2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі і, выракаючыся таго, хто адкупіў іх, Валадара, наклічуць на сябе хуткую згубу.
Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, якія ўцягваюць у згубныя секты і, адцураўшыся Таго Валадара, Які іх адкупіў, рыхтуюць сабе скорую загубу.
Многія пойдуць за іх разбэшчанасцю, і праз іх шлях праўды будзе зняважаны.
І многія пойдуць слядамі іх распусты, і дарога праўды з-за іх знеслаўляцца будзе.
У хцівасці будуць лавіць вас ліслівымі словамі. Прысуд ім даўно гатовы, і згуба іх не абміне.
І яны ў хцівасці будуць лавіць вас ілжывымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і згуба іх не абміне.
Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, звязаўшы путамі цемры, скінуў у адхлань, каб там чакалі суда;
Бо калі зграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, звязаўшы путамі пякельнай цемры, аддаў захаваць на суд;
калі не пашкадаваў таксама даўняга свету, але паслаў патоп на бязбожных, захаваўшы толькі восем асобаў разам з Ноем, веснікам справядлівасці;
і калі не пашкадаваў першага свету, а ўхаваў толькі васьмярых з Ноем, прапаведнікам справядлівасці, наводзячы патоп на бязбожны свет;
і калі гарады Садому і Гамору, асудзіўшы на знішчэнне, абярнуў у попел, як перасцярогу бязбожнікам,
таксама гарады Садом і Гамору, ператварыўшы ў попел, асудзіў на згубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,
а справядлівага Лота, змучанага распусным жыццём нягоднікаў, уратаваў,
і выратаваў справядлівага Лота, што пакутаваў ад распусных паводзін нягоднікаў, —
бо гэты справядлівы, жывучы сярод іх і чуючы ды бачачы ўчынкі беззаконня, штодня зведваў пакуты справядлівай душы,
бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень сваю справядлівую душу крыжаваў іх бязбожнымі ўчынкамі, каторыя бачыў і аб каторых чуў, —
то ведае Пан, як уратаваць пабожных ад выпрабавання, а несправядлівых захаваць на дзень суда,
дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэння, а несправядлівых захаваць на пакаранне ў дзень суда,
асабліва тых, што служаць целу ў нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць Божай уладай. Дзёрзкія, ганарыстыя, не баяцца нават зневажаць нябесныя істоты,
а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што не баяцца блюзніць на вышэйшых,
тады як анёлы, хоць большыя сілаю і моцаю, не асуджаюць іх перад Панам.
у той час як анёлы, большыя за іх сілай і магутнасцю, не выносяць перад Госпадам прысуд супраць іх блюзнення.
А яны, як неразумныя жывёлы, народжаныя паводле прыроды на ўлоў ды ўбой, зневажаюць тое, чаго не ведаюць, таму як гэтыя жывёлы будуць знішчаныя
Яны, як неразумныя жывёлы, што прызначаны з натуры сваёй на злаўленне і знішчэнне, блюзняць на тое, чаго не разумеюць, ды ў нікчэмнасці сваёй будуць знішчаны,
і атрымаюць адплату за несправядлівасць. Шчасцем лічаць яны штодзённую асалоду; бессаромныя і распуснікі, яны знаходзяць асалоду ў сваіх ашуканствах, банкетуючы з вамі.
яны атрымаюць плату за несправядлівасць. За асалоду ўважаюць штодзённую раскошу; сараматнікі і агіднікі, асалоду знаходзяць у распуснасці сваёй, банкетуючы з вамі.
Вочы іхнія напоўнены чужаложствам і няспынным грахом; яны зводзяць слабых; іх сэрца прывучана да нажывы; гэта сыны праклёну.
Вочы іх поўныя чужаложства і няспыннага граху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іх апанаваны хцівасцю, яны — сыны праклёну;
Яны пакінулі просты шлях, заблукалі, сышоўшы на дарогу Балаама, сына Басора, які палюбіў несправядлівую ўзнагароду,
сышоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама Басорава, які ўзлюбіў плату за несправядлівасць,
але быў асаромлены за сваё беззаконне: бязмоўная ўючная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла шаленства прарока.
але быў пакараны за сваё злачынства: пад’ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала неразумнасць прарока.
Гэта крыніцы бязводныя, хмары, што бура ганяе; для іх падрыхтаваны змрок цемры.
Яны — крыніцы без вады, воблакі, віхрам гнаныя, якія чакае туман цемры [на векі].
Бо, прамаўляючы надзьмутыя і пустыя словы, яны зводзяць праз пажадлівасць цела і распусту тых, хто ледзь толькі ўцёк ад заблукалых.
Пыхліва і марна гаворачы, яны прывабліваюць да пажадлівасці цялеснай і распусты тых, што замала асцерагаюцца аблуд ды пражываюць у блудзе;
Яны абяцаюць ім свабоду, хоць самі застаюцца нявольнікамі знішчэння, бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі нікчэмнасці; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
Калі ж, уцёкшы ад сапсаванасці свету праз пазнанне нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, зноў, заблытаўшыся, паддаюцца ёй, то апошняе для іх горшае за першае.
Бо калі хто ўцякае ад брыдот свету праз пазнанне Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста, а потым зноў, заблытаўшыся, захапляецца імі, дык апошнія яго справы горшыя за папярэднія.
Бо лепш было б ім не ведаць дарогі справядлівасці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенай ім святой запаведзі.
Лепш было б ім дарогі справядлівасці не ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім святога прыказання.
Сталася з імі паводле слушнай прыказкі: «Сабака вяртаецца да сваіх ванітаў, а вымытая свіння — у брудную лужыну».
Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: «Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіння памытая — да бруднай лужыны».