1 летапісаў 19 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Сталася ж па гэтым, што памёр Наас, цар аманіцян, і замест яго сын яго стаў царом.
 
Пасьля гэтага памёр Наас, цар Аманіцкі, і зацараваў сын яго замест яго.

І сказаў Давід: «Акажу зычлівасць Ханону, сыну Нааса; бацька бо яго быў спагадлівы да мяне». Ды выправіў Давід пасланнікаў, каб суцешыць яго дзеля смерці бацькі яго. Калі пасланнікі Давіда прыбылі ў зямлю аманіцян, каб суцешыць Ханона,
 
І сказаў Давід: зраблю я міласьць Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое бацька ягоны зрабіў мне. І паслаў Давід паслоў суцешыць яго ў бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давідавы ў зямлю Аманіцкую, да Анона, каб суцешыць яго.

князі аманіцян сказалі Ханону: «Ты, можа, думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў пасланнікаў суцешыць цябе; і не заўважаеш, што для распазнавання, і разведвання, і спусташэння зямлі тваёй прыбылі паслугачы яго да цябе».
 
Але князі Аманіцкія сказалі Анону: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? Ці не на тое прыйшлі слугі яго да цябе, каб выведаць і выгледзець зямлю і спустошыць яе?

Таму Ханон узяў паслугачоў Давіда, і пагаліў, і абрэзаў тунікі іх ад клубоў да пятаў, і адпусціў іх.
 
І ўзяў Анон слуг Давідавых і пагаліў іх, і абцяў вопратку іхнюю напалавіну да сьцёгнаў і адпусьціў іх.

Калі вярнуліся яны і аб гэтым паведамілі Давіду, ён паслаў насустрач ім — вялікую бо ім ганьбу зрабілі — і загадаў, каб затрымаліся ў Ерыхоне, пакуль не адрасце ў іх барада, і каб потым вярнуліся.
 
І пайшлі яны. І данесьлі Давіду пра людзей гэтых, і ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя; і сказаў цар; застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць борады вашыя, і тады вяртайцеся.

А калі аманіцяне, разумеючы, што Давід зненавідзеў іх, паслалі, як Ханон, так і астатні народ, тысячу талентаў срэбра, каб за іх наняць сабе калясніцы і коннікаў з Мэсапатаміі, і з Сірыі Маахі, і з Собы;
 
Калі Аманіцяне ўбачылі, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду, тады паслаў Анон і Аманіцяне тысячу талантаў срэбра, каб наняць сабе калясьніц і верхаўцоў зь Сірыі Месапатамскай і зь Сірыі Мааха і з Сувы.

ды нанялі яны сабе трыццаць дзве тысячы калясніц і цара Маахі з народам яго. Калі яны прыбылі, расклаліся лагерам у ваколіцы Мэдаба; таксама сыны Амона сабраліся са сваіх гарадоў і прыбылі ваяваць.
 
І нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьніц і цара Мааха з народам ягоным, якія прыйшлі і разьмясьціліся табарам перад Мэдэваю. І Аманіцяне сабраліся з гарадоў сваіх і выступілі на вайну.

Калі пра гэта пачуў Давід, паслаў Ёаба з усім войскам мужных ваяроў.
 
Калі дачуўся пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам адважных.

І выйшлі аманіцяне і сталі ў строй каля гарадской брамы; а цары, якія прыйшлі на дапамогу, асобна сталі ў полі.
 
І выступілі Аманіцяне і сталі на бітву, каля брамы горада, а цары, якія прыйшлі, асобна ў полі.

Таму Ёаб, разумеючы, што пагражае яму бой і спераду, і ззаду, падабраў наймужнейшых ваяроў з усяго Ізраэля і выступіў супраць сірыйцаў;
 
Ёаў, бачачы, што чакае яго бітва сьпераду і ззаду, выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў.

астатнюю ж частку войска даручыў брату свайму Абісаю і выступілі яны супраць аманіцян.
 
А астатнюю частку народу даручыў Авэсу, брату свайму, каб яны выступілі супроць Аманіцянаў.

І сказаў Давід: «Калі мяне перамогуць сірыйцы, ты будзеш мне ў дапамогу; калі ж цябе перамогуць аманіцяне, я табе дапамагу.
 
І сказаў ён: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, дык ты дапаможаш мне, а калі Аманіцяне будуць адольваць цябе, дык я дапамагу табе.

Будзеце мужнымі ды будзем змагацца мужна за народ свой і за гарады Бога нашага; а Госпад, што Яму будзе добрым, зробіць».
 
Будзь мужны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага, — і Гасподзь хай зробіць, што Яму заўгодна.

Такім чынам, наблізіўся Ёаб і народ, які быў з ім, да сірыйцаў, каб ваяваць, і яны ўцяклі ад іх.
 
І ўступіў Ёаў і людзі, якія былі ў яго, у бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.

А аманіцяне, бачачы, што сірыйцы ўцяклі, таксама і самі ўцяклі перад яго братам Абісаем, ды адступілі ў горад. Ды Ёаб вярнуўся ў Ерузалім.
 
А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, і самыя пабеглі ад Авэсы, брата ягонага, і сышлі ў горад. І прыйшоў Ёаў у Ерусалім.

Сірыйцы ж, бачачы, што былі пабіты Ізраэлем, паслалі веснікаў і прывялі сірыйцаў, якія былі за ракой. Софах жа, кіраўнік войска Ададэзэра быў іх камандзірам.
 
Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, адправілі паслоў і вывелі Сірыйцаў, якія былі па той бок ракі, і Савак, ваеначальнік Адраазараў, быў на чале іх.

Калі аб гэтым паведамілі Давіду, ён сабраў увесь Ізраэль, і прайшоў Ярдан, і падышоў да іх, і накіраваў строй супраць іх, і ваяваў з імі.
 
Калі данесьлі пра гэта Давіду, ён сабраў усіх Ізраільцянаў, перайшоў Ярдан і прыйшоў да іх і стаў супроць іх. І ўступіў Давід у бітву зь Сірыйцамі, і яны сьцяліся зь ім.

А сірыйцы ўцяклі перад ізраэльцамі, і Давід знішчыў сем тысяч калясніц сірыйскіх і сорак тысяч пехацінцаў, і Сабаха, камандзіра войска.
 
І Сірыйцы пабеглі ад Ізраільцянаў, і зьнішчыў Давід у Сірыйцаў сем тысяч калясьніц, і сорак тысяч пешых і Савака ваеначальніка забіў.

А паслугачы Ададэзэра, бачачы, што пераможаны Ізраэлем, прымірыліся з Давідам і служылі яму; і сірыйцы больш не хацелі аказваць дапамогу аманіцянам.
 
Калі ўбачылі слугі Адраазара, што яны пабітыя Ізраільцянамі, заключылі з Давідам мір і падпарадкаваліся яму. І не хацелі Сірыйцы дапамагаць больш Аманіцянам.