Біблія / Бокун 13
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Пустыя ж з натуры ўсе людзі, якія не пазнаюць Бога і якія з таго, што з’яўляецца добрым, не змаглі пазнаць Таго, Хто існуе і, гледзячы на стварэнні, не пазналі Творцу.
Але ці агонь, ці вецер, ці лёгкае паветра, ці круг зорак, ці бурлівую ваду, ці нябеснае святло — мастакоў свету — лічылі за багоў.
Калі, захопленыя іх хараством, лічылі іх за багоў — то мусілі зразумець, наколькі магутнейшы іх Валадар: бо стварыў іх Пачатак і Творца прыгажосці.
А калі іх моц і дзейнасць выклікалі ў іх здзіўленне, мусілі яны праз яго пазнаць, наколькі магутнейшы за іх Той, Хто іх стварыў:
бо з магутнасці і прыгажосці стварэнняў пазнаецца іх Творца.
Але яны, аднак, меншае заслугоўваюць нараканне, бо яны, хоць і памыляюцца, але Бога шукаюць і прагнуць знайсці.
Бо калі сутыкаюцца з творамі Яго, глядзяць і вераць убачанаму, бо прыгожае, на што глядзяць.
Але, зноў жа, і яны не без віны:
калі бо столькі змаглі зведаць, каб здолець пазнаць сусвет, — як не знайшлі несумненнага яго Валадара?
А нешчаслівыя тыя, што спадзяюцца на рэчы смяротныя, што багамі лічаць творы рук чалавечых: золата і срэбра, творы мастацкія і выявы звяроў або бескарысны камень, твор старадаўняй рукі.
А калі нейкі цясляр ссек у лесе адпаведнае дрэва, то ён умела зняў усю кару з яго і, выкарыстаўшы сваё майстэрства, старанна зрабіў посуд, прыдатны ў штодзённым ужытку;
а рэшткі гэтае работы ўжыў на прыгатаванне ежы, і наеўся, і ўзяў
тое, што засталося і ні да чаго не прыдатнае, дрэва крывое і сукаватае, выразаў старанна ў вольны час свой і ўмела ў час адпачынку свайго зрабіў яго падобным да выявы чалавека
або зрабіў яго падобным да нейкага марнага звераняці, намазаў чырвонай глінай і зрабіў колер яго ярка-чырвоным з дапамогаю пурпуровай фарбы, і замаляваў усякую пляму, што была на ім,
і падрыхтаваў яму належнае месца: на сцяне памясціў яго, прымацоўваючы жалезам.
Такім чынам, ён пастараўся, каб той часам не зваліўся, ведаючы, што ён сам сабе дапамагчы не можа, бо з’яўляецца толькі выяваю і патрабуе дапамогі.
І калі моліцца ў справе маёмасці, і ў справе шлюбаў і дзяцей — не саромеецца гаварыць з ім, бяздушным, і яго, бяссільнага, нават просіць аб здароўі,
і мёртвага моліць аб жыцці, і зусім бескарыснага моліць аб дапамозе, і пра шчаслівую дарогу просіць яго, які не можа нагой зварухнуць,
і аб заробку, і аб працы, і аб шчаслівых руках просіць карысці ад таго, чые рукі ёсць найбольш бяссільныя!