Мацьвея 28 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
 
Па шабаце на сьвітаньні ў першы дзень тыдня, прыйшла Мар'я Магдалена і другая Мар'я паглядзець гробу.

І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім.
 
І раптам страшна затрэслася зямля. Бо анёл Госпадаў сыйшоў (з'явіўся) з неба, адваліў камень і сеў на ім.

Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег.
 
А погляд яго быў як маланка, а адзеньне яго як сьнег.

Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.
 
Ад страху перад ім астаўбянелі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.

Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага.
 
А анёл сказаў жанчынам: "Ня бойцеся, бо ведаю, што ўкрыжаванага Езуса шукаеце.

Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены,
 
Няма Яго тутака, бо ўваскрос, як прадсказаў, хадзіце, і паглядзіце на месца, дзе Госпад быў паложаны.

ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам».
 
Ды скора ідзіце, скажыце вучням Ягоным, што ўваскрос, дый ідзе перад вамі ў Галілею: там Яго ўбачыце. Вось я вам гэта сказаў."

І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Ягоным.
 
Дык выйшлі хутка з гробу з баязьзю і вялікаю радасьцю, бягучы, каб паведаміць гэта вучням Ягоным.

А Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце». Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.
 
А вось жа Езус пераняў іх, і сказаў: "Вітайце!" Яны ж падыйшлі, палі да ног Ягоных і пакланіліся Яму.

Тады Езус сказаў ім: «Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць».
 
Затым Езу сказаў ім: "Ня бойцеся. Ідзіце і скажыце братом Маім, каб пайшлі ў Галілею, там Мяне ўвідзяць".

Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася.
 
А калі яны ад гроба адыйшліся, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі перадавым сьвятарам пра ўсё, што здарылася.

Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат срэбранікаў,
 
Тыя ж сабраліся са старшынамі і параіўшыся далі жаўнерам многа грошы,

кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі.
 
каб казалі: "Павядамляйце, што вучні Ягоныя прыйшлі ноччу і ў час сну нашага ўкралі Яго".

А калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў».
 
А калі б пра гэта даведаўся намесьнік, мы яго пераканаем і нічога благога вам ня станецца".

Яны ж узялі срэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.
 
Яны тады ўзяўшы грошы зрабілі, як іх навучылі. Так пашырылася вестка сярод Юдэяў аж па сёньняшні дзень.

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус.
 
А Адзінаццаць вучняў пайшло ў Галілею, на гару, куды ім быў загадаўшы Езус.

І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся.
 
Затым у аддаленьні ўбачыўшы Езуса пакланіліся Яму, але некаторыя сумніваліся.

Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі.
 
Езус жа падыйшоўшы да іх, сказаў ім: "Дадзена Мне ўлада на небе і на зямлі.

Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
 
Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, удзяляйце хросту: у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа.

Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку».
 
Навучайце іх берагчы ўсё, што вам загадана. А Я з вамі ўсе дні аж да канца сьвету".