ў Егіпцян.
І селі яны перад ім, першародны паводле першароднасьці сваёй, і наймалодшы паводле маладосьці сваёй, і зьдзіўляліся мужы гэтыя, [гледзячы] адзін на аднаго.
І селі яны перад ім, першародны паводле першародства ягонага, і малодшы паводле маладосьці ягонай, і дзівіліся гэтыя людзі адзін перад адным.
І падалі стравы ад яго аблічча для іх. І была страва для Бэн’яміна большая, чым стравы кожнага з іх у пяць разоў. І яны пілі, і ўпіліся з ім.
І пасылалі ім стравы ад яго, і доля Веньяміна была ў пяць разоў большая за долю кожнага зь іх. І пілі, і даволі пілі яны зь ім.