4 царстваў 25 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А сталася на дзявяты год яго царавання, у дзесятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, што прыйшоў сам Набукаданосар, цар Бабілона, і усё войска яго супраць Ерузаліма; і абклаў яго, і збудаваў вакол яго валы.
 
І сталася, што дзявятага году дзяржавы свае, дзясятага месяца, на дзясяты дзень месяца прышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, ён а ўсе войска ягонае, на Ерузалім, і аблёг яго, і насыпаў вал навокал яго.

І горад быў у аблозе і абнесены валамі аж да адзінаццатага года цара Сэдэцыі.
 
І апынулася места ў ваблозе аж да адзінанцатага году караля Сэдэкі.

У чацвёртым месяцы дзевятага дня пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народа зямлі.
 
Дзявятага дня месяца павялічылася галадоў у месьце, і ня было хлеба ў люду зямлі.

І быў прарыў у горадзе, і ноччу ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з горада па дарозе брамы, што між мурамі каля царскага саду, калі халдэі былі вакол горада. Такім чынам, выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы.
 
І праломлена места, і ўсі мужы ваенныя ўцяклі ночы дарогаю, кудэй ідуць да брамы памеж дзьвюх сьцен, каторыя ля саду каралеўскага; Хальдэі ж стаялі навокал места, і кароль вышаў дарогаю раўніны.

І войска халдэяў кінулася ў пагоню за царом, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхона, і ўсё войска яго рассыпалася, і пакінула яно яго.
 
І пагналася войска Хальдэйскае за каралём, і насьпелі яго на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсе войска ягонае рассыпалася ад яго.

І схапілі цара, і прывялі да цара Бабілона ў Рэблу, які выдаў на яго прысуд.
 
І схапілі караля, і ўзьвялі яго да караля Бабілёнскага да Рыўлы, і агаласілі на яго рассудак.

І забіў сыноў Сэдэцыі на яго вачах, і яму вырваў вочы, і закаваў яго ў медныя кайданы, і адвёў у Бабілон.
 
І сыноў Сэдэчыных зарэзалі на яго аччу, а вочы Сэдэку вылупілі, закавалі яго ў мядзяныя путы і завялі яго да Бабілёну.

У пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Набукаданосара, цара Бабілонскага, увайшоў у Ерузалім Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, паслугач цара Бабілона,
 
І пятага месяца, на сёмы дзень месяца, значыцца пятнанцатага году Невухаднецара, караля Бабілёнскага, прышоў Невузарадан, галоўны над катамі, служэц караля Бабілёнскага, да Ерузаліму,

і спаліў ён дом Госпада, і палац цара, і ўсе дамы ў Ерузаліме, і кожны дом спаліў агнём.
 
І спаліў дом СПАДАРОЎ і дом каралеўскі; і ўсі дамы ў Ерузаліме, і ўсі дамы вялікія спаліў цяплом;

А войска халдэйскае, якое было разам з кіраўніком целаахоўнікаў, разбурыла муры вакол Ерузаліма.
 
І сьцены навокал Ерузаліму паламіла войска Хальдэйскае, што было ў галоўнага над катамі.

А рэшту народа, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да цара Бабілона, а таксама простых людзей Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, перасяліў;
 
І астачу люду, што засталіся ў месьце, і перакінчыкаў, што перакінуліся да караля Бабілёнскага, і іншы люд высяліў Невузарадан, галоўны над катамі.

і з бедных людзей зямлі ён пакінуў толькі вінаградараў і земляробаў.
 
З галечы зямлі пакінуў галоўны над катамі да вінішчаў а палёў.

І паламалі халдэі медныя слупы, якія былі ў святыні Госпада, і падножжы, і меднае мора, якое было ў доме Госпада, і забралі ўсю медзь у Бабілон;
 
І стаўпы мядзяныя, што былі ля дому СПАДАРОВАГА, і падложкі, і мора мядзянае, што ў доме СПАДАРОВЫМ, паламілі Хальдэі, і занесьлі медзь іх да Бабілёну;

таксама забралі катлы, і лапаткі, і нажы, і чары, і ўвесь медны посуд, якім карысталіся пры служэнні;
 
І гаршкі, і лапаты, і абцужкі, і ложкі, і ўсе судзьдзё мядзянае, каторым паслугаваліся, узялі;

кіраўнік целаахоўнікаў забраў таксама курыльніцы для духмянасцей, і келіхі, якія былі з найчысцейшага золата і срэбра;
 
І крапільніцы, і чары, што было залатое — залатое, і што было срэбнае — срэбнае ўзяў галоўны над катамі;

медзь з двух слупоў, аднаго мора і падножжаў, якія Саламон зрабіў для святыні Госпада, — нельга было ўзважыць усе гэтыя рэчы.
 
Стаўпы два, мора адно, і падложкі, што зрабіў Салямон да дому СПАДАРОВАГА, — медзі ў вусіх рэчах ня было вагі.

Васемнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і капітэль над ім была з медзі вышынёю пяць локцяў; і вакол на капітэлі была сетка і яблыкі граната, — усё з медзі; і другі слуп меў таксама падобнае ўпрыгожванне.
 
Асьмінанцаць локцяў увышкі адзін стоўп; вянок на ім мядзяны, і вышыня вянка тры локці, і сетка, і гранатовыя яблыкі навокал вянка — усе зь медзі. Тое самае на другім стаўпе ізь сеткаю.

Кіраўнік целаахоўнікаў узяў таксама Сараю, першасвятара, і яго намесніка Сафонію, а таксама трох прыдзвернікаў,
 
І ўзяў галоўны над катамі Сэрая, найвышшага сьвятара, і Цэфаню, сьвятара другога подле ўраду, і трох, што стаялі на варце ля парогу.

і з горада ўзяў ён аднаго еўнуха, які быў кіраўніком войска, і пяць чалавек з атачэння цара, якіх знайшоў у горадзе, і галоўнага пісара войска, які запісваў у войска народ зямлі, і шэсцьдзесят простых людзей, што былі ў горадзе;
 
І зь места ўзяў аднаго легчанца, што быў над людзьмі ваеннымі, і пяцёх чалавекаў з тых, што бывалі пры каралю, каторыя былі ў месьце, і пісара галоўнага ў войску, што згукаў у войска люд зямлі, і шасьцьдзясят чалавекаў зь люду зямлі, што былі ў месьце.

узяў іх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і завёў да цара Бабілона ў Рэблу,
 
І ўзяў іх Невузарадан, галоўны над катам, і завёў да караля Бабілёнскага да Рыўлы.

і цар Бабілона ўдарыў іх, і забіў у Рэблі, у зямлі Эмат. І быў Юда выселены са сваёй зямлі.
 
І пабіў іх кароль Бабілёнскі, і зрабіў ім сьмерць у Рыўле, у зямлі Гамафскай. І высяліў Юду ізь зямлі ягонае.

А над народам, што застаўся ў зямлі Юдэі, які пакінуў Набукаданосар, цар Бабілона, паставіў кіраўніком Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана.
 
Над людам жа, засталым у зямлі Юдэйскай, каторы пакінуў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, — над імі пастанавіў за начэльніка Ґедалю, сына Агікама Шафанёнка.

Калі ўсе кіраўнікі войска і іх людзі даведаліся аб тым, што цар Бабілона прызначыў Гадалію кіраўніком, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу: прыйшлі Ізмаэль, сын Натаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сарая, сын Тангумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахатыта, яны і людзі іх.
 
Як пачулі ўсі вайводцы, яны а людзі іхныя, што кароль Бабілёнскі прызначыў Ґедалю, то прышлі да Ґедалі да Міцпы, наймя Ізмайла Нефанёнак а Ёганан Коранок а Сэрая Тангумефенак ізь Нетофафу а Язаня Маахаценак, яны а людзі іхныя.

І пакляўся Гадалія ім і людзям іх, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям; жывіце на зямлі і служыце цару Бабілона, і добра будзе вам».
 
І прысягнуў Ґедаля ім а людзём іхным, і сказаў ім: «Ня бойцеся слугаў Хальдэйскіх, сяліцеся на зямлі, і служыце каралю Бабілёнскаму, і будзе добра вам».

Але сталася ў сёмы месяц, што прыйшоў Ізмаэль, сын Натаніі, сына Элісамы, з царскага роду, і з ім дзесяць чалавек; і забілі яны Гадалію, які памёр, а таксама юдэяў і халдэяў, якія былі з ім у Міцпе.
 
І сталася сёмага месяца: прышоў Ізмайла, сын Нефані Елішаменка з насеньня каралеўскага, зь дзесяцьма чалавекамі, і забіў Ґедалю, і ён памер, і Юдэяў, і Хальдэяў, што былі зь ім у Міцпе.

І ўстаў народ, ад малога да вялікага, і кіраўнікі войска, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся халдэяў.
 
І ўстаў увесь люд, ад малога аж да вялікага, і вайводцы, і пайшлі да Ягіпту, бо баяліся Хальдэяў.

А сталася ў трыццаць сёмым годзе па высяленні ў няволю Ёахіна, цара Юдэі, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэрадах, цар Бабілона, у год, у які пачаў цараваць, вызваліў Ёахіна, цара Юдэі, з вязніцы.
 
Трыццаць сёмага году перасяленьня Егояхіна, караля Юдэйскага, двананцатага месяца, дваццаць сёмага дня месяца, Евіл-Меродах, кароль Бабілёнскі, таго году, як загаспадарстваваў, вывеў Егояхіна, караля Юдэйскяга зь вязьніцы;

І ён гаварыў з ім ласкава, і падняў яго пасад па-над пасадамі цароў, якія былі з ім у Бабілоне,
 
І гукаў зь ім прыязьліва, і пастанавіў пасад ягоны вышэй за пасады каралёў, каторыя былі ў яго ў Бабілёне;

і зняў Ёахін шаты свае астрожныя; і еў заўсёды хлеб перад царом ва ўсе дні жыцця свайго.
 
І адмяніў вязьнічныя адзецьці ягоныя, і ён еў хлеб заўсёды перад ім усі дні жыцьця свайго;

Таксама той забяспечыў яму пастаянныя харчы, якія выдаваліся яму царом дзень у дзень, ува ўсе дні жыцця яго.
 
І прызначаную ежу ягоную, ежу кажначасную давалі яму ад караля, на кажны дзень свае, усі дні жыцьця ягонага.