Яна 6 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Пасля гэтага Езус адышоў за Галілейскае, або Тыберыядскае мора.
 

Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі знакі, якія чыніў над хворымі.
 

І ўзышоў Езус на гару, і сядзеў там са сваімі вучнямі.
 

А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.
 

Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: «Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?»
 

А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.
 

Філіп адказаў Яму: «Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць ім, каб кожнаму дасталося хоць крыху!»
 

Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:
 

«Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?»
 

Езус сказаў: «Загадайце людзям сесці». А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч.
 

Езус узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў.
 

А калі насыціліся, кажа вучням сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася».
 

Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся ў тых, хто еў.
 

Калі ж людзі ўбачылі, які знак учыніў Езус, казалі: «Ён сапраўды прарок, які павінен прыйсці на свет!»
 

Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.
 

Калі настаў вечар, вучні Ягоныя сышлі да мора і,
 

сеўшы ў човен, паплылі на другі бераг мора ў Кафарнаум. Ужо сцямнела, а Езус не прыходзіў да іх.
 

Ад моцнага ветру хвалявалася мора.
 

Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, убачылі Езуса, які ішоў па моры і набліжаўся да чоўна, і спалохаліся.
 

Ён жа сказаў ім: «Гэта Я, не бойцеся!»
 

Хацелі ўзяць Яго ў човен, але човен адразу прыстаў да берага, куды яны плылі.
 

На наступны дзень натоўп, які заставаўся на другім беразе мора, заўважыў, што там быў толькі адзін човен і што Езус не сядаў у човен разам з вучнямі, а яны адплылі адны.
 

Таксама іншыя чаўны прыплылі з Тыберыяды непадалёк ад таго месца, дзе спажывалі хлеб, калі Пан узнёс падзяку.
 

Калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса.
 

Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»
 

Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся.
 

Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!»
 

А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?»
 

Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».
 

Яны ж сказалі Яму: «Які ж Ты зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?
 

Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есці”».
 

Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба.
 

Бо хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету».
 

Тады сказалі Яму: «Пане, давай нам заўсёды такі хлеб».
 

Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.
 

Але Я сказаў вам, што вы таксама бачылі Мяне, але не верыце.
 

Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, Я не адкіну,
 

бо Я сыйшоў з неба не для таго, каб чыніць сваю волю, але волю таго, хто Мяне паслаў.
 

А воля таго, хто паслаў Мяне, такая, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але каб уваскрасіў у апошні дзень.»
 

Бо такая воля Айца Майго, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае. І Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 

Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба»,
 

і казалі: «Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я сышоў з неба”?»
 

Езус сказаў ім у адказ: «Не абурайцеся паміж сабою.
 

Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 

У Прарокаў напісана: “Усе будуць навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
 

І не таму, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца.
 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
 

Я — хлеб жыцця.
 

Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі.
 

Гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто з’есць яго, не памёр.
 

Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».
 

Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: «Як Ён можа даць нам есці сваё цела?»
 

Езус жа сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця.
 

Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 

Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой.
 

Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім.
 

Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву праз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне.
 

Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі».
 

Гэта Ён сказаў у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.
 

Пачуўшы гэта, многія з вучняў Ягоных сказалі: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?»
 

Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае?
 

А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
 

Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём.
 

Аднак ёсць сярод вас тыя, хто не верыць». Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць.
 

І сказаў: «Для таго гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом».
 

З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім.
 

Тады Езус сказаў Дванаццаці: «Ці і вы таксама хочаце адысці?»
 

Адказаў Яму Сымон Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця.
 

А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога».
 

Адказаў ім Езус: «Ці не дванаццаць Я вас выбраў? І адзін з вас — д’ябал».
 

Казаў жа пра Юду Сымона Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, будучы адным з Дванаццаці.