Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».
 
І далей казаў: "Сапраўда кажу вам, гэта (тут), што некаторыя стаячыя не пакаштуюць сьмерці перш, чым будуць аглядаць Каралеўства Божае, прыходзячае ў моцы".

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі.
 
Затым па шасьці днях Езус узяў Пятра і Якуба, і Яна і ўзьвёў іх адных на высокую гару і перамяніўся перад імі.

Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць.
 
Адзеньне Яго пачало блішчэць, сталі натта белымі як сьнег. Так выбеліць на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.

І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам.
 
І явіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам.

Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
 
У адказ сказаў Пётр Езусу: "Добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну і Гальяшу адну".

Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся.
 
Сам бо ня ведаў, што гаворыць, бо натта быў спалоханы.

І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
 
Паявілася воблака засланяючае іх ды раздаўся голас з воблаку кажучы: "Гэта Сын мой наймілейшы, Яго слухайце!"

Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.
 
Яны зараз разгледзіўшыся апрача Езуса пры іх нікога больш ня бачылі.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.
 
А калі сыходзілі з гары, загадаў ім Езус каб нікому аб гэтым не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне.

Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
 
І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што мела значыць: "Калі ўваскрэсьне".

І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
 
Дык пыталі Езуса: "Чаму фарызэі і кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Гальяш?"

Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны.
 
А Ён адказаў ім: "Калі Гальяш прыйдзе перш, направіць усё. Ды як напісана аб Сыне Чалавечым, што будзе шмат цярпець і будзе пагарджаным.

Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».
 
Але я вам кажу, што Гальяш прыйшоў і з ім паступілі, як хацелі, як аб ім напісана".

Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
 
Вяртаючыся да вучняў убачылі вакруг іх вялікі натоўп людзей і кніжнікаў (вучоны па Пісаньні) спорачых з імі.

Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго.
 
Убачыўшы Езуса увесь народ раптам зьдзівіўся і стрывожыўся і падбягаючы вітаў Яго.

Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?»
 
Езус спытаўся ў іх: "Аб што спорыце між сабой?"

Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы.
 
А нехта з натоўпу сказаў: "Вучыцелю, я прывёў да Цябе сына свайго, апанаванага дэманам.

Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі».
 
А ён , дзе наваліцца на яго, кідае яго аб зямлю, пеніцца ён, скрыгоча зубамі ды дзяравянее. Дык прасіў вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не маглі.

Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
 
Езус сказаў ім: "О родзе няверны. Дакуль буду Я між вас. Як доўга буду вас цярпець. Прынясіця яго да Мяне.

Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
 
І прынесьлі яго. А калі ён убачыў Езуса, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды паўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.

Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства.
 
Езус запытаўся ў бацькі: "Як даўно гэта яму здарылася?" А ён сказаў: Ад дзяцінства.

Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам».
 
Часта кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб яго загубіць, але калі можаш, ратуй нас, пашкадуй нас".

Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць».
 
Езус сказаў яму: "Калі можаш уверыць, усё магчыма веруючаму".

Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю».
 
Тады бацька хлопчыка плачучы сказаў у голас: "Веру, Госпадзе, запабяжы майму недаверству".

Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
 
А калі Езус спасьцярог, што набягае натоўп людзей, загадаў нячыстаму духу: "Духу глухі і нямы! Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго".

І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!»
 
А той, крычучы і моцна тузуючы ім, выйшаў з яго. І хлапчанё зрабілася як бы мёртвае, так што многія гаварылі, што яно памярло.

Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.
 
Езус жа узяўшы яго за руку, падняў яго і ён падняўся.

Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?»
 
А калі Езус вярнуўся дамой, вучні ягоны ўжо адны пыталіся ў Яго: "Чаму мы не маглі яго выгнаць?"

А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».
 
Ён сказаў ім: "Гэты род ніякім чынам ня можа выйсьці толькі праз маленьне і пост".

Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў.
 
Яны выйшаўшы аттуль праходзілі праз Галілею, а Езус не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.

Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні.
 
Зноў выясьняў вучням сваім і казаў ім: "Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб юць Яго, але забіты трэцяга дня ўваскрэсьне".

Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
 
Але яны слоў ў гэтых не разумелі ды баяліся Яго пытацца.

Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»
 
Затым прыбылі ў Кафарнаўм. А калі былі ў доме, пытаўся іх Езус: "Аб чым вы ў дарозе расуджалі (разважалі)?"

Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
 
Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся яны паміж сабой, хто з іх найважнейшы (найбольшы)?

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх».
 
Затым Езус сеўшы пазваў дванаццаць і сказаў ім: "Калі хто хоча быць першым — будзь з усіх апошніш ды ўсіх слугою.

Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
А ўзяўшы дзіця паставіў яго паміж іх, ды тулячы яго, сказаў ім:

«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
 
"Калі хто ў імя Маё прыйме адно з такіх дзяцей — Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, дык не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў".

Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі».
 
Сказаў Яму Ян: "Вучыцелю, мы бачылі некага не з тых, што ходзяць з намі, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму".

А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне.
 
Езус сказаў: "Не бараніце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды у Маё імя, ня мог зараз жа блага гаварыць аба Мне.

Бо хто не супраць нас, той за нас.
 
Бо хто ня проці вас, той з вамі".

А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
 
Бо хто падаў вам кубак вады напіцца ў імя Маё, таму, што Хрытова, сапраўды кажу вам, не ўтраціць заплаты сваёй,

Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
 
А хто бы згоршыў аднаго з гэтых малышоў, веруючых у Мяне, такому лепш было б прычапіць млынавы камень да шыі яго і ўкінуць у мора.

Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны.
 
Калі б рука твая горшыла б цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекім ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы абедзьве рукі, папасьці ў пекла ў неўзгасны агонь:

[отсутсвует]
 
Дзе чарвяк іх не ўмірае ды агонь ня тухне.

І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену.
 
А калі нага твая гаршае цябе — адсячы яе: Лепш табе храмому ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы абедзьве нагі, быць укінутым у пекла неўгаснага агня,

[отсутсвует]
 
дзе чарвяк іх не ўмірае ды агонь ня тухне (Із. 68, 24).

І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену,
 
А калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсьці ў Каралеўства Божае аднавокім, чым маючы двое вачэй (вокі), быць укінутым у гэгену,

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
 
дзе чарвяк іх не ўмірае ды агонь ня тухне (Із. 66, 24).

Бо кожны будзе пасолены агнём.
 
Бо кожны будзе агнём пасолены.

Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».
 
Добрая соль, а калі соль зьвятрэе, дык чым яе прыправіць? Мейце ў сабе ў самых сябе (у вас) соль і супакой (мір) між сабой.