Мацьвея 22 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Езус зноў расказаў ім прыпавесць:
Езус затым і далей у прыповесьцях:
«Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына.
"Каралеўства Нябеснае падобнае чалавеку — каралю, як справіў вясельле для свайго сына.
Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.
Ён паслаў слуг сваіх склікаць запрошаных на вясельле, але тыя не хацелі прыбыць.
Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”.
Дык паслаў ізноў іншых слугаў, кажучы: "Скажыце запрошаным: ужо банкет мой прыгатаваў, валы мае і што кормнае пабіты, ды ўсё прыгатавана, прыходзьце на вясельле!
Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю.
Але яны занедбалі і разыйшліся: як хто ў пасяленьне сваё, другі ў таргоўлю,
Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.
а іншыя схвацілі слуг, назьдзекаваўшыся, замардавалі.
Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.
Калі пра гэта пачуў кароль, разгневаўся ды паслаўшы сваё войска, выгубіў тых забойцаў а горад іхні спаліў.
Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі.
Затым сказаў слугам сваім: вясельле то прыгатавана, але запрошаныя не былі годныя.
Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”.
Дык ідзіце на скрыжаваньні дарог, а каго толькі знойдзіце клічце на вясельле.
Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.
Слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых і напоўнілася вясельле гасьцьмі.
Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку,
Затым увайшоў кароль паглядзець гасьцей, ды ўбачыў ён там чалавека не адзетага ў вясельную вопратку.
і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў.
Дык спытаўся ў яго: "Прыяцелю, як жа ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?" Але ён маўчаў.
Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
Тады кароль загадаў слугам сваім: "Зьвязаўшы яму рукі і ногі, укіньце яго ў знешнюю цемру: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
Бо многа пакліканых (запрошаных), але мала выбраных."
Тады фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове.
Затым сабраліся фарызэі і адышоўшы раіліся, як бы Езуса спахваціць у мове.
І паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб спыталіся: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей.
Дык паслалі да Яго двух вучняў сваіх з гэрад'янамі, каб спыталіся: "Вучыцелю, ведаем, што Ты справядлівы (праўдамоўны) і дарогі Божай па праўдзе вучыш, ды не аглядаешся на асобу людзей.
Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?»
Скажы нам тады, як табе здаецца, належыцца плаціць падатак цэзару, ці можа не?"
Але Езус, ведаючы іхнюю зласлівасць, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?
Езус жа пазнаўшы іх крывадушнасьць, сказаў: "Чаму Мяне зводзіце, крывадушнікі?
Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар.
Пакажыце мне манэту падатковую. Дык падалі Яму дынар.
Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?»
Спытаўся ў іх Езус: "Чый гэта адмалюнак і напіс?"
Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
Кажуць Яму: "Цэзараў." Дык Езус сказаў ім: "Тое, што Цэзара — аддайце Цэзару, а што Божае — Богу."
Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі.
Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся ды пакінуўшы Езуса — адыйшліся.
У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
У той дзень прыступіліся да Яго садуцэі. Яны даказваюць, што няма ўваскрасеньня.
«Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі нехта памрэ, не маючы дзяцей, няхай яго брат возьме жонку ягоную і адродзіць нашчадкаў брату свайму”.
Яны спыталіся ў Езуса: "Вучыцелю, Майсей загадаў: Калі хто памрэ, не маючы сына, дык хай брат ягоны возьме яго жонку і хай займее патомства свайму брату (Паў. 25:5).
Дык вось, было ў нас сем братоў. Першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.
А было ў нас сем братоў: першы ажаніўся з ёй і памёр, не маючы патомства. Пакінуў жонку брату свайму.
Гэтаксама і другі, і трэці, аж да сёмага.
Падобны другі і трэці аж да сёмага.
А пасля ўсіх памерла і жонка.
Наастатак па ўсіх памерла жанчына.
Пры ўваскрашэнні катораму з семярых яна будзе за жонку? Бо яна належала ўсім».
Дык у момант уваскрасеньня, чыёй з сямі будзе жонкаю. Так як усе яны мелі яе за жонку?
Езус адказаў ім: «Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ні сілы Божай.
А Езус у адказ сказаў ім: "Памыляецеся, не знаючы Пісаньня, ані моцы Божай.
Бо пры ўваскрашэнні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.
У ўваскрасеньні ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы Божыя ў небе.
А пра ўваскрашэнне памерлых хіба вы не чыталі сказанага вам ад Бога:
Ці не чыталі, што сказана Богам пра паўстаньне з умёршых. Ён казаў:
“Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба”? Бог не ёсць Богам мёртвых, а жывых».
Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба (Вых. 3:6) Бог ня ёсьць Богам мёртвых, але Бог жывых."
Натоўп, пачуўшы гэта, дзівіўся з вучэння Яго.
Чуючы гэта людзі дзівіліся дзеля навукі Ягонай.
Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам.
Чуючы тады фарызэі, што садуцэяў змусіў замаўчаць, сыйшліся разам.
І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся:
Затым адзін з іншых вучоных па закону, зводзячы Езуса, спытаўся:
«Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?»
"Вучыцелю, якое найважнейшае прыказаньне ў законе?"
Езус адказаў яму: «“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”.
Езус адказаў яму: "Мілуй Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім (Паўт. 6:5)
Гэта найбольшая і першая запаведзь.
Гэта найважнейшае ды першае прыказаньне.
Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”.
Другое падобнае гэтаму: "Любі бліжняга свайго як сябе самога (Сьвят. 19:18).
На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».
На гэтых двух прыказаньнях апіраецца ўвесь Закон і Прарокі."
Калі фарысеі сабраліся, Езус спытаўся ў іх:
Калі сабраліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус:
«Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?» Яны адказалі Яму: «Давіда».
"Што думаеце пра Хрыста? Чыім Ён сынам? Кажуць яму: "Давідаў."
Ён сказаў ім: «Як жа Давід, натхнёны Духам, называе Яго Панам, калі кажа:
Сказаў ім: "Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
“Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,пакуль не пакладу ворагаў Тваіхпад ногі Твае”?
"Сказаў Госпад Госпаду майму, сядзь па прывіцы Маёй, аж пакладу непрыяцеляў Тваіх падножжам ног Тваіх!" (Пс. 109:1)
Дык калі Давід называе Яго Панам, які ж Ён сын яму?»
Дык калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа ёсьць сынам ягоным?"
І ніхто не здолеў адказаць Яму ні слова. З таго дня ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
І ніхто ня мог Яму адказаць слова, ані таксама адважыўся ад таго дня болей пытацца.