2 да Цімафея 2 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсць у Хрысце Ісусе,
Ты тады, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсьць у Езусе Хрыстусе.
і, што чуў ты ад мяне пры многіх сведках, гэта перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
А што чуў ты ад мяне пры многіх сьведках, гэта перадай веруючым людзям, а яны змогуць і другіх павучыць.
Ты ж перанось цяжкасці як добры жаўнер Хрыста Ісуса.
Працуй старанна, як добры рыцар Езуса Хрыстуса.
Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы зямныя, каб падабацца таму, хто яго выбраў.
Ніхто з тых, хто змагаецца ў якасьці жаўнера Божага, не мяшаецца ў справы сьвецкія, каб падабацца таму, хто яго наняў.
Бо і той, хто змагаецца, не здабудзе вянка, калі змагаецца незаконна.
Бо і той, хто змагаецца, ня стане пераможцам, калі незаконна змагаецца.
Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі.
Земляробу, які працуе, першаму належыцца карыстацца пладамі.
Зразумей, што кажу: хай дасць табе Госпад ва ўсім розум.
Зразумей, што гавару; дасьць табе Госпад у ва ўсім розум.
Памятай пра Ісуса Хрыста з семя Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле дабравешчання майго,
Памятай пра Госпада Езуса Хрыстуса, які ўстаў з умёршых, з патомства Давіда, як піша мая Эвангелія,
дзеля якога цярплю мукі аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга звязаць.
дзеля якой працую аж да кайданаў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага зьвязаць нельга.
Вось, я ўсё раблю дзеля выбраннікаў, каб яны атрымалі збаўленне, якое ў Хрысце Ісусе са славаю вечнай.
Вось я ўсё раблю дзеля выбраньнікаў, каб яны атрымалі збаўленьне, якое ў Езусе Хрыстусе, у хвале нябеснай.
Вернае слова: калі мы з Ім памерлі, дык з Ім жыць будзем;
Вось праўда: калі мы (з Ім) спаўмярлі, то і спаўжывём,
калі церпім, дык з Ім валадарыць будзем, калі зрачомся Яго, дык і Ён нас зрачэцца;
а калі вытрымаем, то і з Ім спаўваладарыць будзем, а калі вырачаемся, то і Ён нас вырачыцца.
калі мы зняверымся, дык Ён верным застанецца, бо Сам Сябе зрачыся не можа.
Калі і зьняверымся, то Ён верным застаецца, бо сам сябе вырачыся ня можа.
Пра гэта нагадвай, сведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся, бо гэта нічога не дасць, хіба толькі сапсуе слухачоў.
Вось што памятай: сьведчачы перад Богам, не спрачайся словамі, бо гэта нічога ня дасьць, хіба толькі сапсуе слухачоў.
Пільна рупся паказацца годным перад Богам, працаўніком беззаганным, які даносіць з павагай слова праўды.
Пільна старайся быць чэсным перад Богам, беззаганным працаўніком, прымаючым з павагай словы праўды.
Пустых жа гаворак высцерагайся, бо яны яшчэ больш спрычыняцца да бязбожнасці,
Пустой жа гаворкі высьцерагайся, у многім бо гэта прычыняецца да бязбожнасьці.
і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; з такіх вось Гіменэй і Філет,
А слова іх, як рак, распаўзецца, такімі вось зьяўляюцца Гыменэус і Філетус,
якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.
якія разьмінуліся з праўдай, сьцьвярджаючы, што ўваскрашэньне ўжо адбылося, і адвярнулі гэтак некаторых ад веры.
Але цвёрды падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: «Пазнаў Госпад, хто ёсць Яго», і «Хай аддаліцца ад нягоднасці кожны, хто вызнае імя Госпада».
Але на моцным фундаменьце Божым стаіць той, хто мае такі знак: "Пазнаў Госпад, хто Ягоным ёсьць", і хай аддаліцца ад няправасьці кожны, хто прызнае імя Госпада.
У вялікім жа доме маюцца не толькі залатыя і срэбраныя начынні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя — у пашане, другія — у ганьбе.
У вялікім жа доме маюцца ня толькі залатыя і сярэбраныя начыньні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя для ўшанаваньня, другія для ганьбаваньня.
Дык вось, калі хто ачысціў сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, усвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсякай добрай справы.
Дык вось, калі хто ачысьціў сябе ад усякіх няправасьцяў, будзе пасудай пачэснай, усьвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы.
Высцерагайся пажаданняў юнацкіх, але трымайся справядлівасці, веры, любові, супакою з тымі, што чыстым сэрцам заклікаюць Госпада.
Высьцерагайся лятуценьняў-пажаданьняў юнацкіх, а трымайся справядлівасьці веры, надзеі і міру з тымі што чыстым сэрцам прызнаюць Бога.
Ухіляйся дурных і бязглуздых спрэчак, ведаючы, што яны даводзяць да звадак.
Не ўступай у глупыя і бескарысныя спрэчкі, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі.
Слуга Госпада не мусіць сварыцца, але трэба быць ветлівым з усімі, вучыцелем цярплівым,
Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, умелым, цярплівым (стрыманым).
які лагодна выпраўляе тых, што працівяцца, ці не дасць ім Бог навяртанне дзеля пазнання праўды,
Ласкава спаўляючы тых, што працівяцца праўдзе, трэба спадзявацца, што можа дасьць ім Бог ласку раскаяньня і пазнаньня праўды і
каб вырваліся з путаў д’ябла; апутаныя імі, яны яго паднявольныя.
вырвацца з петляў шатанскіх, якімі аблытана яго воля.