Мацьвея 16 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Падышлі да Яго фарысеі і садукеі і, выпрабоўваючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба.
 
Зараз падыйшлі да Езуса фарызэі і садуцэі і зводзячы, прасілі Яго, каб паказаў ім які знак з неба.

А Ён адказаў ім: «Вечарам кажаце: “Будзе добрае надвор’е, бо неба чырвонае”,
 
А Езус у адказ сказаў ім: "Калі вечарэе, кажаце: Будзе пагода, бо неба чырванее.

а раніцай: “Сёння будзе віхура, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Вы ўмееце распазнаваць аблічча неба, а знакі часу не можаце.
 
А нараніцы: Сёньня навальніца, бо неба хмарнае, ружавее.

Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму акрамя знаку Ёны». І, пакінуўшы іх, адышоў.
 
Дык выгляд неба разумееце, а знакаў часу не можаце адпазнаць? Племя ліхое і чужаложнае знаку шукае, ды іншы знак ня будзе дадзен, толькі знак Прарока Ёны. І пакінуўшы іх, адыйшоўся.

Пераправіўшыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлеба.
 
А калі перапраўляліся вучні Ягоны на другі бераг, забыліся ўзяць хлябоў.

Езус жа сказаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі».
 
Сказаў ім Езус: "Глядзіце, сьцеражыцеся квасу фарызэяў і садуцэяў."

А яны разважалі самі сабе і казалі: «Мы не ўзялі хлеба!»
 
А яны думалі, гаворачы між сабой, што яны хлябоў не ўзялі.

Але Езус, ведаючы гэта, спытаўся: «Малаверныя, чаму разважаеце паміж сабой, што не маеце хлеба.
 
Езус ведаючы гэта, сказаў: "Чаму, малой веры, застанаўляецца між сабой, што хлябоў ня маеце?

Хіба не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы назбіралі?
 
Ці ж яшчэ не разумееце і не помніце на пяць хлябоў на пяць тысяч людзей? А колькі гэта кошаў насабіралі?

І пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў вы назбіралі?
 
Ані таксама сем хлябоў на чатыры тысячы людзей. Ды кошыкаў колькі сабралі?

Як вы не разумееце, што не пра хлеб Я сказаў вам? Але асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі».
 
Чаму не разумееце, што Я вам не пра хлеб гаварыў: "Сьцеражыцеся квасу фарысэяў і садацэяў."

Тады зразумелі, што Ён казаў ім асцерагацца не хлебнай закваскі, а фарысейскага і садукейскага вучэння.
 
Дык зразумелі, што гаварыў не каб квасу хлебнага сьцерагліся, але навукі фарызэяў і садукейскай."

Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?»
 
Прыйшоў затым Езус у мясцовасьць Цэзарэі Філіпа. Спытаўся вучняў Сваіх: "За каго лічаць людзі Сына Чалавечага?"

Яны ж адказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў».
 
А яны сказалі: "Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Галіяша, а іншыя за Ерэмію або за аднаго з прарокаў."

Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?»
 
Спытаўся ў іх Езус: "А вы за каго Мяне маеце?"

Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога».
 
Сымон Пётр сказаў: "Ты Хрыстос, Сын Бога жывога."

Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах.
 
У адказ сказаў яму Езус: "Багаслаўлены Сымон, Бар (сын) Ёна, бо цела і кроў не аб'явілі табе, але Айцец Мой, Каторы ў небе.

І Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго.
 
А Я табе кажу, ты скала (Пэтра), а на гэтай скале пабудую касьцёл Мой і брамы пякельныя не перамогуць яго.

Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе».
 
Ды дам табе ключы Каралеўства Нябеснага. Што зьвяжаш на зямлі, будзе зьвязана і ў небе; а што разьвяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе."

Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус.
 
Затым загадаў вучням Сваім, каб нікому не разказвалі, што Ён Езусам Хрыстом.

З таго часу пачаў Езус адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
 
Ад гэтага часу Езус пачаў выяўляць вучням Сваім, што трэба Яму ісьці ў Ерузалім і там многа цяпець ад старэйшын і ад вучоных па Пісаньню і архісьвятараў ды быць забітым, а трэцяга дня ўваскрэснуць.

Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца».
 
А Пётр адвёўшы Езуса на старану, пачаў на Езуса сварыцца: Хай Бог ухавае Цябе, Госпадзе, гэта ня прыйдзе на Цябе."

Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!»
 
А Езус павярнуўшыся сказаў Пятру: "Адыйдзіся ад Мяне, звадыяш (шатан), бо бо ты для Мяне згаршэньнем. Бо не разумееш таго, што ад Бога, але ад людзей."

Тады Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною.
 
Тады сказаў Езус вучням Сваім: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай адрачэцца самога сябе, ды хай бярэ крыж свой і насьледуе Мяне.

Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго.
 
Бо хто б хацеў ухаваць жыцьцё сваё, загубіць яго. А хто б загубіў жыцьцё сваё дзеля Мяне, аднойдзе яго.

Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю?
 
Бо што за карысьць чалавеку, каб увесь сьвет здабыў, а на душы сваёй пацярпеў шкоду? Або што чалавек дасьць узамену за душу сваю?

Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
 
Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў хвале Айца Свайго з анёламі Сваімі і тады аддасьць кожнаму па яго ўчынках.

Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, які ідзе ў Валадарстве сваім».
 
Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тут стаячых не пакаштуюць сьмерці пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага прыходзячага ў Каралеўстве Сваім."