Быццё 40 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што чарнік цара егіпецкага і пекар правініліся перад гаспадаром сваім.
І фараон, разгневаўшыся на двух еўнухаў: на загадчыка чарнікаў і на загадчыка пекараў,
адправіў іх пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў, ў вязніцу, дзе ўвязнены быў Язэп.
І вось, начальнік варты перадаў іх Язэпу, які прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час.
Аднойчы ноччу яны абодва бачылі сон з адпаведным сэнсам для сябе.
І калі да іх раніцай прыйшоў Язэп і ўбачыў іх сумнымі,
то спытаўся ў іх: «Чаму сёння сумнейшы твар ваш, чым звычайна?»
Яны адказалі: «Бачылі мы сон, і няма каму нам растлумачыць яго». І сказаў ім Язэп: «Ці не ў Бога вытлумачэнне? Скажыце мне, што вы бачылі».
Начальнік чарнікаў расказаў свой сон: «Бачыў я перад сабою вінаградны куст,
на якім былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па квецені наспелі ягады.
І келіх фараона ў руцэ маёй. Я ўзяў гронкі і выціснуў у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону».
Язэп сказаў: «Такое тлумачэнне сну: тры галінкі — гэта яшчэ тры дні,
па якіх фараон падыме галаву табе і верне цябе на ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў.
Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды зрабі мне ласку і падкажы фараону, каб выпусціў ён мяне з гэтай вязніцы.
Бо я ўкрадзены з зямлі гебраяў, і тут нявінна ўкінуты ў яму».
А загадчык пекараў, бачачы, што ён разгадаў сон на добрае, сказаў: «І я бачыў сон, што трымаў я на галаве тры кашы мукі
і што ў адным кашы, які быў вышэйшы, розная ежа фараона, якая вырабляецца ўмельствам пекара, і птушкі клявалі яе».
Язэп адказаў: «Вось такое тлумачэнне сну: тры кошыкі значаць яшчэ тры дні.
Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсці цела тваё».
Праз тры дні пасля гэтага быў дзень нараджэння фараона. І ён справіў для сваіх паслугачоў вялікі баль. І тады ў прысутнасці паслугачоў сваіх прыпомніў галоўнага чарніка і загадчыка пекараў.
І галоўнага чарніка вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чару,
а другога павесіў на шыбеніцы, як растлумачыў ім Язэп.
Аднак загадчык чарнікаў не прыпомніў Язэпа і забыўся пра вытлумачальніка свайго.