2 да Цімафея 2 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсць у Хрысце Ісусе,
Дык, дзяцё мае, мацуйся ў ласцы, каторая ў Хрысту Ісусу;
і, што чуў ты ад мяне пры многіх сведках, гэта перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
І што чуў ад мяне ў прытомнасьці шмат сьветак, давер верным людзём, каторыя былі б здольныя і іншых навучаць.
Ты ж перанось цяжкасці як добры жаўнер Хрыста Ісуса.
Цярпі болі, як добры жаўнер Ісуса Хрыста.
Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы зямныя, каб падабацца таму, хто яго выбраў.
Ніякі жаўнер не мяшаецца ў справы жыцьця, каб угадзіць таму, хто запісаў яго за жаўнера.
Бо і той, хто змагаецца, не здабудзе вянка, калі змагаецца незаконна.
І калі хто дужаецца, яму не даюць вянка, калі ня дужаецца праўна.
Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі.
Ралейніку, каторы працуе, належыцца першаму паспытацца пладоў.
Зразумей, што кажу: хай дасць табе Госпад ва ўсім розум.
Скумай тое, што я кажу, бо Спадар дасьць табе зразуменьне ўсяго.
Памятай пра Ісуса Хрыста з семя Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле дабравешчання майго,
Памятуй Ісуса Хрыста з насеньня Давідавага, ускрэслага зь мертвых подле мае Дабравесьці,
дзеля якога цярплю мукі аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга звязаць.
У каторай я цярплю аж да путаў, як ліхадзей, але Слова Божае ня спутанае.
Вось, я ўсё раблю дзеля выбраннікаў, каб яны атрымалі збаўленне, якое ў Хрысце Ісусе са славаю вечнай.
Затым я ўсе цярплю дзеля абраных, каб і яны маглі адзяржаць спасеньне ў Ісусу Хрысту зь вечнай славаю.
Вернае слова: калі мы з Ім памерлі, дык з Ім жыць будзем;
Слова вернае, бо калі мы памерлі разам ізь Ім, дык будзем таксама жыць разам;
калі церпім, дык з Ім валадарыць будзем, калі зрачомся Яго, дык і Ён нас зрачэцца;
Калі церпім, будзем таксама караляваць разам; калі выпераемся, Ён таксама выпрацца нас;
калі мы зняверымся, дык Ён верным застанецца, бо Сам Сябе зрачыся не можа.
Калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо Ён ня можа выперціся Самога Сябе.
Пра гэта нагадвай, сведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся, бо гэта нічога не дасць, хіба толькі сапсуе слухачоў.
Дамяняй ім гэта, сьветчачы ўрочыста перад Спадаром, каб не сьперачаліся за словы, што бескарыснае, але адно да бураньня слухачых.
Пільна рупся паказацца годным перад Богам, працаўніком беззаганным, які даносіць з павагай слова праўды.
Сілуйся, каб стаць да Бога ўзумелым работнікам, што ня мае за што сароміцца, рэжучы проста слова праўды.
Пустых жа гаворак высцерагайся, бо яны яшчэ больш спрычыняцца да бязбожнасці,
А сьцеражыся сьвецкае пустое чаўпні, бо яна павядзець да большае нязбожнасьці,
і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; з такіх вось Гіменэй і Філет,
І слова іхнае, як ганґрэна, будзе мець пажыву. Зь іх ё Гімен а Філіт,
якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.
Што зблудзілі з дарогі праўды, кажучы, што ўскрысеньне ўжо сталася, і яны пераварачаюць веру некатрых.
Але цвёрды падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: «Пазнаў Госпад, хто ёсць Яго», і «Хай аддаліцца ад нягоднасці кожны, хто вызнае імя Госпада».
Цьвярды, адылі, под Божы стаіць, маючы гэтую пячаць: «Спадар знае Сваіх»; і: «Кажны, што мянуе імя Спадарова, няхай адыходзе ад бяспраўя».
У вялікім жа доме маюцца не толькі залатыя і срэбраныя начынні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя — у пашане, другія — у ганьбе.
Але ў вялікім доме ё ня толькі залатое а срэбнае судзьдзё, але таксама дзярвянае а глінянае, некатрыя да сьці, а некатрыя да несьці.
Дык вось, калі хто ачысціў сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, усвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсякай добрай справы.
Дык, калі хто ачысьціцца ад гэтых, будзе судзіною да сьці, пасьвячаны, карысны Гаспадару, прыгатаваны да кажнага добрага ўчынку.
Высцерагайся пажаданняў юнацкіх, але трымайся справядлівасці, веры, любові, супакою з тымі, што чыстым сэрцам заклікаюць Госпада.
Але ад маладзёнскіх жадлівасьцяў уцякай, а імкніся да справядлівасьці, веры, міласьці, супакою з тымі, што гукаюць Спадара з чыстага сэрца.
Ухіляйся дурных і бязглуздых спрэчак, ведаючы, што яны даводзяць да звадак.
Ад дурных а ненавуковых сьпярэчак адмаўляйся, ведаючы, што ад іх родзяцца вады;
Слуга Госпада не мусіць сварыцца, але трэба быць ветлівым з усімі, вучыцелем цярплівым,
Нявольнік Спадароў ня мае вадзіцца, але быць лагодным да ўсіх, умелым вучыць, выбачным,
які лагодна выпраўляе тых, што працівяцца, ці не дасць ім Бог навяртанне дзеля пазнання праўды,
Лагодна навучаючы спраціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог каяты да пазнаньня праўды,
каб вырваліся з путаў д’ябла; апутаныя імі, яны яго паднявольныя.
Каб яны вывальніліся ад сіла дзявальскага, што ўхапіў іх у сваю волю.