Біблія / Бокун 38

Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Шануй лекара дзеля яго патрэбнасці; бо вось, стварыў яго Узвышні.
 

Ад Бога бо мае ён мудрасць, і ад цара атрымае ён падарункі.
 

Навука лекара падыме яму галаву, і сярод магнатаў будзе ён мець пахвалу.
 

Узвышні з зямлі стварыў лекі, і разважны чалавек не будзе іх цурацца.
 

Ці не ад дрэва горкая вада стала салодкай,
 

каб пазналі людзі моц яе? І Узвышні даў людзям веды, каб быў Ён праслаўлены ў цудах Сваіх.
 

Імі лечачы ўлагодзіць боль, і гандляр мазямі прыгатуе з іх зёлкі прыемнасці, каб не спынялася яго дзейнасць
 

і здароўе на ўсёй зямлі.
 

Сыне, у хваробе сваёй не адцурайся самога сябе, але маліся да Госпада, і Ён вылечыць цябе.
 

Адвярніся ад злачынства, і выцягні рукі, і ачысці сэрца сваё ад усякага граху;
 

дай прыемнасці і падзякі з чыстай мукі, ды ўскладзі ахвяру тлустую па магчымасці сваёй. І пакліч лекара,
 

бо яго таксама Госпад стварыў; і хай не адыходзіць ад цябе, бо дзейнасць яго патрэбная.
 

Бывае бо час, калі праз іх рукі прыходзіць палягчэнне.
 

Яны ж самі папросяць Госпада, каб пакіраваў да добрага пазнання хваробы ды даў поспех у лячэнні.
 

Хто дапусціўся граху на віду Таго, Хто стварыў яго, трапіць у рукі лекара.
 

Сыне, пралівай слёзы па памерлым, ды, як быццам цяжка церпячы, пачні галашэнне, і, як належыцца, пакрый цела яго і не адцурайся ад пахавання яго.
 

Горка плач і прадаўжай галашэнне,
 

і пакладзі жалобу паводле заслугі яго, — дзень адзін або два, каб пазбегнуць асуджэння, — і пасля суцешся ад смутку.
 

Смутак бо прыспешвае смерць, і сум сэрца нішчыць сілу.
 

Па пахаванні застаецца смутак, і жыццё ўбогага — праклён сэрца.
 

Не папускай у смутак свайго сэрца, але ўхіляй яго ад сябе, памятаючы пра свой канец.
 

Не забывай, што няма звароту: і гэтаму зусім не дапаможаш, і сабе зашкодзіш.
 

Памятай пра суд яго; такі бо будзе і твой: мне ўчора, і табе сёння!
 

У супакоі памерлага супакой памяць аб ім, і суцешся па ім, па выхадзе духу яго.
 

Мудрасць кніжніка здабываецца ў вольны ад занятку час; і хто менш займаецца дзейнасцю, здабудзе той мудрасць. Як можа здабыць мудрасць той,
 

хто трымае плуг і хто славіцца кідком дзіды? Паганяе ён валоў, ды заняты іх справамі, і расказвае толькі пра маладых бычкоў.
 

Сэрца яго будзе занятае тым, каб араць барозны, і начамі будзе думаць пра пашу для кароў.
 

Так кожны рамеснік і мастак, які так ноч, як і дзень, праводзіць; хто займаецца разьбой па пячацях і вытрыманасць яго змяняе формы разьбы; сэрца сваё аддасць для таго, каб малюнак зрабіць жывым, і не спіць начамі, каб скончыць працу.
 

Так і каваль, седзячы каля кавадла, думае пра твор з жалеза; дух агню паліць яго цела, ды ваюе ён з жарам ад печы.
 

Стукат молата глушыць яго вуха, і вока яго звернута да падабенства з пасудзінаю.
 

Сэрца сваё ён прысвяціць выкананню работ, і начамі не спіць, каб давесці іх да дасканаласці.
 

Так ганчар, седзячы пры сваёй працы, круціць нагамі сваімі кола, заўсёды праняты клопатам пра сваю працу, і на ўліку ўся яго праца;
 

рукамі сваімі фармуе гліну і нагамі змякчае яе цвёрдасць.
 

Сэрца сваё прыкладае ён для дасягнення дасканаласці, ды па начах не спіць, каб вычысціць сваю печ.
 

Усе яны паклалі надзею ў руках сваіх, і кожны з’яўляецца мудрым у сваім майстэрстве.
 

Без іх усіх не можа быць збудаваны горад,
 

і жыхары не абжывуцца ды не будуць гуляць у ім. Аднак не запрашаюцца яны на сход народа і на сходзе не падымаюцца на вышэйшае месца,
 

не будуць сядзець яны ў судзейскіх крэслах, і не будуць разумець закону прымірэння, і не зробяць яны ўклад у настаўленне і законнасць, і не дададуць у прыпавесці,
 

але падтрымаюць іх стварэнні працы і руплівасць у мастацкай творчасці.