Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
Сьцеражыцеся, каб вы вашай справядлівасьці не рабілі (не спаганялі) перад людзьмі, каб яны вас відзелі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Каторы ў небе.
Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Дык калі ты даеш дарэньне, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб іх людзі хвалілі, сапраўды кажу вам, што яны атрымалі сваю ўзнагароду.
Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая,
Але калі даеш дарэньне, хай левая рука твая не ведае, што робіць твая правая,
каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
каб дарэньне тваё было ў скрытасьці. А Бог твой, каторы бачыць у скрытасьці, адплаціць табе."
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
А калі вы моліцеся, ня будзьце як крывадушнікі, якія любяць маліцца стоячы ў сынагогах на скрыжаваньнях (вуглах) вуліцаў, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў сваю бакоўку (комнату), а запёршы дзьверы маліся да Айца свайго ў скрытасьці (схаваўшыся). А Айцец твой, Каторы пранікае тайнасьці, аднагародзіць табе.
Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя.
А калі молішся не гавары многа, як робяць паганцы, якія думаюць, што дзеля шматслоўя свайго будуць выслуханы.
Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Дык не будзьце падобнымі ім. Айцец ваш нябесны ведае, што вам патрэбна, перш, чым вы Яго просіце.
Таму вы так маліцеся:Ойча наш, каторы ёсць у небе,свяціся імя Тваё,
Затым так вы будзеце маліцца: "Ойча наш, каторы ў небе, сьвятым будзь імя Тваё.
прыйдзі Валадарства Тваё,будзь воля Твая,як у небе, так і на зямлі.
Прыдзі валадарства Тваё. Будзь воля Твая, як ў небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
і адпусці нам правіны нашы,як і мы адпускаем вінаватым нашым.
І адпусьці нам нашыя грахі, як і мы адпушчаем нашым вінаватым.
І не ўводзь нас у спакусу,але збаў нас ад злога.
І не ўвадзі нас у спакусу. Але збаў нас ад ліхога.
Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам.
Бо калі вы адпусьціце людзям грахі іхнія, дык і ваш Айцец нябесны адпусьціць таксама грахі вашыя.
А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.
Але калі вы не адпусьціце людзям, дык таксама Айцец ваш не адпусьціць вам вашых грахоў.
Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Калі посьціце, не будзьце сумныя як крывадушнікі. Бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посьцяць. Сапраўды кажу вам, яны ўзялі ўжо ўзнагароду сваю.
Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый свой твар,
А ты, калі посьціш, намасьці сваю галаву ды абмый твар свой,
каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
каб не паказацца людзям, што посьціш, але Айцу свайму, Каторы ў скрытасьці (у тайнасьці). Затым Айцец твой, Які бачыць у скрытасьці, адгодзіць табе.
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць.
Не сабірайце сабе скарбаў — багацьцяў на зямлі, дзе ржа ды моль з'ядае і дзе зладзеі ўбіваюцца і крадуць.
Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць.
Але сабірайце сабе скарбы — багацьці ў небе, дзе ані ржа, ані моль не з'ядае і дзе ані зладзеі выкапаюць і ўкрадуць.
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё.
Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае.
Сьвятлом цела твайго — вока тваё. Калі б вока тваё было б шчырае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае.
Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!
А калі б вока тваё было нягоднае, дык і ўсё цела тваё ахутае цемра. Калі вось сьвятло, што ў табе, цемрай стаецца, дык як жа сама цемра будзе вялікай?
Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
Ніхто ня можа двом панам служыць (падчыняцца), бо або аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, або аднаго трымацца будзе а другім брыдзіцца, узгардзіць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела — за вопратку?
Дзеля таго кажу вам, не рупцеся пра жыцьцё вашае, што будзеце есьці, ані пра цела вашае, у што адзявацца будзеце. Ці ж жыцьцё не важнейшае за яду, а цела — за адзеньне?
Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх?
Паглядзіце на нябесныя птушкі. Яны ані сеюць, ані жнуць, ані сабіраюць у гумны, а Айцец ваш нябесны корміць іх.
І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць?
Ці ж вы не на шмат важнейшыя за іх? Ды хто ж з вас перадумоўваючы можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?
І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць.
А чаму хлапочацеся пра адзеньне? Прыглядзьцеся палявым леліям, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.
Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
А Я кажу вам, што нават Салямон ва ўсёй славе не быў так адзеты, як адна з іх.
Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя?
Дык калі гэтую палявую траву, што сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так адзяе, ды непараўнальна вас, малой веры.
Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?”
Дык не рупцеся таму, кажучы: "Што будзем есьці або што будзем піць, або ў што будзем адзявацца?"
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
Бо пра гэта і паганцы дужа стараюцца. Бо Айцец ваш нябесны ведае чаго вы ўсяго патрабуеце.
Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.
Ды шукайце ж перш Каралеўства Божага і яго справядлівасьці, а ўсё іншае будзе дабаўлена.
Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.
Дык не хлапаціцеся аб заўтра, бо дзень заўтрашні сам пра сябе будзе рупіцца. Шмат перажываньня мае кожны дзень.