Данііла 2 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
На другі год царавання меў Набукаданосар сон; і ўстрывожыўся дух яго, што і сон не браў яго.
І цар загадаў склікаць прадказальнікаў, і варажбітоў, і чараўнікоў, і халдэйцаў, каб сказалі цару сны яго; калі яны прыйшлі, то сталі перад царом.
І цар сказаў ім: «Меў я сон, і дух мой занепакоены, каб зразумець сон».
І сказалі халдэйцы цару па-арамейску: «Цару, вечна жыві! Раскажы паслугачам сваім сон, ды высветлім яго сэнс».
І ў адказ сказаў цар халдэйцам: «Вось што я гавару. Калі не высветліце мне сну і яго сэнсу, будзеце разарваны на кавалкі і дамы вашы будуць разбураны;
а калі высветліце мне сон і яго сэнс, атрымаеце ад мяне дары, і ўзнагароды, і вялікую пашану. Дык раскажыце мне сон і яго сэнс».
Адказалі паўторна і сказалі: «Хай цар раскажа сон сваім паслугачам, і мы высветлім яго сэнс».
У адказ сказаў цар: «Разумею, канешне, добра, што хочаце мець час, ведаючы, што слова адышло ад мяне.
Такім чынам, калі не высветліце мне сну — адзін ёсць для вас прысуд. І вы згаварыліся выявіць мне слова лжывае і поўнае ашуканства, пакуль не зменяцца часы; дык выявіце мне сон, каб я мог пераканацца, што можаце мне высветліць яго сэнс».
І халдэйцы адказалі цару: «Няма чалавека на зямлі, які б мог высветліць слова цара; таму ніводзін з цароў, хоць вялікіх і магутных, не выведвае такое слова ад усякага прадказальніка, і ад варажбіта, і ад халдэйца.
Пытанне бо, якое ты, цар, ставіш, — цяжкае, і ніхто не зможа на яго адказаць цару, акрамя багоў, якія не прабываюць паміж людзей».
Пачуўшы гэта, цар, апанаваны вялікім гневам і абурэннем, загадаў пазабіваць усіх мудрацоў бабілонскіх.
І калі выйшаў загад, каб загубіць мудрацоў, шукаліся Даніэль і сябры яго, каб разам былі забіты.
Звярнуўся тады Даніэль з парадай і разважлівасцю да Арыёха, кіраўніка варты царскай, які выбраўся, каб загубіць мудрацоў бабілонскіх;
сказаў ён Арыёху, які атрымаў паўнамоцтвы ад цара: «Чаму такі строгі загад царскі?» Такім чынам, калі Арыёх прадставіў Даніэлю справу,
Даніэль, пайшоўшы, папрасіў цара, каб вызначыў ён яму час на выяўленне сэнсу сну цару;
і вярнуўся Даніэль дадому, і расказаў справу сваім сябрам Ананію, Місаэлю і Азарыю,
каб прасілі міласэрнасці перад абліччам Бога нябеснага аб гэтай таямнічай справе і каб Даніэль са сваімі сябрамі не загінулі разам з другімі мудрацамі бабілонскімі.
Тады Даніэль у начным бачанні атрымаў выяўленне таямніцы, дык дабраслаўляў Даніэль Бога неба і казаў:
«Хай будзе дабраславёна імя Бога ва ўсе векі вечныя, бо мудрасць і ўсемагутнасць ёсць у Яго;
і Ён змяняе часы і вякі, устараняе і ўстанаўляе цароў, дае мудрасць мудрым і разумнасць разумным.
Ён аб’яўляе глыбокае і схаванае і ведае, што знаходзіцца ў цемры, ды святло жыве з Ім.
Цябе, Божа маіх бацькоў, слаўлю і Цябе ўхваляю! Бо даў мне мужнасць і мудрасць і выявіў мне зараз тое, аб чым мы малілі Цябе, бо слова царскае выявіў нам».
Таму Даніэль пайшоў да Арыёха, якога паставіў цар, каб пазабіваць мудрацоў бабілонскіх, ды так сказаў яму: «Не забівай мудрацоў бабілонскіх; завядзі мяне да цара, і я раскажу цару сэнс сну».
Тады Арыёх хутка завёў Даніэля да цара і сказаў яму: «Знайшоў я чалавека сярод выселеных з Юды, які выявіць цару сэнс сну».
Цар звярнуўся і сказаў Даніэлю, якога імя было Балтасар: «Ці сапраўды можаш выявіць мне сон, які я бачыў, і раскрыць яго сэнс?»
І ў адказ Даніэль сказаў перад абліччам цара: «Таямніцу, пра якую цар пытае, не змогуць выявіць ані мудрацы, ані прадказальнікі, ані варажбіты, ані астролагі;
але ёсць Бог у небе, Які адкрывае таямніцы, і Ён выяўляе цару Набукаданосару, што станецца ў апошнія дні. Твой сон і бачанні галавы тваёй, якія ты меў на сваім ложку, ёсць наступныя:
цябе, цару, на тваім ложку ахапілі думкі аб тым, што мае пазней надысці; і Той, Хто раскрывае таямніцы, выявіў табе, што станецца.
Таксама, што да мяне, таямніца гэта стала мне вядомай не дзеля мудрасці, якой у мяне больш, чым ва ўсіх жывучых, але каб даць выясненне цару і каб ты разумеў думкі свайго сэрца.
Ты, цару, бачыў: і вось, адна статуя вельмі вялікая, статуя гэтая, вялікая і высокая, стаяла перад табой, і выгляд яе быў страшны.
Галава гэтае статуі была з чыстага золата, грудзі ж яе і плечы — са срэбра, а жывот і клубы — з медзі,
ногі ж — з жалеза, ступні яе — часткова з жалеза, а часткова з гліны.
Так бачыў ты, што, вось, адарваўся камень, хаця не дакранулася да яго рука людская, і ўдарыў статую ў яе ногі з жалеза і гліны, і паламаў іх;
тады зараз жа паламаны былі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата, ды сталі яны, як мякіна на таку летам, і падняў іх вецер, так што не застаўся па іх след; камень жа, які ўдарыў статую, стаў вялікай гарою і запоўніў усю зямлю.
Такі вось сон; яго сэнс таксама скажам табе, цару.
Ты цар цароў, і Бог неба даў табе царства, і сілу, і моц, і славу,
і ў тваю руку даў усё, дзе жывуць людзі, і звяры палявыя, і птушкі нябесныя, і цябе зрабіў валадаром над імі ўсімі, ты — галава залатая.
І па табе ўзнікне іншае царства, меншае, чым тваё, і надыдзе трэцяе царства, меднае, якое будзе валадарыць над усёй зямлёй.
І чацвёртае царства будзе трывалае, як жалеза; як жалеза, што ўсё крышыць і ламае на кавалкі, і як жалеза, што, разбіваючы, знішчае ды крышыць усё гэта.
Затым тое, што ты ўбачыў ногі і пальцы, часткова зробленыя з гліны і часткова — з жалеза, значыць, што царства будзе падзелена; і будзе ў яго трываласць жалеза паводле таго, што ўбачыў ты жалеза, змяшанае з глінай.
І пальцы ног часткова з жалеза і часткова з гліны, — гэта значыць, што царства будзе часткова трывалае, часткова — крохкае.
А тое, што ты ўбачыў жалеза, змяшанае з глінай, значыць да таго ж, што змяшаюцца яны праз людское семя, але не будуць прымацаваны адзін да аднаго, падобна як жалеза не можа злучыцца з глінаю.
А ў часы гэтых царстваў Бог Неба ўзбудзіць Валадарства, якое вытрывае вечна ды ўлада яго не пяройдзе на другі народ: сатрэ і знішчыць яно ўсе гэтыя царствы і само будзе трываць вечна.
Як ты гэта ўбачыў, калі камень адарваўся ад гары, хоць не дакранулася да яго рука людская, і знішчыў жалеза, і медзь, і гліну, і срэбра, і золата; вялікі Бог выявіў цару, што станецца пазней: і праўдзівы ёсць сон, і выясненне яго вернае».
Тады Набукаданосар упаў на твар свой, і пакланіўся Даніэлю, і загадаў зрабіць яму ахвяры з ежы і духмянае каджэнне.
Такім чынам, звярнуўся цар да Даніэля і сказаў: «Ваш Бог ёсць сапраўды Бог багоў і Валадар цароў, Які выяўляе таямніцы, бо змог ты выявіць гэту таямніцу».
Потым узвысіў цар Даніэля і даў яму многа багатых дароў ды зрабіў яго кіраўніком намеснікаў над усімі правінцыямі бабілонскімі і кіраўніком над усімі мудрацамі Бабілона.
Даніэль жа папрасіў цара і паставіў над справамі правінцыі бабілонскай Сэдрака, Місака і Абдэнагу; Даніэль жа прабываў пры царскай браме.