Мацьвея 8 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Калі Езус сышоў з гары, следам за Ім пайшло мноства людзей.
 
Калі Езус сыйшоў з гары, вялікія грамады ішлі за Ім.

І вось, падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
 
І вось жа пракажаны падыйшоўшы пакланіўся Яму і прасіў: "Госпадзе, калі захочаш, можаш мяне ачысьціць."

Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І той адразу ачысціўся ад праказы.
 
А Езус працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: "Хачу, будзь ачышчаны". І зараз быў ачышчаны ад праказы.

Езус сказаў яму: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім».
 
Затым сказаў яму Езус: "Глядзі, нікому не разказвай, але ідзі пакажыся сьвятару ды ахвяруй дар, загаданы Майсеям на пасьведчаньне (у доказ) ім.

Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,
 
А калі Езус увайшоў у Кафарнаўм, падыйшоў да Яго сотнік і прасіў Яго,

кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе».
 
кажучы: "Госпадзе, мой слуга ляжыць дома спараліжаваны і дужа мучыцца".

Езус сказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго».
 
Сказаў яму Езус: "Прыйду і аздараўлю яго".

Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
 
А сотнік сказаў яму: "Госпадзе, я ня варт, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, а паздаравее слуга мой.

Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
 
І чалавек маючы ўладу і маю пад сабой жаўнераў. І так аднаму кажу: Ідзі і ён ідзе, другому: прыйдзі і ён прыходзіць; свайму слузе: рабі гэта і ён робіць."

Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры.
 
Пачуўшы гэта Езус, зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: "Сапраўды кажу вам, не знайшоў Я такой веры ў Ізраеля.

Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.
 
Затым кажу вам, што многа прыйдзе з Усходу і з Захаду і засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у Каралеўстве Нябесным.

А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
 
А сыны Каралеўства выкінуты будуць ў цемру навоначнаю: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
 
Затым сказаў Езус сотніку: "Ідзі, і як уверыў, хай так станецца. І быў аздароўлены слуга ў тую пару.

Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.
 
А калі Езус зайшоў у дом Пятра, убачыў сьвякруху яго лежачую ў гарачцы.

Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала, і прыслужвала ім.
 
Дык дакрануўся яе рукі і гарачка спынілася і яна падняўшыся паслугавала ім.

Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых,
 
Калі стала вечарэць прыводзілі да Езуса шмат ліхім апанаваных (увасланы), а Ён словам выганяў духі ды аздараўляў усіх блага чуючыхся,

каб збылося сказанае прарокам Ісаем:«Ён узяў на сябе нашую слабасцьі панёс нашыя хваробы».
 
каб збылося Прарокам Ізаіям сказанае: "Ён немачы нашыя ўзяў і хваробы нашыя насіў." (Із. 53:4)

Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг.
 
Езус бачачы навакол Сябе вялікія грамады загадаў плысьці на другі бераг.

Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
 
А вось падышоў да Яго адзін вучоны па Пісаньню (пісьмавед) і сказаў: "Вучыцелю (магістар) дзеколечы пойдзеш і я за Табой пайду.

А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву».
 
Сказаў Яму Езус: "Лісы маюць норы а нябесныя птушкі гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе галаву прытуліць."

Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».
 
Іншы з вучняў Ягоных казаў Яму: "Госпадзе, адпусьці перш мяне пайсьці і пахаваць бацьку свайго,"

А Езус сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых».
 
Але Езус сказаў яму: "Ідзі за Мной, а памёршым пакінь хаваць сваіх памёршых.

Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні.
 
Аднойчы калі Езус увайшоў у лодку, а за Ім ўвайшлі вучні Ягоныя.

І вось, пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў.
 
Узбушавалася вялікая бура на моры, так што хвалі залівалі лодку, а Езус спаў.

Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Пане, ратуй, мы гінем!»
 
Дык падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, абудзілі Яго, кажучы: "Госпадзе, ратуй нас, бо топімся!"

А Ён сказаў ім: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша.
 
Езус сказаў ім: "Чаму так палахлівыя, малой веры? Затым падняўшыся загадаў вятрам і мору і настала вялікае зацішша.

А людзі дзівіліся і казалі: «Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»
 
А людзі дзівіліся ды казалі: "Хто Ён, што бура і мора Яго слухаюць?"

Калі Езус прыплыў на другі бераг, у край гадарэнаў, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магільных пячор, двое апанаваных злымі духамі, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай.
 
А калі пераплыў на другі бераг у краіну Гэразэнаў (Гэразэнцаў), перанялі Яго два апанаваныя ліхім. Яны выходзілі з грабоў і так страшныя, што ніхто ня мог пераходзіць гэнаю дарогай.

Яны закрычалі: «Што Табе да нас, Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды заўчасна мучыць нас?»
 
Яны пачалі крычаць: "Што Табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў Ты перад часам мучыць нас."

Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней.
 
Не далёка ад іх пасьвілася вялікае стада сьвіней.

І злыя духі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней».
 
Дык ліхія духі прасілі Езуса і казалі: "Калі нас выганіш, дык пазволь нам увайсьці ў гэтае стада сьвіней. Сказаў ім: "Ідзіце!" Дык яны выйшлі і ўвайшлі ў сьвіней. А затым усё стада з імпэтам кінулася ў мора з касагора і патанула ў вадзе.

Ён сказаў ім: «Ідзіце». Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. Тады кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.
 
Пастухі ж уцяклі і прыйшоўшы ў горад разказалі ўсё і аб тым, што сталася з апанаванымі дэманам.

А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апанаваных злымі духамі.
 
Дык увесь горад выйшаў насустрач Езуса і ўбачыўшы, прасілі Яго, каб адыйшоўся ад іхняй мяжы.

Увесь горад выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.