Мацьвея 5 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І, бачачы натоўпы, Ён узышоў на гару; і, калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго;
 
Бачачы грамады, Езус ўзыйшоў на гару, і калі сеў, падыйшлі да Яго Ягоныя вучні.

і, адкрыўшы вусны Свае, стаў іх навучаць, кажучы:
 
А Ён адкрыўшы вусны Свае, стаў іх навучаць:

«Шчасныя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае.
 
"Шчасьлівыя пакорныя (убогія) духам, бо іхняе Каралеўства Нябеснае."

Шчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
 
Шчасьлівыя сумныя, бо яны будуць пацешаны."

Шчасныя пакорлівыя, бо яны завалодаюць зямлёю.
 
"Шчасьлівыя ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю."

Шчасныя тыя, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны насыцяцца.
 
"Шчасьлівыя жадаючыя і прагнучыя справядлівасьці, бо яны будуць насычаныя (задаволены)".

Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць.
 
"Шчасьлівыя міласэрдныя, бо ім будзе аказана міласэрдзе."

Шчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
 
Шчасьлівыя чыстага сэрца, бо яны Бога аглядаць будуць."

Шчасныя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі.
 
Шчасьлівыя спакойныя (міралюбімыя) (супакой спаганяючыя), бо іх назавуць сынамі Божымі."

Шчасныя, што пераслед церпяць дзеля справядлівасці, бо іх Валадарства Нябеснае.
 
"Шчасьлівыя, што прасьледаваньне церпяць дзеля справядлівасьці, такіх бо Каралеўства Нябеснае."

Шчасныя вы, калі дзеля Мяне вас будуць зневажаць, і пераследаваць, і ўсякае ліха гаварыць будуць супраць вас, узводзячы паклёп.
 
"Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне вас зьневажаюць ды прасьледуюць, ды ўсяк блага і фальшыва пра вас гаварыць будуць."

Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша шчодрая ў небе; так, вось, пераследавалі прарокаў, якія да вас жылі.
 
Радуйцеся і весяліцеся, бо заплата для вас шчодрая ў небе: так вось прасьледавалі Прарокаў, што перад вамі жылі."

Вы — соль зямлі. А калі соль страціць сілу, то чым пасоліцца? Яна ўжо ні на што больш не прыдатная, як толькі быць выкінутай на двор, каб яе людзі патапталі.
 
Вы — соль зямлі. А калі соль зьвятрэе, дык чым тады яе саліць? На нішто больш не прыдасца, як толькі выкінуць на двор (навонкі), каб яе людзі тапталі.

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, што размешчаны на версе гары.
 
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад памешчаны на гары.

Таксама не запальваюць свечкі і не ставяць яе пад пасудзіну, але ставяць на падсвечніку, каб свяціла ўсім, хто ёсць у доме.
 
Таксама не паляць сьвечкі (запалену) і не хаваюць яе пад пасудзіну, але на падсьвечніку, каб сьвяціла ўсім, што ў доме.

Так хай свеціць святло ваша на віду ў людзей, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе.
 
Так хай сьвеціць сьвятло ваша на віду ў людзей, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі (дзейнасьці) ды хвалілі Айца вашага, які ў небе."

Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон і прарокаў. Я прыйшоў не парушыць, але выканаць.
 
Не думайце, што Я прыйшоў скасаваць закон і прарокаў. Не прыйшоў Я скасаваць, але споўніць.

Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна рыска не зменіцца ў законе, аж пакуль усё не збудзецца.
 
Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна крэска не зьменіцца ў Законе, аж пакуль ўсё збудзецца.

Хто парушыць адно з гэтых прыказанняў найменшых і навучыць так людзей, таго назавуць найменшым у Валадарстве Нябесным. А хто выканае і навучыць, таго назавуць вялікім у Валадарстве Нябесным.
 
Хто б таму перакрочыў (нарушыў) адно з гэтых прыказаньяў найменшых ды так бы людзей вучыў, той будзе званы найменшым у Каралеўстве Нябесным. А хто б выконваў і навучаў, той будзе званы вялікім у Каралеўстве Нябесным.

Бо кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большай, чым у кніжнікаў і ў фарысеяў, не ўвойдзеце вы ў Валадарства Нябеснае.
 
Бо кажу вам, калі ваша справядлівасьць ня будзе выяўляцца, пладаваць больш, чым вучоных у законе і ў фарызеяў, ня ўвойдзіце вы ў Каралеўства Нябеснае.

Чулі, што сказана было продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, будзе асуджаны.
 
Чулі, што сказана было прарокам: "Не забівай" (Вых. 20:13), а хто б забіў, той будзе суджаны.

А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: “рака”, — будзе асуджаны радай, а хто скажа: “дурны”, — будзе асуджаны агнём пякельным.
 
А Я вам кажу, што той, хто гневаецца на брата свайго — будзе суджаны. А хто б сказаў брату свайму "рака", будзе суджаны радай, а хто б сказаў: "Глупы-дурны", будзе варт агня пякельнага.

І таму, калі панясеш ахвяру сваю на ахвярнік, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе,
 
Калі затым панясеш дар свой на аўтар, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе,

дык пакінь ахвяру тваю каля ахвярніка, і ідзі перш пагадзіся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясеш ахвяру тваю.
 
дык пакінь там дар каля аўтара, а ідзі перш пагадзіся з братам тваім, а пасьля прыйдзеш і складзеш у ахвяру дар твой.

Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты з ім у дарозе, каб выпадкам не аддаў цябе супраціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не быў ты кінуты ў вязніцу.
 
Пагадзіся з праціўнікам тваім скора, пакуль з ім у дарозе (пакуль жывы), каб часам не аддаў цябе суддзю, , а суддзя — вартавому (слузе). Ды быў бы ўкінутым ў вязьніцу.

Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга квадранта.
 
Сапраўды кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняй капейкі.

Чулі, што сказана: “Не чужалож”?
 
Чулі, што сказана прабацькам: "Не чужалож!" (Вых. 20:14)

А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, прагнучы яе, ужо яе зчужаложыў у сэрцы сваім.
 
А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з яе пажаданем (страсьцю, са змысловасьцю), ужо яе зчужаложыў у сваім сэрцы.

Бо калі тваё правае вока горшыць цябе, вырві яго ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.
 
Калі затым тваё правае вока горшыць (зводзіць) цябе, выдзяры яго ды кінь ад сябе, бо лепш табе, каб прапаў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё мела быць укінута ў пекла.

І калі правая твая рука горшыць цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.
 
А калі правая твая рука горшыць (зводзіць) цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе. Бо карысьней табе, каб прапаў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё мела быць укінута ў пекла.

Сказана таксама: “Хто пакіне жонку сваю, хай дасць ёй разводны ліст”.
 
Сказана такжа: "Хто пакіне жонку сваю, хай дасьць ёй разводны ліст" (Паўт. 24:1).

А Я кажу вам: кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства. І той, хто жэніцца з ёю, чужаложыць.
 
А Я вам кажу, кожны, хто пакідае жонку сваю, з выняткам яе распусты, выстаўляе яе на чужалолоства. А той, хто жэніцца з ёю — чужаложыць."

Чулі яшчэ аб тым, што было сказана продкам: “Не парушай прысягі, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам”.
 
Таксама чулі яшчэ аб тым, што было сказана прабацькам: "Не парушай прысягі, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам." (Сьвят. 19:12)

А Я кажу вам, каб вы зусім не прысягалі, ані небам, бо яно ёсць пасад Божы,
 
А Я вам кажу, каб вы зусім не прысягалі. Ані на неба, бо яно сталіцай Божай,

ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Яго; ані Ерузалімам, бо ён — горад вялікага Валадара.
 
ані на зямлю, бо яна падножжам ног Ягоных; ані на Ерузалім, бо яно горадам вялікага караля.

Ані таксама сваёй галавой не прысягай, бо ты не можаш аніводнага воласа зрабіць белым або чорным.
 
Ані таксама на сваю галаву не прысягай, бо ты ня зможаш ані аднаго воласа зрабіць белым або чорным.

Хай жа тады слова ваша будзе: “так — так”, “не — не”. А што звыш таго, гэта ад ліхога.
 
Хай жа тады гаворка ваша будзе: так, так — не,не. А што болей, гэта ад ліхога.

Чулі вы, што сказана было: “Вока за вока, зуб за зуб?”
 
Чулі, што сказана: "Вока за вока, зуб за зуб" (Вых. 21:24)

А Я кажу вам: не праціўцеся злому; а калі б хто ўдарыў цябе ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.
 
А Я вам кажу, не працівіцеся ліхому чалавеку. А калі б хто ўдарыў ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.

І таму, хто хоча з табой судзіцца і кашулю тваю ўзяць, аддай яму і плашч.
 
А таму, хто хоча з табой судзіцца і вопратку ўзяці, дай яму і плашч.

І калі б хто цябе змушаў ісці з ім мілю, ідзі з ім дзве.
 
А калі б хто цябе змушаў ісьці з ім мілю, ідзі з ім другія дзьве.

Дай таму, хто просіць у цябе; і не ўхіляйся ад таго, хто жадае ў цябе пазычыць.
 
Калі цябе нехта просіць чаго, дай яму, а не адварачайся ад таго, хто ў цябе просіць пазычыць.

Чулі вы, што сказана было: “Любі блізкага свайго і ненавідзь ворага твайго”.
 
Чулі вы, што сказана: "Любі бліжняга свайго"(Лв. 19:18), а ў ненавісьці мей непрыяцеля твайго.

А Я кажу вам: любіце ворагаў сваіх дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць і гоняць вас,
 
А Я вам кажу любіце непрыяцеляў сваіх, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць; а маліцеся за прасьледуючых і зьневажаючых вас,

каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у небе, бо Ён чыніць, каб сонца Яго ўзыходзіла над добрымі і ліхімі, і дождж пралівае над справядлівымі і несправядлівымі.
 
каб былі вы сынамі Айца вашага, Каторы ў небе, Які дае, што сонца ягонае ўсходзіць над добрымі і ліхімі, а дажджом палівае справядлівых і несправядлівых.

Калі ж вы любіце тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі не робяць таго?
 
Калі б вы любілі толькі тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі ня робяць таго?

Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане не робяць?
 
Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане не робяць?

Дык будзьце ж вы дасканалыя, як і Айцец ваш, Які ёсць у небе, дасканалы.
 
Дык будзеце вы тады дасканалыя, як і ваш Айцец нябесны дасканалы."