Мацьвея 22 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Езус зноў расказаў ім прыпавесць:
 
І, адказваючы, Ісус стаў гаварыць ім далей у прыпавесцях:

«Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына.
 
«Валадарства Нябеснае падобна да чалавека валадара, які справіў вяселле для свайго сына.

Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.
 
І паслаў ён паслугачоў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці.

Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”.
 
Ізноў паслаў іншых паслугачоў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось, я прыгатаваў свой абед, валы мае і што кормнае пабіта, ды ўсё прыгатавана; прыходзьце на вяселле!”

Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю.
 
Але яны не дбалі і пайшлі: хто ў поле сваё, хто да гандлю свайго;

Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.
 
астатнія ж схапілі паслугачоў яго і, наздзекаваўшыся, забілі.

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.
 
І ўгнявіўся валадар, і, паслаўшы сваё войска, знішчыў тых забойцаў і горад іх спаліў.

Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі.
 
Потым гаворыць ён паслугачам сваім: “Вяселле прыгатавана, але тыя, што запрошаны, не былі вартыя.

Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”.
 
Дык ідзіце на скрыжаванні дарог і, каго толькі знойдзеце, клічце на вяселле”.

Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.
 
І паслугачы яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.

Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку,
 
І ўвайшоў валадар, каб паглядзець на гасцей, ды ўбачыў ён там чалавека, які быў апрануты не ў вясельныя шаты.

і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў.
 
І гаворыць яму: “Дружа, як жа ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельных шатаў?” Але той маўчаў.

Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
 
Тады сказаў валадар паслугачам сваім: “Звяжыце яму рукі і ногі, кіньце яго ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.

Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
 
Бо многія пакліканы, але нямногія абраны».

Тады фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове.
 
Тады фарысеі, адышоўшы, пачалі радзіцца, як бы падлавіць Яго ў словах.

І паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб спыталіся: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей.
 
І паслалі да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, якія казалі: «Настаўнік, ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва навучаеш, ды не аглядаешся на асобы людзей.

Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?»
 
Скажы нам тады, як Табе здаецца, ці належыць плаціць падатак цэзару, ці, можа, не?»

Але Езус, ведаючы іхнюю зласлівасць, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?
 
Ісус жа, пранікаючы іх подступ, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?

Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар.
 
Пакажыце мне манету на падатак». І яны падалі Яму дынар.

Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?»
 
І Ён гаворыць ім: «Чые гэта выява і надпіс?»

Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
 
Кажуць Яму: «Цэзара». Тады сказаў ім: «Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу».

Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі.
 
І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся ды, пакінуўшы Яго, адышліся.

У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
 
У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пыталіся Яго,

«Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі нехта памрэ, не маючы дзяцей, няхай яго брат возьме жонку ягоную і адродзіць нашчадкаў брату свайму”.
 
кажучы: «Настаўнік, Майсей загадаў: калі хто памрэ, не маючы дзяцей, дык хай брат яго возьме жонку яго і хай створыць нашчадка брату свайму.

Дык вось, было ў нас сем братоў. Першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.
 
А было ў нас сем братоў; і першы, як ажаніўся, памёр і, не маючы нашчадка, пакінуў жонку брату свайму.

Гэтаксама і другі, і трэці, аж да сёмага.
 
Падобна другі і трэці — аж да сёмага.

А пасля ўсіх памерла і жонка.
 
Нарэшце па ўсіх памерла і жанчына.

Пры ўваскрашэнні катораму з семярых яна будзе за жонку? Бо яна належала ўсім».
 
Дык у час уваскрэсення чыёй з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе яны мелі яе».

Езус адказаў ім: «Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ні сілы Божай.
 
А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ані магутнасці Божай.

Бо пры ўваскрашэнні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.
 
Пры ўваскрэсенні не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы Божыя ў небе.

А пра ўваскрашэнне памерлых хіба вы не чыталі сказанага вам ад Бога:
 
Ці не чыталі пра ўваскрэсенне мёртвых, што сказана вам Богам, Які казаў:

“Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба”? Бог не ёсць Богам мёртвых, а жывых».
 
“Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. Бог не ёсць Бог мёртвых, але тых, што жывыя».

Натоўп, пачуўшы гэта, дзівіўся з вучэння Яго.
 
І, чуючы гэта, людзі дзівіліся з вучэння Яго.

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам.
 
Тады фарысеі, чуючы, што Ён змусіў садукеяў замаўчаць, сышліся разам.

І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся:
 
І адзін з іх, заканазнавец, выпрабоўваючы Яго, спытаў:

«Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?»
 
«Настаўнік, якое найважнейшае прыказанне ў законе?»

Езус адказаў яму: «“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”.
 
Той жа гаворыць яму: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім;

Гэта найбольшая і першая запаведзь.
 
гэта найважнейшае ды першае прыказанне.

Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”.
 
Другое, падобнае гэтаму: любі блізкага свайго, як сябе самога.

На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».
 
На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі».

Калі фарысеі сабраліся, Езус спытаўся ў іх:
 
Калі сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Ісус,

«Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?» Яны адказалі Яму: «Давіда».
 
кажучы: «Што думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць яму: «Давіда».

Ён сказаў ім: «Як жа Давід, натхнёны Духам, называе Яго Панам, калі кажа:
 
Сказаў ім: «Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:

“Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,пакуль не пакладу ворагаў Тваіхпад ногі Твае”?
 
“Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”?

Дык калі Давід называе Яго Панам, які ж Ён сын яму?»
 
Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён ёсць Сынам яго?»

І ніхто не здолеў адказаць Яму ні слова. З таго дня ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
 
І ніхто не мог Яму адказаць слова, ніхто таксама не адважыўся ад таго дня болей пытацца ў Яго.