Марка 6 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні.
 
Выйшаўшы аттуль Езус у таварыстве Сваіх вучняў направіўся ў Сваю бацькаўшчыну.

Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі?
 
Калі наступіла субота пачаў Ён вучыць у сынагозе. Многія з слухаючых захаплялася Яго навукаю, ды казалі: "Скуль жа гэта ўсё ў Яго? Што гэта за мудрасьць, дадзеная Яму? Ды моц такая дзейнічыць праз Яго рукі?"

Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» І абураліся на Яго.
 
Няўжо гэта не рамесьнік, ці ж гэта ня сын Марыі, ці ня брат Якуба і Юзэфа, Юды і Сымона? Ці ж і Ягоныя сёстры не прыбаваюць сярод нас?" І горшыліся з Яго.

А Езус казаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго».
 
А Езус казаў ім: "Прарок у сваёй бацькаўшчыне бяз пашаны, ды ў сваім доме і сярод сваіх сямьі.

Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх.
 
І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў ускладаньнем рук.

І дзівіўся іх бязвер’ю. Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў.
 
Прытым дзівіўся з іхняга недаверства.

Пасля паклікаў Дванаццаць, і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
 
Затым сазваў дванаццаць і пачаў пасылаць іх па двух. Даваў ім уладу над нячыстымі духамі.

Наказаў ім не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе,
 
І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу апрача кія (палкі): ані торбы, ані хлеба ані грошы ў капшуку,

але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак.
 
каб толькі ў сандалы абуваліся і не надзявалі дзьвёх тунікаў.

Ён сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль.
 
Дый казаў ім: "Дзе зайдзеце ў дом, там заставайцеся да вашага адыходу адтуль.

Калі ў якім-небудзь месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне ім».
 
Дзе вас не прынялі б і ня слухалі б, выходзячы атрасіце пыл і вашых ног на пасьведчаньне ім".

Пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
 
Яны выйшаўшы заклікалі да пакаяньня,

выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.
 
ды многа дэманаў выганялі ды многіх намашчалі і аздараўлялі.

Пачуў таксама кароль Ірад пра Езуса, бо імя Ягонае стала вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысціцель устаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім».
 
Дзеля таго, што імя Езуса сталася ведамым (набрала розгалосу) — пачуў і Гэрад. Ён казаў: "Ян Хрысьціцель ускрос і таму многа цудаў ён творыць". Другія ж — што гэта Гальяш.

Іншыя казалі: «Гэта Ілля». А яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў».
 
Яшчэ іншыя гаварылі, што гэта прарок, або адзін спасярод прарокаў.

Калі Ірад пачуў гэта, ён сказаў: «Гэта Ян, якому я адсек галаву, ажыў!»
 
Пачуўшы гэта ўсё Гэрад сказаў: "Гэта Ян, катораму адсёк я галаву, ён ппаўстаў з умёршых".

Бо сам Ірад паслаў схапіць Яна і закаваў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ён ажаніўся з ёй.
 
Бо сам Гэрад паслаў і схваціў Яна, скаваў яго ў вязьніцы дзеля Гэрад'яды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.

Бо Ян казаў Іраду: «Недазволена табе мець жонку брата твайго».
 
Ян сварыўся на Гэрада: "Нельга табе мець за жонку, жонку брата свайго".

Таму Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла,
 
Гэрад'яда цікавала на яго і хацела яго (зьнішчыць) загубіць, але не магла,

бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай.
 
бо Гэрад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы ды сьвяты. Сьцярог яго ды шмат чаго рабіў з волі яго, ахвотна слухаў.

І настаў зручны дзень, калі Ірад прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім у дзень сваіх народзін.
 
З нагоды сваіх уродзін Гэрад устроіў баль для князёў, начальнікаў — трыбунаў і старшынь Галілейскіх.

Калі ўвайшла дачка Ірадыяды і танцавала, яна спадабалася Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе».
 
А калі дачка Гэрад'яды паявілася на балі і танцавала, спадабалася Гэраду і субяседнікам — кароль сказаў дзяўчыне: "Прасі мяне, што хочаш а я дам табе".

І шмат у чым пакляўся ёй: «Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства».
 
І пакляўся ёй: аб што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы нават палавіну каралеўства свайго. Яна выйшаўшы спыталася ў маці сваёй: "Чаго мне ппрасіць?"

Яна выйшла і сказала маці сваёй: «Чаго мне папрасіць?» Тая адказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».
 
Тая ж сказала: Галавы Яна Хрысьціцеля.

Яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты зараз жа даў мне на місе галаву Яна Хрысціцеля».
 
Дык яна борзда пабегла да караля і прасіла: "Хачу каб зараз даў ты мне галаву Яна Хрысьціцеля".

Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, не захацеў ёй адмовіць.
 
Дык засмуткаваў (зажурыўся) кароль дзеля гэнае клятвы ды деля субяседнікаў не хацеў ёй адмаўляць.

Таму адразу кароль паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву.
 
Паслаў ката, загадаў прынесьці галаву яго ў місе.

Затым прынёс на місе ягоную галаву і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.
 
Кат пайшоў, адсёк галаву ў вязьніцы ды прынёс галаву яго ў місе, ды падаў дзяўчынцы. А дзяўчынка аддала яе сваёй маці.

Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі, забралі ягонае цела і паклалі яго ў магілу.
 
Пачуўшы пра гэта вучні Яго — прыбылі, забралі Яго цела і палажылі яго ў гробе.

Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
 
Па павароце да Езуса Апосталы расказалі Яму ўсё, што рабілі і чаго вучылі.

А Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці.
 
Езус сказаў ім: "Ідзіце вы адны на пустыннае месца, ды аддыхніце крыху". Бо многа было тых, што прыходзілі і адходзілі. Нават на яду ня мелі часу.

Таму адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.
 
Дык сеўшы ў лодку адплылі на адлюднае месца адны.

Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх.
 
Але многа бачыла іх адплываючых і дадумаўшыся куды, зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў і выперадзілі іх.

Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць.
 
Выйшаўшы на бераг Езус убачыў вялікі натоўп людзей і пашкадаваў іх, бо былі як авечкі без пастыра і пачаў іх вучыць многа чаго.

Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя;
 
А калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні яго і казалі: "Тут пустыннае месца, а час ужо позьны,

адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці».
 
адпусьці іх каб пайшлі да бліжэйшых пасяленьняў і вёсак, ды купілі сабе штосьці паесьці".

Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?»
 
У адказ сказаў ім Езус: "Вы дайце ім есьці". Яны адказалі: "Няўжо маем ісьці і куппіць за дзьвесьце дэнараў хлеба, і даць ім есьці?"

А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны».
 
Езус спытаўся ў іх: "Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!" А калі праверылі, сказалі: "Пяць і дзьве рыбы".

Тады загадаў ім пасадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
 
Дык загадаў ім пасадзіць усіх на зямлі, на зялёнай траве, грамадамі(кучамі).

І паселі групамі па сто і па пяцьдзясят.
 
Дык расьселіся, як падзелена, грамада за грамадой: па сто і пяцьдзесят.

Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
 
Езус узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы глянуў у неба, пабагаславіў, паламаў хлябы і даваў вучням сваім, каб падавалі людзям (клалі перад імі). І дзьве рыбы разьдзялілі між усіх.

Усе елі і насыціліся.
 
Усе елі, наеліся.

І сабралі дванаццаць поўных кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы.
 
З астаткаў кавалкаў і рыбаў сабралі дванаццаць кашоў.

А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.
 
Тых, што елі было пяць тысяч людзей.

І адразу загадаў вучням сваім увайсці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей.
 
Мігам змусіў Езус вучняў сваіх сесьці ў лодку і перад Ім плысьці на другі бераг у Бэтсайду — пакуль Ён адпусьціць людзей.

Развітаўшыся з імі, Ён пайшоў на гару памаліцца.
 
І адправіўшы іх сам пайшоў на гару маліцца.

Калі настаў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе.
 
Калі сьцямнела лодка знаходзілася на сярэдзіне мора, ён жа адзін на зямлі (сушы).

Убачыўшы іх знясіленых ад веславання, бо ім дзьмуў сустрэчны вецер, каля чацвёртай варты ночы Ён прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсці міма.
 
А бачачы іх, як працавалі вёсламі, бо дуў праўціўны вецер, каля чацьвёртай варты ноччу прыйшоў да іх ідучы па моры ды маніўся мінуць іх.

Калі ж яны ўбачылі, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, таму закрычалі.
 
Але яны, убачыўшы Езуса, ідучага па моры, думалі, што гэта зданьне і закрычалі.

Бо ўсе, убачыўшы Яго, спалохаліся. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў ім: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!»
 
Усе бо відзелі яго і стрывожыліся. Ён зараз прагаварыў да іх, ды сказаў ім: "Майце давер, гэта Я, ня бойцеся!"

І ўвайшоў да іх у човен, а вецер сціх. Яны вельмі здзіўляліся,
 
Затым увайшоў у лодку да іх, а вецер сьціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў душы,

бо не разумелі цуду з хлебам, таму што сэрца іхняе было скамянелае.
 
Бо нічога не зразумелі сэнсу хлябоў, бо сэрца іх было засьлеплена.

Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт і прысталі да берага.
 
А калі пераплылі, апынуліся на зямлі Гэнэзарэт і падйышлі да берагу.

Калі яны выйшлі з чоўна, людзі, адразу пазнаўшы Яго,
 
А заледзь выйшлі з лодкі, адразу пазналі Яго людзі.

аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся.
 
І разьбегшыся па ўсёй той ваколіцы пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе як чулі — знаходзіўся Езус.

І куды б Ён ні прыходзіў, у паселішчы, гарады ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго дазволіць ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. І тыя, што дакраналіся да Яго, выздараўлівалі.
 
І калі ўваходзіў у якое колечы пасяленьне або горад, клалі перад Ім хворых на дарогах і прасілі Яго, каб хоць краю Яго адзеньня маглі дакрануцца. А колькі з Іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.