Біблія / Бокун 35
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Хто захоўвае закон, памнажае прынашэнні.
Хто зважае на прыказанні — ускладае ахвяру збаўлення.
[Хто адплачвае за ласку — ускладае ахвяру з мукі, і хто дае міласціну — ускладае ахвяру пахвалы.]
Адвярнуцца ад злачыннасці — упадабанне Госпаду,
і адступіцца ад несправядлівасці — маленне за грахі.
Не паказвайся перад воблікам Госпада з пустымі рукамі:
бо ўсё гэта адбываецца паводле прыказанняў Божых.
Ахвяра справядлівага напаўняе ахвярнік тлустасцю, і пах яе мілы падымаецца перад Узвышнім;
ахвяра справядлівага прыемная, ды памяць пра яе не будзе забыта Госпадам.
З вясёлым вокам праслаўляй Бога, ды не памяншай пяршыняў з рук тваіх;
пры кожным дарэнні рабі твар свой вясёлым, ды з радасцю ўскладзі ў ахвяру дзесяціны свае;
давай Узвышняму так, як Ён дае, і з вясёлым вокам зрабі шчодры дар па магчымасці рук тваіх,
бо Госпад адплаціць і аддасць табе ў сем разоў.
Не ўскладай крывадушных дароў, бо Ён не прыме іх,
і не пакладай надзеі ў несправядлівай ахвяры, бо Госпад ёсць суддзя, і Ён не звяртае ўвагі на славу асобы.
Ён зверне ўвагу на ўбогага і выслухае маленне пакрыўджанага.
Не адцураецца ад просьбаў сіраты і ўдавы, калі яна жаліцца.
Ці ж слёзы ўдавы не сцякаюць па шчацэ, і галашэнне яе не супраць таго, хто іх выклікае?
Бо яна ад шчакі падымаецца ў неба, і Госпад слухае і незадаволены імі.
Хто служыць Богу, будзе прыняты з задавальненнем, ды маленне яго падымецца аж да хмар.
Мальба ўпакорнага пранікне ў воблакі, і не суцешыцца, пакуль не прыблізіцца да мэты; ды не спыніцца, аж пакуль не гляне Узвышні, і Ён як справядлівы суддзя выдасць прысуд.
Ды Госпад не замарудзіць і Наймагутнейшы не сцерпіць іх, пакуль не сатрэ спінаў крыўдзіцелям,
і пакуль не адпомсціць паганам, і пакуль не загубіць мноства пыхліўцаў, ды пакуль не сатрэ жазлы несправядлівых,
пакуль не аддасць людзям па іх учынках і Адаму па дзеянням яго упорыстасці,
пакуль не выдасць прысуд Свайму народу, ды не абрадуе іх Сваёй міласэрнасцю.
Міласэрнасць у час гора высакародная і своечасовая, як дажджавыя аблокі ў час засухі.