Выслоўяў Саламонавых 13 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Мудры сын любіць настаўленне бацькі, насмешнік не слухае, калі яго ганяць.
 

З плода вуснаў сваіх чалавек жывіцца дабром, а душа крывадушніка — гвалтам.
 

Хто вусны свае беражэ — беражэ душу сваю, а хто летуценны ў размове, — таму бяда.
 

Гультай хоча, а не мае, а душа працавітых насыціцца.
 

Справядлівы адмовіцца ад ілжывага слова, а бязбожнік сарамаціць і ганьбіць.
 

Справядлівасць беражэ бязгрэшнага ў дарозе, а бязбожнасць ставіць падножку грэшніку.
 

Ёсць той, хто быццам лічыцца за багача, хаця нічога не мае; і ёсць той, хто быццам лічыцца за беднага, хаця ў яго багацця шмат.
 

Выкуп душы чалавека — яго багацце, а хто бедны — не вытрымлівае папроку.
 

Святло справядлівых весяліць, а каганец бязбожнікаў тухне.
 

Між пыхліўцаў — толькі сваркі, а ў пакорлівых — мудрасць.
 

Маёмасць ад марнасці паменшыцца, а хто збірае ў руку — памнажае.
 

Надзея, што доўга не здзяйсняецца, вынішчае душу, а жаданне, што здзяйсняецца, — дрэва жыцця.
 

Хто пагарднае словам робіць, той сам прычыняе шкоду сабе; а хто паважае пастанову, таму адплаціцца.
 

Закон мудрага — крыніца жыцця, каб пазбегнуць путаў смерці.
 

Добры розум выклікае ласку, а на шляху несумленных — бездань.
 

Кожны разумны чалавек дзейнічае з розумам; а неразумны выяўляе бязглуздасць.
 

Бязбожны вяшчун трапляе ў бяду, а верны пасол — здароўе.
 

Беднасць і ганьба таму, хто пагарджае настаўленнем; а хто верыць таму, хто ганіць, — будзе ў пашане.
 

Жаданне, калі споўніцца, цешыць душу, а бязглуздыя адмаўляюцца бегчы ад ліха.
 

Хто з мудрымі ходзіць — будзе мудрым, а сябар бязглуздых зробіцца ліхім.
 

За грэшнікамі гоніцца ліха, а дабром адплаціцца справядлівым.
 

Добры чалавек пакідае спадкаемцамі сыноў і ўнукаў, а маёмасць грэшніка зберагаецца для справядлівага.
 

Многа хлеба бывае і на нівах бедных, а ёсць і той, хто гіне, бо не хапае законнасці.
 

Ненавідзіць сына свайго той, хто шкадуе розгі, а хто любіць яго, той заўжды выхоўвае яго.
 

Справядлівы насычае і напаўняе душу сваю, а чэрава бязбожнікаў — ненаеднае.